Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Гукавая карціна планеты». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
4 чэрвеня 2018
«Музычны дзённік. Гукавая карціна планеты». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Фінал мая азнаменаваўся цікавай замежнай падзеяй з удзелам беларускіх музыкантаў – з 26 па 28 мая ў Маскве прайшоў 39-ты Міжнародны фальклорны фестываль «Euroradio Folk Festival». Ён лічыцца адной з самых важных падзей Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Па-сутнасці, гэта адкрытая пляцоўка для шырокай прэзентацыі ўсіх музычных стыляў і жанраў, якія сёння існуюць у еўрапейскай фолк-музыцы. У свята даволі багатая гісторыя. Першы фестываль адбыўся ў 1980 годзе, і зараз форум называюць другім па значнасці пасля песеннага конкурсу “Еўрабачанне”. За час існавання ў ім прынялі ўдзел больш за дзве тысячы не толькі еўрапейскіх выканаўцаў, але і з Аўстраліі, Паўднёвай Карэі, Японіі, Кітая і ЗША. Шырокая геаграфія – адна з асаблівасцей свята, якое кожны год вандруе па розных краінах Еўропы, дае магчымасць пазнаёміцца з рознымі культурнымі традыцыямі, асаблівасцямі фальклору, яго сучасным абліччам. Важна і тое, што артысты апынаюцца ў пэўным культурным асяроддзі, атрымліваюць новыя ўражанні, якія, безумоўна, узбагачаюць творчасць. Сёлета выступленні ўдзельнікаў прайшлі ў канцэртнай зале тэлевізійнага цэнтра “Астанкіна”. Дарэчы, Масква другі раз становіцца сталіцай еўрапейскага фальклору. Яна ўжо прымала фестываль у 2008 годзе. А сёлета на яго прыехалі прадстаўнікі 17 краін. Згодна з рэгламентам свята, кожная каманда для выступлення мела 50 хвілін. Беларусь, па рэкамендацыі Белтэлерадыёкампаніі, прадставіла ўладальніца Гран-пры Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” Патрыцыя Свіціна. Разам з музыкантамі свайго этна-праекта яна прэзентавала сольную праграму са старажытных беларускіх песень. Гэта пазаабрадавая лірыка, песні пра каханне, вясельныя, таксама абрадавыя. Асабліва горача прысутныя віталі кампазіцыю “Ляцела страла” са старажытнага палескага абраду ваджэння і пахавання стралы. Уражанне ад выступлення Патрыцыі ўзмацняла гарманічнае перапляценне народных і акадэмічных музычных інструментаў, старадаўніх мелодый і сучасных аранжыровак. Усё гэта стварала адмысловае гучанне, якое, з аднаго боку, заглыбляла ў далёкую мінуўшчыну, з іншага, было прасякнута пульсам сённяшняга дня. Многія адзначылі, што выступленне артысткі сімвалізавала важную фестывальную і агульную еўрапейскую тэндэнцыю – цікавасць да фальклору маладога пакалення і сінтэз з іншымі музычнымі накірункамі, што па-сутнасці спрыяе нараджэнню новых ф’южн жанраў. У сваім імкненні ахапіць неабдымнае Патрыцыя не адзінокая. Кожны з удзельнікаў імкнуўся здзівіць чымсьці арыгінальным. У поўнай меры гэта ўдалося Рагавому аркестру з Санкт-Пецярбурга пад кіраўніцтвам Сяргея Палянічкі. Калектыў адраджае жанр, які ўзнік ў Расіі ў сярэдзіне 18 стагоддзя, калі дырэктар Імператарскіх тэатраў граф Нарышкін вырашыў палепшыць гучанне паляўнічых труб і дасягнуў, на думку многіх, фантастычнага выніку. Спалучэнне гучання простых рагоў нагадвала арган і ўразіла вышэйшую знаць. Пры двары было створана некалькі аркестраў. Неўзабаве барская забава ператварылася ў мастацтва, без якога не абыходзіліся прыёмы, балі, дзяржаўныя цырымоніі, публічныя канцэрты... Больш за сто гадоў рагавая музыка ў Расіі не мела канкурэнтаў, пакуль у моду не ўвайшлі еўрапейскія духавыя аркестры. Заснавальнік і мастацкі кіраўнік калектыву Сяргей Палянічка захапіўся адраджэннем старадаўняй традыцыі і разам з калектывам робіць свой уклад у захаванне культурнай спадчыны краіны, хаця аркестр выконвае самую розную музыку, у тым ліку і заходнееўрапейскую. У сваіх творчых эксперыментах выкарыстоўвае спалучэнне з музычнымі інструментамі народаў свету. Асабліва ўразіла выкарыстанне армянскага дудука, адзінага ў свеце інструмента, які здольны імітаваць плач жанчыны. Класічныя і народныя выканальніцкія традыцыі перапляліся ў выступленнях практычна ўсіх калектываў. “Анаталійскі камерны ансамбль”, які прадставіла Турэцкая радыётэлевізійная карпарацыя, увасобіў рысы двух асноўных тыпаў турэцкай музыкі – гарадской і сельскай. Шведска-фінскае трыа “FOLK AVANT” стварае ўласную музыку, абапіраючыся на фальклор. Сярод удзельнікаў не толькі еўрапейскія музыканты, але і прадстаўнікі Рэспублікі Карэя і Кітая. У тым ліку і ў гэтай адкрытасці ўнікальнасць Euroradio Folk Festival. Мэта ствараць новую музыку аб’яднала ўдзельнікаў карэйскага ансамбля “Хона”, выступленне якога было прасякнута шаманскімі рытмамі. Зрэшты, гаварыць пра музыку – справа няўдзячная, яе трэба слухаць. Магчымасць неўзабаве з’явіцца. Запісы выступленняў вяла радыёстанцыя “Арфей”. Праз некаторы час яны будуць прапанаваны для трансляцыі радыёканалам Еўрапейскага вяшчальнага саюза. На гэта звярталася ўвага і падчас сустрэчы прадстаўнікоў кампаній і радыёканалаў, якія ўваходзяць у Еўрапейскі вяшчальны саюз. Апрача абмену меркаваннямі, кожны з удзельнікаў прэзентаваў свае праекты, дзяліўся вопытам, спадзяваннямі на тое, што гэты ўнікальны фестываль будзе не толькі існаваць, але і развівацца. У гэтым не даводзіцца сумнявацца, бо тэма фальклору – невычэрпная. Гэта асобны, яркі, жывы і разнастайны свет, які ўвесь час узбагачаецца новымі гукамі. І ў гэтым будучыня не толькі самой музыкі, але і фестывалю, які, па-сутнасці, стварае гукавую карціну планеты.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: