
Як ні дзіўна, пачатак верасня ў мяне асацыіруецца з пачаткам мая. Здаецца, усё самае галоўнае, цікавае і прыемнае толькі-толькі пачынаецца. На гэтыя думкі ў маі натхняе росквіт маладой зеляніны, а ў пачатку восені - актыўнасць калег, якія спяшаюцца даслаць прэс-рэлізы, запрашэнні, дзе абяцаюць россып уражанняў. Ну а я, у сваю чаргу, кожны раз абяцаю сабе, што пастараюся не прапусціць нічога важнага, значнага, а самае галоўнае - чароўнасць і адметнасць кожнага дня і занатаваць у душы ўсе яркія імгненні… Але ж дні бягуць адзін за адным, вадаварот будзённасці не спыняецца.. І вось я ўжо лаўлю сябе на думцы, што зноў схлусіла сама сабе, многае прайшло дзесьці побач, а я зноў спазнілася жыць. Але ж самабічаванне, напэўна, не лепшая справа… Калі ўдумацца, то ў гэтай будзённай плыні яркімі знічкамі мільгаюць асобныя падзеі, эпізоды, сустрэчы, з якіх насамрэч і складаецца жыццё. Яны падарылі радасць і сталі тымі яркімі фарбамі, пра якія хочацца не толькі ўспамінаць, але і занатоўваць. Пачынаючы свой музычны дзённік, мабыць, я пагаджуся з думкай, што любы дзённік жывы і сапраўдны толькі тады, калі сама душа прагне нечым падзяліцца з іншымі. Безумоўна, у маёй душы вось ужо 20 гадоў трывала жыве міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Упершыню як карэспандэнт Беларускага радыё, я наведала фестываль у 1997 годзе. Здаецца, прайшло цэлае жыццё, паспела вырасці цэлае пакаленне, а сам фестываль, змяняючы свае формы, па сутнасці застаўся святам, якое ў першую чаргу радуе ўсіх сваім існаваннем, незалежна ад зместу. Для некаторых гэта нагода і пляцоўка для сустрэч, для іншых - спосаб баўлення часу, а для кагосьці - крыніца пазнання і адкрыццяў. Мне ўсе фестывальныя праграмы даюць пазітыўны імпульс, але кожны год я выбіраю для сябе штосьці асабліва адметнае. Сёлета гэта мастацкія выставы, пра якія, на жаль, не ведае большасць публікі, бо яны ладзяцца ў камерных музейных залах. Але сімвалічна тое, што па сутнасці праграма 25 юбілейнага фестывалю мастацтваў пачалася з прэзентацыі твораў Івана Хруцкага. Яго імя не так вядома шырокай аўдыторыі але, безумоўна, работы майстра прымушаюць спыніцца і палюбавацца эфектнай прастатой і даступнасцю. Варта адзначыць, што па запатрабаванасці ў наведвальнікаў гэтая экспазіцыя нават не саступала работам Марка Шагала, якія таксама экспанаваліся ў гэты ж дзень. Для мяне мастацкай кульмінацыяй фестывалю стала прэзентацыя выставы “Таямнічы пояс эпоі Вітаўта” з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея. Паводле слоў дырэктара Алега Рыжкова, такіх артэфактаў у краіне больш няма. Невядома, ці насіў гэты пояс калісьці сам Вітаўт Вялікі, але адназначна ён належыць 15 стагоддзю. Такія экспазіцыі не толькі дазваляюць адчуць подых гісторыі, але і зачароўваюць усведамленнем імгненнасці часу. І мне хацелася б, каб такіх пазнавальных праектаў было як мага больш, і не толькі ў межах фестывалю мастацтваў. Гартаючы старонкі мінулага лета варта спыніцца ў Верхнім горадзе - месцы, якое апошнім часам стала культурным цэнтрам Мінска, дзе элітарныя музычныя жанры зрабілі сур’ёзны крок да шырокай публікі. Выступленні акадэмічных музыкантаў на вольным паветры не паставілі іх на адну прыступку з масавай культурай, хутчэй наадварот, наблізілі зусім розных людзей да жанраў, якія лічацца складанымі, незразумелымі, а, здараецца і непатрэбнымі. Спачатку “Джазавыя суботы ля Ратушы”, потым і “Класіка ля Ратушы” паказалі, што такая форма стасункаў публіцы асабліва да спадобы. І не толькі таму, што ў любы момант можна павярнуцца і пайсці ў якое-небудзь іншае месца. Я пераканалася, што падчас такіх канцэртаў адчуваецца магутная стваральная калектыўная энергія. Я з вялікім задавальненнем назірала, з якімі адухоўленымі тварамі абсалютна розныя людзі, у тым ліку і па ўзросце, аднолькава зацікаўлена слухалі сімфанічны аркестр, папулярную класіку, музыку сучасных беларускіх кампазітараў, якімі апладысментамі яны віталі выканаўцаў... І што важна, колькасць людзей на працягу музычнага вечара не памяншалася. Безумоўна, публіка мянялася, бо кагосьці вабіў салодкі водар шашлычка, якім можна было пачаставацца недалёка ад сцэны, кагосьці яшчэ што-небудзь, але большасць не спяшалася змяніць духоўную ежу на матэрыяльную. У маёй душы фінал музычнага лета пакінуў цёплае пачуццё ўтульнасці, спакою, гармоніі, хараства і ўпэўненасці ў тым, што, нягледзячы на залежнасць ад капрызаў надвор’я, абсалютна неабходна развіваць у краіне традыцыю фестываляў на вольным паветры, якія нездарма такія папулярныя ў многіх краінах свету. А сакрэт, мабыць, у тым, што гэтыя імпрэзы, апрача ўсяго, дораць адчуванне адзінства і непараўнальнай калектыўнай радасці.