Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Музыка Ражаства». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
26 снежня 2017
«Музычны дзённік. Музыка Ражаства». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Кажуць, што чаканне свята лепш за само свята. Сапраўды, складана з гэтым не пагадзіцца, бо чаканне – гэта мара, а мара – часта проста ілюзія. Упэўнена, кожнаму з нас вядома пачуццё філасофскага расчаравання, калі жаданні не супадаюць з магчымасцямі альбо надзеі не сустракаюцца з рэальнасцю. У асноўным я падзяляю гэтыя думкі, але толькі не ў дачыненні да Ражаства і Новага года. Пагадзіцеся, ёсць у зімовых святах нешта асаблівае, што напаўняе нас жыццёвай энергіяй. Нягледзячы на тое, што цуды, якія мы так чакаем, здараюцца далёка не заўсёды. Дык гэта і не патрэбна! Галоўнае – настрой, які мы можам дарыць сваім сябрам, родным і блізкім. Іншымі словамі дзяліцца дабром! Ну, а самае добрае свята года само па сабе захапляе і сваёй гісторыяй, і традыцыямі, і хвалюючай атмасферай, якая залежыць, у тым ліку і ад музыкі. А яна ў гэтыя дні розная, але сапраўды, асаблівая і не абмяжоўваецца адным жанрам. Кінем позірк на святочныя афішы. 25 снежня вялікім калядным канцэртам свой творчы год завяршыла этна-трыа “Троіца”. Калектыў называюць адной з самых загадкавых і містычных груп Беларусі. Усё тлумачыць творчая пазіцыя лідара Івана Кірчука: “Хочацца, каб людзі адчулі глыбіні”. Яе падзяляюць многія музыканты, але ўвасабляюць кожны па-свойму. Калі “Троіца” прываблівае дзіўным спалучэннем фальклору, архаікі і сучаснасці, то арт-група “Беларусы” – сваім прачытаннем знакамітых сусветных хітоў. Падчас учарашняга канцэрту ў зале “Верхні горад” публіка з задавальненнем здзейсніла святочную вандроўку па планеце і, дзякуючы не толькі праграме, але і стройнаму шматгалоссю, наталілася незабыўнымі эмоцыямі. Заўважу, што яны былі падрыхтаваны сольным выступленнем кіраўніка калектыву Валерыя Шмата, які ў гэты ж дзень у той жа зале выступіў з арганнай праграмай. Ён таксама прапанаваў музычнае падарожжа, але крыху іншае – па розных эпохах і жанрах, ад велічных харалаў да гарэзлівай «Jingle Bells». Дарэчы, сёлета гэтай мелодыі, якая стала сімвалам каляднага свята, 160 гадоў. Яна існуе ў самых розных версіях – ад класікі да хэві-метал. Так, кожны час мае сваю музыку, але тая, што гучыць на Ражаство, прайшла праз стагоддзі і застаецца заўсёды сучаснай. Яе каштоўнасць апрача ўсяго і ў тым, што людзі розных краін і эпох напаўнялі гэтыя творы чымсьці сваім, адметным, непаўторным, а галоўнае – адчуваннем радасці і веры ў любоў. Музыка Ражаства вякамі назапашвала сваю дзівосную энергію, таму, бадай, з аднолькавым захапленнем яе слухаюць і разумеюць у розных кутках свету. Мне здаецца, яе асаблівы эмацыянальны пасыл часткова можна патлумачыць словамі вялікага І.С.Баха: “Без любові да стваральніка любая музыка невыразнае мармытанне”. Славуты кампазітар напісаў больш за тысячу твораў. І ўсе яны асветлены любоўю. Сярод самых папулярных зараз – “Калядная араторыя”. Гэтая натхнёная музыка штогод упрыгожвае свята і лічыцца адным з самых вялікіх і светлых твораў, прысвечаных Ражаству. Адзін з такіх шэдэўраў і чароўны балет П. І. Чайкоўскага “Шчаўкунчык”. Цікава і дзіўна, але ў яго, як і ў музыкі Баха няпросты лёс. Гэтак жа, як спадчына славутага немца толькі ў ХІХ стагоддзі адкрылася свету, дзякуючы Мендельсону, так і балет Чайкоўскага не атрымаў поспех пры жыцці кампазітара. Прэм’ера “Шчаўкунчыка” адбылася ў 1892 годзе, але была прынята холадна. І толькі ў 1954-м, дзякуючы знакамітаму Джорджу Баланчыну і яго пастаноўцы ў Нью-Ёрку, “Шчаўкунчык”, калі казаць сучаснай мовай, стаў хітом харэаграфіі. Зараз ва ўсім свеце гэта любімы балет зімовага сезона, нават своеасаблівы святочны рытуал. Пра гэта, дарэчы, сведчыць і афіша Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра. Пачынаючы з 27 снежня бессмяротны балет Чайкоўскага можна будзе ўбачыць кожны дзень. І я ўпэўнена, што ўсе паказы пройдуць з аншлагам. У чым жа сакрэт такой прыцягальнасці? І ў пранізлівай эмацыянальнай сіле музыкі, і ў цудоўным сюжэце, які пераносіць у дзяцінства, у пару чакання цудаў, загадвання жаданняў і веры, што яны абавязкова здзейсняцца. Але самы галоўны адказ, мне думаецца, дае само свята. Яно настройвае нас на лепшае, нясе радасць, прыгажосць і вучыць нас мастацтву дабрыні. І калі мы будзем дзяліцца хаця б яго маленькімі часцінкамі, зіма для кожнага з нас будзе цёплай і ўтульнай, што ўжо само па сабе свята.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: