Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Музыка – самадастатковая вялікая эмоцыя...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
13 Лістапада 2018
«Музычны дзённік. Музыка – самадастатковая вялікая эмоцыя...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Неяк днямі пачула выпадкова знаёмую з дзяцінства мелодыю, сэнс якой у поўнай меры спасцігаеш толькі з цягам часу. Як бы банальна не гучала, але пагадзіцеся, чым больш сталееш, тым вастрэй адчуваеш: якое ж яно кароткае – гэтае асляпляльнае імгненне паміж мінулым і будучым. Меланхалічныя думкі перапыніла пранізлівае сола трубы. Яе свабодны палёт нібыта ўдыхнуў сілу, павёў за сабой, і восеньская імгла за акном аўтамабіля ўжо не падалася такой змрочнай, а непагодлівы вечар нават напоўніўся аксамітнай пяшчотай. Міжволі падумалася, што музыка, сапраўды, сама па сабе вялікая эмоцыя, якой не тое, каб зусім не патрэбныя словы, але яна напаўняе іх больш глыбокім сэнсам. Здавалася б, нічога дзіўнага. Усё і так зразумела, але калі па родзе дзейнасці даводзіцца часта бываць на самых розных канцэртах, спектаклях, імпрэзах, то пераконваешся, што не ўсё так проста. Камусьці ўдаецца павесці публіку за сабой, захапіць яе, як кажуць да дрыжыкаў, а камусьці і не надта... Хаця ўсе артысты выходзяць на сцэну прыкладна з аднолькавымі самымі лепшымі намерамі. Так і з сакрэтам творчага доўгажыхарства. Нечая зорка блісне на музычным небасхіле і знікне, а нечая непадуладна часу, свеціць дзесяцігоддзямі і становіцца нават больш яркай. Мне думаецца, многія гледачы, якія прыйшлі ў Палац Рэспублікі на нядаўні юбілейны канцэрт ансамбля «Сябры», адчулі і радасць, і задаліся пытаннем – як умудрыцца правесці калектыў праз 45 актыўных творчых гадоў, захаваць адзінства і прафесійную годнасць? Што гэта – мудрасць, жалезная воля і цвёрдая рука кіраўніка, вялікая любоў да сваёй справы, сцэны, публікі?.. Напэўна, усё адразу. Але, мне думаецца, за ўсім гэтым – сіла асобы лідара, спакойная ўпэўненасць на аднойчы абраным шляху. Сам Анатоль Ярмоленка тлумачыць сакрэт доўгажыхарства калектыву проста – не трэба гнацца за таннай папулярнасцю, а спяваць пра тое, што блізка кожнаму нармальнаму чалавеку. Так, «Сябры» спяваюць пра радзіму, любоў, каханне, дружбу, вернасць... Але неяк па-асабліваму цёпла. І кожную песню Анатоль Іванавіч адбірае сам, прычым, зноў жа па яго словах, душой. Калі кладзецца на сэрца, то раздумвае нядоўга. На мой погляд, гэтыя ключавыя словы – душа і сэрца – і вызначаюць поспех, які мы зусім нядаўна назіралі ў Палацы Рэспублікі. Дарэчы, таксама пры аншлагу, літаральна праз некалькі дзён, на той жа сцэне свой двайны юбілей адзначыла Іна Афанасьева. Безумоўна, гэта абсалютна розныя артысты, праграмы, розная аўдыторыя, у кожнага свая... Але абодва канцэрты аб’яднаў юбілейны настрой, а значыць асаблівая атмасфера свята. Сваіх прыхільнікаў спявачка парадавала, магчыма, нават здзівіла прыгожым шоў з яркай, цікавай сцэнаграфіяй і харэаграфіяй. Прыемна ўразіла і тое, што артыстка спявала не толькі ў суправаджэнні традыцыйнай музычнай групы, але і камернага аркестра. Сапраўды, праграма атрымалася маляўнічай, адначасова і дынамічнай, і кранальнай, па-сямейнаму ўтульнай. На мой погляд, гэтыя дзве падзеі заслугоўваюць самага сапраўднага знака якасці. Праўда, ёсць адзін момант, які крыху азмрочвае агульнае ўражанне. Падчас канцэрта «Сяброў» ад Анатоля Ярмоленкі мімаходзь прагучала слова «заключны». Іна Афанасьева выказалася больш рашуча. Яшчэ напярэдадні юбілейнай праграмы аб’явіла, што гэта будзе яе апошні сольны канцэрт. У сваёй размове са спявачкай я дапусціла здагадку, што яна, магчыма, вырашыла выкарыстаць даволі распаўсюджаны піяр-ход альбо проста вырваліся эмоцыі пад уплывам стомленасці ад напружанай падрыхтоўкі праграмы, а праз год-два, назапасіўшы ідэі і сілы яна памяняе сваё рашэнне... На што Іна нават не адказала, а пажадала, каб за гэты час беларусы ў сваю чаргу назапасілі сілы палюбіць сябе. Гэтыя словы прагучалі з пэўнай доляй горычы і вярнулі да вострай і даўно адкрытай актуальнай тэмы. Парадаксальна, але беларускім артыстам у сябе ж на радзіме чамусьці працаваць ой, як няпроста. І справа часта не ў якасці і таленце, а ва ўмовах існавання. Канцэртныя афішы страката зіхацяць раскручанымі замежнымі імёнамі. Гэта цудоўна, выбар павінен быць. Але ж вытрымліваць такую канкурэнцыю практычна немагчыма. Розныя рэкламныя ўмовы робяць сваю справу, таму, як сказаў адзін з вядомых беларускіх артыстаў, госці з суседняй краіны паспяхова «пыласосяць» гастролямі нашы прасторы. У гэтым сэнсе мяне зацікавіў вопыт некаторых еўрапейскіх краін, дзе даволі жорстка не абмяжоўваюць, але рэгулююць гэты баланс, што дае магчымасць падтрымліваць сваіх артыстаў і развіваць свой музычны рынак. Складана не пагадзіцца, што толькі так у гэтым кароткім імгненні паміж мінулым і будучым магчыма зберагчы сябе для наступных пакаленняў.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: