Падзяліцца:
30 мая 2017
Усім вядома распаўсюджаная прымаўка - адзін у полі не воін. І хаця жыццё паказвае, што бывае і наадварот, усё ж разам прасцей рэалізоўваць і развіваць якую-небудзь ідэю. Таму невыпадкова ў культурнай прасторы нашай краіны нядаўна з’явілася новае творчае аб’яднанне – Беларуская асацыяцыя харавых дырыжораў. Яе нараджэнне падказаў час. Мне неаднаразова даводзілася чуць, што ў апошнія дзесяцігоддзі цікавасць да харавога мастацтва значна паменшылася. Так, складана не пагадзіцца, што зараз у моладзі назіраецца актыўны інтарэс да поп-музыкі. Пра гэта сведчыць і запатрабаванасць шматлікіх конкурсаў, тэлепраектаў, накшталт “Голасу”, “Еўрабачання”... Не пабаюся сказаць, што харавыя спевы ў многіх нават асацыіруюцца з чымсьці архаічным. Дарэчы, у свой час, яшчэ гадоў дваццаць таму, знакаміты хормайстар, прафесар Віктар Роўда выказваў заклапочанасць гэтай праблемай і нават гаварыў пра крызіс харавога мастацтва, маючы на ўвазе найперш яго прафесійную галіну. І ўсё ж, насуперак агульнай тэндэнцыі, увесь гэты час харавая справа жыла, развівалася, у многім дзякуючы і вучням Віктара Уладзіміравіча. Сярод самых актыўных – Інэса Бадзяка, якая і стала старшынёй Беларускай асацыяцыі харавых дырыжораў. Зрэшты, вучнямі Віктара Роўды лічаць сябе ўсе, хто спяваў у студэнцкім хоры Акадэміі музыкі, якім доўгія гады кіраваў маэстра. На чале з Віктарам Уладзіміравічам калектыў часта выступаў за мяжой, выязджаў на буйныя харавыя святы ў Прыбалтыку. Многія з былых студэнтаў з захапленнем успамінаюць як нават не тысячы, а некалькі дзясяткаў тысяч чалавек аб’ядноўваліся ў адзіны вялікі хор. Зараз гэтыя святы, якія, дарэчы, па-ранейшаму праводзяць нашы балтыйскія суседзі, унесены ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Ініцыятары асацыяцыі харавых дырыжораў, якая ўтворана ў межах Беларускага саюза музычных дзеячаў, ставяць перад сабой мэту аб’яднаць самых актыўных хормайстраў розных пакаленняў і розных жанраў, не толькі адрадзіць былую цікавасць да харавога мастацтва, але і надаць яму новае дыханне. Тое, што гэта ўдасца зрабіць, я не сумняваюся. Гэтае ўстойлівае перакананне з’явілася ў мяне падчас канцэрта-прэзентацыі асацыяцыі на мінулым тыдні ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Удзельнікі - а гэта і дзіцячыя, і дарослыя студэнцкія калектывы, паказалі не толькі дастойны выканальніцкі ўзровень, але і сувязь пакаленняў, існаванне традыцый, пераемнасці, а самае галоўнае - падарылі сапраўдную радасць і адчуванне яднання. Я чарговы раз пераканалася ў трапнасці думкі, што ў харавых спевах асобныя сэрцы зліваюцца ў адно. Эмацыянальную танальнасць вечара стваралі не толькі розныя калектывы, але і розныя дырыжоры. Нягледзячы на індывідуальныя асаблівасці, кожны з іх сваім творчым пасылам імкнуўся падтрымаць ідэю, што ўвасоблена ў самой назве прэзентацыі “Мы разам!” Безумоўна, многія добрыя справы нараджаюцца дзякуючы энтузіястам, якія сваёй энергіяй, апантанасцю здольныя перадаць творчы запал іншым, аб’яднаць і павесці за сабой. Мяркуючы па ўсім, гэтую няпростую місію ўзялі на сябе загадчык кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кіраўнік Студэнцкага хору акадэміі Інэса Бадзяка і намеснік дырэктара Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі, старшыня Мінскай гарадской метадычнай секцыі па харавых дысцыплінах, кіраўнік некалькіх харавых калектываў Аляксей Снітко. Дарэчы, у многім дзякуючы яму ў Мінску з’явілася свята “Спявай, мая сталіца”, якое сёлета прайшло другі раз. А пра ўсе падзеі ў галіне харавой музыкі можна даведацца на Беларускім харавым інтэрнэт-партале, што таксама заснаваў Аляксей Снітко. Безумоўна, у наш тэхналагічны час лішне казаць пра неабходнасць гэтага праекта, які дапамагае музыкантам адчуваць сябе ўдзельнікамі сусветнай харавой супольнасці, шукаць і знаходзіць цікавыя творчыя кантакты. Гэтую задачу ставіць перад сабой і Беларуская асацыяцыя харавых дырыжораў. У яе бліжэйшых планах – удзел у летнім літоўска-беларускім творчым лагеры пад Вільнюсам, які ладзіць прафесар Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Свята Песні Літвы Вітаўтас Мішкініс. Восеню па ініцыятыве асацыяцыі распачнецца музычны цыкл “Харавыя легенды”, прысвечаны памятным і юбілейным датам кампазітараў, якія працавалі і працуюць ў гэтым жанры. Наогул, у асацыцыі грандыёзныя планы і шырокае поле дзейнасці, бо апрача прафесійнага выканальніцтва, у нашай краіне багата аматарскіх харавых калектываў, якім таксама неабходны творчы выхад. Я дакладна ведаю, што студэнты розных навучальных устаноў краіны – універсітэтаў, каледжаў з вялікім энтузіязмам, цікавасцю ідуць спяваць у хор. І справа тут не толькі ў рэалізацыі сваіх творчых імкненняў, але і ў неабходнасці адчуць эмацыянальнае яднанне, гармонію, наталіцца пазітывам і выдатным настроем, бо каштоўнасць харавога музіцыравання апрача ўсяго ў тым, якія думкі і пачуцці яно нараджае...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: