Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Квяцісты кастрычнік». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
1 кастрычніка 2018
«Музычны дзённік. Квяцісты кастрычнік». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Прынята лічыць, што свят многа не бывае. Яны ўпрыгожваюць любую пару года, а восень, якую многія лічаць самай некамфортнай, – асабліва. Кастрычнік падарыў нам шэраг прыгожых падзей. Безумоўна, самая кранальная – Дзень маці. Варта ўзгадаць і Дзень настаўніка, які мы адзначым праз тыдзень, і сённяшнія – Дзень пажылых людзей, і Міжнародны дзень музыкі, свята, асаблівае не толькі для музыкантаў, але і ўсіх аматараў самага дасканалага мастацтва. Напэўна, знойдуцца ахвотныя паспрачацца, але ж сведчанне таму – гісторыя чалавецтва, пастаянная неабходнасць людзей выказваць свае пачуцці на мове душы. І, як паказаў час, яна самая зразумелая. Варта пагадзіцца – чалавек жывы, тады калі ён можа адчуваць. А музыка дапамагае гэта рабіць найбольш поўна і глыбока. Таму невыпадкова, параўноўваючы розныя віды мастацтва, кажуць, што годнасць альбо дасканаласць кожнага можна ацаніць толькі ў параўнанні з выразнасцю музыкі, здольнасцю наблізіцца да яе па сіле эмоцый. Я з гэтым абсалютна згодная. Мяняюцца эпохі, стылі, густы, але музыка не старэе. Жыццё без яе немагчыма, гэтак жа, як немагчымы акіян без шторму. Дык навошта тады спецыяльнае свята, калі музыка і так гучыць паўсюль кожны дзень? Сярод магчымых адказаў самы просты – чарговы раз нагадаць пра яе магутную сілу, непадуладнасць часу, адчуванне адзінства, якое яна дорыць. Як вядома, міжнародны Дзень музыкі заснаваны музычным саветам пры ЮНЕСКА і адзначаецца з 1975 года. У розных краінах праходзіць і па-рознаму, і аднолькава. Звычайна ў праграме свята – канцэрты, творчыя сустрэчы, выставы музычных інструментаў... Дзесьці ладзяцца буйныя міжнародныя фестывалі, дзесьці адмысловыя праекты з падкрэслена нацыянальным каларытам. У гэтым сэнсе мяне асабліва зацікавіла Партугалія, дзе ў горадзе Эвара з 30 верасня на 1 кастрычніка праходзіць вялікая ноч фаду. Назва ўзнікла ад слова фатум, што аначае лёс. Гэты жанр, які можна параўнаць з кранальным гарадскім рамансам, называюць цудоўнай пярлінкай ў каралях паругальскай культуры. Фаду выконваюцца ў свабоднай імправізацыйнай манеры пад акампанемент партугеза – маленькай дванаццаціструннай гітары. Яны бываюць розныя па характары – лірычныя, драматычныя, але ў аснове – заўсёды гісторыя жыцця альбо глыбокае пачуццё. Фаду спяваюць і падчас адпачынку, і падчас работы, але ніколі не выкарыстоўваюць у якасці фону, бо лічыцца, што гэта гучыць сам лёс. Дарэчы, шматлікія дамы фаду -адна з адметнасцей Партугаліі. Яны асабліва цікавяць турыстаў, бо там можна не толькі паслухаць музыку, але і праспяваць свой лёс, карыстаючыся свабодным мікрафонам. У тым ліку і гэтым тлумачыцца асобая любоў да жанру, прасякнутага рамантыкай, душэўнасцю і глыбінёй. У адрозненне ад партугальцаў, якія адзначаюць Дзень музыкі ў камерных мінорных тонах, у многіх іншых краінах аддаюць перавагу мажорнай маштабнасці. Гэта і парады з удзелам розных аркестраў, і буйныя дабрачынныя праекты, і разнажанравыя фестывалі... Напрыклад, сёння ў Святланаўскай зале Маскоўскага Дома музыкі пачынаецца XV міжнародны фестываль “Масква сустракае сяброў”. Сёлета ён пройдзе пад патранатам ЮНЕСКА і Еўрапейскай асацыяцыі міжнародных юнацкіх конкурсаў. Фестываль – самы маштабны праект Міжнароднага Дабрачыннага фонду Уладзіміра Співакова. Цікава, што ў гонар Дня музыкі ў сталіцы Расіі адбудуцца бясплатныя паказы савецкіх музычных фільмаў. А ў нашай сталіцы таксама пройдуць цудоўныя імпрэзы. Адна з самых яркіх – гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра. Праграма захапляе не толькі суквеццем імён, але і разнастайнасцю. Прагучыць аркестравая музыка, фрагменты з любімых оперных і балетных спектакляў. Гэтым канцэртам артысты адзначаць не толькі Дзень музыкі, але і Міжнародны Дзень балета. Святу ўсяго некалькі гадоў, але да яго ахвотна далучаюцца тэатральныя трупы свету, вядуцца прамыя трансляцыі спектакляў, гледачам прапануецца зазірнуць у закуліссе. Такая ўжо асаблівасць музычнай артыстычнай прафесіі, што любое свята – заўсёды работа. І ў гэтым чароўнасць - адначасова прымаць віншаванні і радаваць сваім мастацтвам публіку. “Класікай для ўсіх” адзначыць сённяшні дзень Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з народным артыстам Беларусі Аляксандрам Анісімавым. У праграме прагучыць музыка Рымскага-Корсакава, Чайкоўскага і нашага сучасніка, кампазітара Вячаслава Кузняцова. Яго твор, які адкрывае праграму, мае пазітыўную і сімвалічную назву “Радасць з нагоды...” Яна абяцае і цудоўны настрой, і бездань эмоцый, і падтрымлівае ўпэўненасць, што сённяшні філарманічны вечар, насамрэч, стане святам для ўсіх. А яшчэ пераконвае ў трапнасці думкі, што музыка нам такая ж неабходная, як дружба, каханне, любоў і сама прырода. Са святам!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: