Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Музыка кіно: зразумець і адчуць больш, чым пачуў і ўбачыў...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
4 Снежня 2018
«Музычны дзённік. Музыка кіно: зразумець і адчуць больш, чым пачуў і ўбачыў...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Культурныя ўражанні апошняга тыдня натхняюць пагаварыць крыху пра музыку кіно – мы часта не задумваемся, але яе велізарную ролю ва ўспрыманні таго ці іншага фільма, сапраўды, немагчыма пераацаніць. Неабходна пагадзіцца, што яна нібыта адчыняе дзверы ва ўнутранае жыццё персанажаў. Так, тонкая сфера музыкі часта стварае альбо дапаўняе, завяршае непаўторную энергетыку стужкі. Упэўнена, у многіх з нас здаралася, калі, нягледзячы на, здавалася б, бездакорную ігру акцёраў, дакладную пабудову сюжэта, драматургіі, пасля прагляду заставалася адчуванне нейкай незавершанасці... Альбо наадварот – быццам бы на экране нічога дзіўнага не адбываецца, але праз некаторы час, так бы мовіць, цёплымі хвалямі накрывае адчуванне невытлумачальнага прысмаку. І часта яго сакрэт менавіта ў дакладным трапленні музыкі. Безумоўна, гэта адбываецца не заўсёды, але ёсць у гісторыі кінематографа ідэальныя прыклады такога супадзення. І, канечне ж, сярод іх фільмы, якія прайшлі ў Мінску у межах праекта “Уікэнды з Бергманам”, прысвечанага 100-годдзю знакамітага рэжысёра. Мне пашчасціла выкраіць час на некалькі стужак і, напэўна, нікога не здзіўлю, калі скажу, што засталася пад магутным уражаннем. Хутчэй чарговы раз здзіўлюся сама сабе. Гэта той выпадак, калі неаднойчы пераглядаючы адзін і той жа сюжэт, пастаянна адкрываеш штосьці новае. Як і ў добрай музыцы – чым больш слухаеш, тым больш чуеш. У гэтым выпадку – чым больш глядзіш, тым больш бачыш і, адпаведна, адчуваеш. А яшчэ пераконваешся, што невыпадкова Бергмана называюць адным з самых музыкальных рэжысёраў XX стагоддзя. У адным з яго інтэрв’ю я прачытала: “Словы створаны для таго, каб хаваць рэчаіснасць... Музыка больш надзейна перадае сапраўднае значэнне думкі”. Напэўна, нельга, але так хочацца дапоўніць – і душы, паколькі мастацкі свет Інгмара Бергмана – гэта ў першую чаргу глыбокае пранікненне ў найтанчэйшую псіхалогію чалавека. Немагчыма адарвацца ад вачэй герояў яго фільмаў. Нібыта чытаеш, угадваеш у іх уласныя думкі, пачуцці, жаданні... Глядзіш, слухаеш, унікаеш у сутнасць таго, што адбываецца на экране, адпаведна пачынаеш не толькі разумець, але і адчуваць сэрцам, што такое аўтарскае кіно. Асабіста мяне, апрача ўсяго, яно ўражвае нейкай стыхійнасцю пачуццяў і бездакорнасцю думкі. Так, уражанні – гэта, бадай, самае галоўнае, што павінен пакідаць любы твор мастацтва, незалежна ад жанру. У гэтым сэнсе мне нядаўна пашчасціла яшчэ на адзін сюжэт. “Багемская рапсодыя” – выдатны фільм, прысвечаны легендарным Фрэдзі Мэрк’юры і «Queen». Прызнаюся – ішла ў кінатэатр з супярэчлівымі думкамі, баялася расчаравання і нават пэўнага пачуцця пратэсту. Успамінаю, што некалькі гадоў таму перажыла штосьці падобнае пасля прагляду фільма «Спасибо, что живой», прысвечанага Уладзіміру Высоцкаму, які пакінуў нават не расчараванне, а абурэнне. Як і ў кожнага чалавека, у мяне ёсць не тое, каб свае куміры, але асобы, творчасць якіх выклікае ў душы не проста хваляванне, а нейкі магутны парыў. І самая дробная фальш альбо намёк на яе, парушэнне, разбурэнне сфарміраванага ўражання, параджае непрыняцце і раздражненне. У выпадку з “Багемскай рапсодыяй”, мне здаецца, стваральнікам удалося вытрымаць і выразіць слоган фільма «Круцей за іх музыку толькі іх гісторыя». Нерв існавання групы, узаемаадносін музыкантаў і, канечне ж, неардынарнасць асобы яе выдатнага саліста паказаны ярка і пераканаўча. Акцёр Рамі Малек перасягнуў немагчымае. Настолькі ідэальны і дакладны ў вобразе, што здавалася, мы бачым на экране самога Фрэдзі Мэрк’юры. Усё вянчае ўзрушальная музыка. На працягу фільма хацелася і падпяваць, і плакаць. Асабліва ў кульмінацыі – выступленні «Queen» на дабрачынным фестывалі «Лайв Эйд» на стадыёне Уэмблі. Гэта фінальная частка стужкі, як кажуць, разарвала на шматкі мозг і пачуцці. Але гаварыць – справа няўдзячная, усё трэба бачыць, чуць... Таму рэкамендую паглядзець “Багемскую рапсодыю” нават тым, хто спакойна ставіцца да творчасці «Queen» і Фрэдзі Мэрк’юры. І яшчэ колькі слоў. У тым ліку дзякуючы выдатнаму акцёрскаму трапленню, сэрца безумоўна прымае галоўнага героя цалкам, з усім яго няпростым, нават складаным псіхалагічным “замесам”. Гэта той выпадак, калі таленавітым людзям даравальна ўсё, а ў іх самаспальванні ёсць, напэўна, асаблівы творчы сэнс. Таму адна з самых знакамітых і апошніх кампазіцый «Queen» і Фрэдзі Мэрк’юры – «Шоў павінна працягвацца» — прагучала ўжо на цітрах, як Рэквіем па Лягендзе...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: