Падзяліцца:
Музычны дзённік. Народная песня – душа народа. Радыёблог Таццяны Якушавай (аудио)
17 кастрычніка 2016
Музычны дзённік. Народная песня – душа народа. Радыёблог Таццяны Якушавай (аудио) Вітаю вас, сябры! Напэўна, у кожнага з нас ёсць свой рэцэпт добрага настрою і душэўнай раўнавагі, але, мяркую, усё пагодзяцца з тым, што шчаслівае жыццё пачынаецца са спакою розуму. Як каму, але асабіста мне здабыць гэты спакой дапамагае наведанне кніжнай крамы. Прычым, я заходжу туды неабавязкова з мэтай штосьці купіць. Часцей за ўсё мяне кліча жаданне проста пабыць сярод кніг, пагартаць старонкі, адчуць іх жывое дыханне, паглядзець на цяперашнія (звычайна даволі яркія ў адрозненне ад ранейшых) вокладкі... А яшчэ жаданне адчуць водар дзяцінства, калі кнігі для многіх з нас былі галоўным захапленнем, а наведванне па суботах бібліятэкі - традыцыяй і нават своеасаблівым неабходным рытуалам. Ну, а зараз? Зараз зусім іншы рытм жыцця. На жаль, не заўсёды на кнігу хапае часу, таму і заходзіш у кніжную краму, як у музей. І ўсё ж я адчуваю неабходнасць у такіх візітах. Яны дапамагаюць набыць не толькі яснасць думкі, але і хвалююць душу. Без перабольшвання сапраўднае ўзрушэнне нядаўна ў мяне выклікала кніга “Песні пакінутых вёсак”. Яна навяла на розныя думкі, але галоўнае - пасяліла нават не надзею, а ўпэўненасць: кожны, хто яе адкрые не застанецца абыякавым. Найперш таму, што выданне “Песні пакінутых вёсак” знаёміць нас з фальклорнымі традыцыямі некалькіх раёнаў Палескага краю, што найбольш пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. У пэўным сэнсе гэта помнік тым вёскам, якіх ўжо няма і тым людзям, большасць з якіх ужо сышлі ў іншы свет. Адметнасць выдання яшчэ і ў тым, што песенныя матэрыялы, прадстаўленыя ў кнізе апублікаваны ўпершыню. Яны былі запісаны падчас фальклорных экспедыцый, калі яшчэ нічога не прадвяшчала бяды - у канцы 70-х пачатку 80-х гадоў і захоўваліся ў архівах Нацыянальнай Акадэміі навук. Само выданне – гэта прыгожы, маляўнічы альбом, над якім працаваў творчы калектыў на чале з акадэмікам, доктарам гістарычных навук, доктарам архітэктуры, прафесарам Аляксандрам Іванавічам Лакоткам. Выданне каштоўнае не толькі зместам, але і адмысловым афармленнем, якое таксама нясе багатую, цікавую інфармацыю пра людзей, якія жылі на гэтай зямлі, пра іх традыцыі, культуру. Кніга аздоблена фотаздымкамі, дзе адлюстраваны, у тым ліку і ручнікі - сімвалы беларускіх абрадаў і звычаяў. Альбом дае магчымасць не толькі пазнаёміцца з іх няпростай адмысловай мовай, але і адчуць яе сувязь з песняй. Безумоўна, немагчыма коратка расказаць пра тое, што патрабуе ўважлівага і ўдумлівага знаёмства. Хочацца проста падзяліцца жаданнем пацікавіцца гэтай кнігай, жаданнем прычыніцца да гістарычнай памяці. Здавалася б, мы ўсведамляем, што ў наш век глабалізацыі ўсё больш актуальным становіцца пытанне захавання ў сусветнай культурнай прасторы сваёй адметнасці, сваёй непаўторнай фарбы, імкненне зрабіць яе цікавай для іншых. Але каб быць цікавымі для кагосьці, неабходна быць цікавымі для саміх сябе. І вось тут на прыкладзе выдання “Песні пакінутых вёсак” я на дзіва сутыкнулася з меркаваннем, што гэтая кніга патрэбна вузкаму колу прафесіяналаў. Ну, яшчэ яна можа быць цікавая хіба толькі для жыхароў тых раёнаў, дзе запісваліся гэтыя песні альбо для нашчадкаў тых людзей, якія іх спявалі, і то як прыгожы сувенір. Што гэта - невуцтва, раўнадушша альбо проста глупства? Хочацца верыць, гэта адзінкавы выпадак, бо кожны з нас на глыбокім падсвядомым узроўні разумее, што няма будучага без мінулага. Хаця нездарма кажуць - каб нешта любіць, трэба гэта ведаць.Таму каб пашыраць веды, асабліва сярод моладзі, пра традыцыйную духоўную культуру свайго народа, магчыма, неабходна рабіць нават нейкія прымусовыя крокі ў гэтым накірунку – праводзіць спецыяльныя заняткі ў школах, даводзіць, вучыць, знаёміць, шукаць розныя формы заахвочвання для тых, хто звяртаецца да сваіх каранёў. Ну, а кніга “Песні пакінутых вёсак” ужо самім фактам свайго існавання заклікае шанаваць нашы духоўныя скарбы – традыцыі, песні, мову… Больш за тое, сваёй танальнасцю, сваім духам звяртае да радкоў Францішка Багушэвіча “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” І ў гэтым таксама яе бясспрэчная каштоўнасць. Кажуць, што народная песня – гэта душа народа! А яшчэ гэта само жыццё і лёсы многіх-многіх людзей. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова пагартаць старонкі кнігі “Песні пакінутых вёсак”. Але ж у кожнай кнігі, як і ў чалавека - свой лёс. Ёсць аднадзёнкі, а ёсць тыя, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Я ўпэўнена - гэтую кнігу чакае шчаслівы лёс і, магчыма, яна стане першым крокам да серыі выданняў, дапоўненых аўдыядыскамі, дзе будзе прадстаўлена спадчына розных куточкаў нашай Беларусі, дзе можна будзе не толькі прачытаць, але і пачуць жывую беларускую песню. Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: