
Як вядома, мастацтва адлюстроўвае атмасферу эпохі, рытмы часу, наогул, наша жыццё. Я мела магчымасць чарговы раз у гэтым пераканацца, наведаўшы канцэрт “Музычнае падарожжа праз стагоддзе”, што адбыўся ў сакавіку ў малой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Разам з ансамблем салістаў “Класік-авангард” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава і музыказнаўцай Наталляй Ганул мы здзейснілі захапляльную вандроўку ў першую палову XX стагоддзя, паслухалі творы выбітных польскіх і беларускіх кампазітараў.
Нягледзячы на тое, што гэта быў складаны гістарычны перыяд – перыяд канфліктаў, войн, катастроф, што, безумоўна, паўплывала на агульную танальнасць усёй тагачаснай мастацкай культуры, галоўная інтанацыя канцэрта была афарбавана ў рамантычныя колеры. Так, дынаміка тагачаснага жыцця патрабавала новых сродкаў выразнасці ў мастацтве, эксперыментаў, смелых ідэй, новых спосабаў іх увасаблення, але ж паралельна гэта быў перыяд апошняга росквіту рамантычнай музычнай культуры. Таму ў такой стракатай мастацкай палітры прыгожымі, яркімі і адначасова далікатна-пяшчотнымі фарбамі сталі творы Ігнацыя Яна Падарэўскага – вядомага кампазітара і піяніста.
У інтэрпрэтацыі ансамбля “Класік-авангард” іх каларыстычная прастора пашырыліся, раскрылася і ўзбагацілася. Тое ж можна сказаць і пра музыку іншых кампазітараў, якая гучала на канцэрце. Пераважна гэта былі творы, напісаныя для голасу альбо сольных інструментаў, па-майстэрску адаптаваныя Уладзімірам Байдавым для ансамблевага музіцыравання.
Упрыгажэннем праграмы стала музыка знакамітага Караля Шыманоўскага. Калыскай яго творчасці лічыцца багатая спадчына Шапэна, але кампазітар пайшоў далёка наперад і стварыў уласны непаўторны стыль. Ён адрозніваецца тонкасцю мастацкага густу, эмацыянальнасцю, далікатным выкарыстаннем фальклору. Усё гэта мы добра адчулі падчас “Музычнага падарожжа праз стагоддзе”. Яно падарыла не толькі цёплыя пачуцці, але і прымусіла задумацца аб перапляценні гістарычных падзей і чалавечых лёсаў.
І Ян Падарэўскі, і Караль Шыманоўскі нарадзіліся на ўкраінскай зямлі, але рэалізавалі сябе за межамі радзімы і прынеслі славу польскай музычнай культуры.
Тое ж можна сказаць яшчэ пра аднаго цудоўнага кампазітара, музыка якога гучала на канцэрце, нашага земляка Мечыслава Карловіча. Ён нарадзіўся ў мястэчку Вішнева (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і вядомага фалькларыста, музыканта Яна Карловіча, які ў свой час запісаў больш за 500 беларускіх народных мелодый і заклікаў даследаваць беларускую мову, народную творчасць і побыт. Безумоўна, усё гэта паўплывала на фарміраванне асобы і светапогляд кампазітара, бо Мечыслаў Карловіч у сваёй творчасці актыўна выкарыстоўваў матывы беларускіх народных песень. Іх можна пачуць і ў камернай музыцы, і ў знакамітай “Літоўскай рапсодыі”...
Дарэчы, да гэтага выдатнага твора некалькі гадоў таму звярнуўся Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі, не толькі выканаў у канцэрце, але і запісаў для фондаў Беларускага радыё. Так, Мечыслаў Карловіч лічыцца адным з заснавальнікаў польскай сімфанічнай класікі, але слухаючы яго камерныя творы ў праграме “Музычнае падарожжа праз стагоддзе”, мне падумалася, што спадчына гэтага выдатнага кампазітара эмацыянальна звязвае беларусаў і палякаў, і ў пэўным сэнсе сімвалізуе наша славянскае адзінства.
Маю думку падзяліў і спецыяльны госць канцэрта, Старшыня Саюза польскіх кампазітараў Мечыслаў Камінэк. Хачу падкрэсліць – асобна ён звярнуў увагу на вытанчаныя, зробленыя з вялікім мастацкім густам апрацоўкі Уладзіміра Байдава. Адзінае, што хочацца дадаць – сапраўды, душа, здаецца, узлятала ад іх маляўнічасці і сардэчнасці выканання. Наогул, сардэчнасць я назвала б своеасаблівым лейтматывам вечара, бо не толькі музыка, але і лёсы яе стваральнікаў выклікалі і захапленне, і суперажыванне.
Ва ўсе часы кола гістарычных падзей па-рознаму ўплывае на жыцці людзей – ламае альбо робіць больш моцнымі, здараецца, забірае ў вечнасць альбо выносіць на грэбені хвалі. Беларусь стала другой радзімай для колішніх студэнтаў Варшаўскай кансерваторыі Генрыха Вагнера і Эдзі Тырманд. Ратуючыся ад трагічных ваенных падзей, у 1939 годзе яны апынуліся ў Мінску. Іх лёс можна назваць і драматычным, і шчаслівым. Яны вымушаны былі пакінуць сваіх родных, але выкарысталі шанс пачаць новае жыццё і з часам сталі яркімі прадстаўнікамі беларускага мастацва. Таму іх музыка, што прагучала ў фінале канцэрта, нібыта завяршыла мастацка-гістарычны партрэт эпохі, у якой, напэўна, яшчэ многа нязведанага і незнаёмага, бо творчы працэс бясконцы.