
Гісторыя музыкі налічвае велізарную колькасць твораў розных эпох і накірункаў, але ў гэтым бязмежным акіяне ёсць тыя, якія ўжо сваёй назвай бударажаць пачуцці – напрыклад, афішу, бадай, любога опернага тэатра немагчыма ўявіць без “Кармэн”.
Як вядома, менавіта гэтым творам Жоржа Бізэ 25 мая 1933 года быў адкрыты Дзяржаўны тэатр оперы і балета ў Мінску. Галоўную партыю выконвала славутая Ларыса Александроўская. Цікава, што тады спектакль ішоў на беларускай мове, пазней на рускай, а з 1995 – на мове арыгінала, французскай. За 85-гадовую гісторыю тэатра гледачы ўбачылі восем пастановак. Апошняя была ажыццёўлена ў 2015 годзе.
А ўчора адбыўся чарговы паказ спектакля. Выпадкова альбо не, але ён практычна супаў з днём нараджэння Жоржа Бізэ, які нарадзіўся 25 кастрычніка 1838 года. Таму сённяшні восеньскі дзень навёў мяне на думку пра тое, як па-рознаму складваюцца лёсы некаторых шэдэўраў і іх стваральнікаў.
У гісторыі мастацтва ёсць многа прыкладаў, калі таленавітыя асобы, прызнаныя геніі пакутавалі ў галечы альбо недаравальна рана пакінулі гэты свет, а іх творы набылі шчаслівае жыццё і з часам станавіліся ўсё больш каштоўнымі. Варта прыгадаць толькі некалькі гучных імён – кампазітары Моцарт, Шуберт, Бетховен, Мусаргскі, мастакі Мадыльяні, Ван Гог і многія іншыя. Іх шэдэўры, прасякнутыя святлом, энергіяй, усімі адценнямі нашых эмоцый, маюць магічную ўладу над душамі людзей.
Імя Жоржа Бізэ працягвае гэты геніяльны, але трагічны спіс. Яго “Кармэн” уваходзіць у рэпертуар амаль усіх оперных труп свету і выковаецца на многіх мовах, нават на японскай. Існуе вялікая колькасць рэжысёрскіх інтэрпрэтацый, у тым ліку і даволі экстравагантных. Напрыклад, у Ліёнскай оперы Кармэн – спявачка кабарэ, у маскоўскім тэатры “Гелікон-опера” дзеянне перанесена ў канец 20 стагоддзя, у Будапешце твор набыў джазавыя адценні, ёсць спектакль, дзе сюжэт разгортваецца на аўтазаправачнай станцыі…
Але, як бы там ні было, незалежна ад рэжысёрскай фантазіі, дзівосныя мелодыі оперы, драматычны сюжэт і пачуцці, якія хвалююць людзей розных эпох, робяць яе зразумелай кожнаму з нас.
Зрэшты, так было не заўсёды. Немагчыма паверыць, але прэм’ера, якая адбылася 3 сакавіка 1875 года ў Парыжы завяршылася правалам і грандыёзным скандалам. І публіка, і крытыкі не прынялі твор. Аўтара абвінавацілі ў амаральнасці, сюжэт палічылі непрыстойным, а музыку занадта складанай. Бізэ перажыў моцнае ўзрушэнне, якое, на думку многіх, выклікала сардэчны прыступ і неўзабаве кампазітара не стала. Жоржу Бізэ было ўсяго 36 гадоў. Ён і падумаць не мог, што менш чым праз чатыры месяцы “Кармэн” з трыўмфальным поспехам пройдзе ў Венскай оперы. Затым будуць Нью-Ёорк, Пецярбург, іншыя гарады Еўропы. Твор атрымаў добрыя водгукі ад Вагнера, Брамса, а Чайкоўскі нават некалькі разоў наведаў спектакль і ўзрушаны напісаў: “Опера Бізэ – шэдэўр, адзін з тых нямногіх, якім наканавана адлюстраваць музычныя імкненні цэлай эпохі. Гадоў праз дзесяць яна стане самай папулярнай операй у свеце”. Што ж, гэтае прадказанне здзейснілася. На парыжскую сцэну опера вярнулася ў 1883 годзе. Пастаноўку аднавілі, дзякуючы кампазітару і педагогу Эрнеста Гіро, які быў сябрам Бізэ. Ён скараціў дыялогі, дадаў танцавальныя сцэны, выкарыстаў музычны матэрыял з іншага твора кампазітара – музыкі да драмы Альфонса Дадэ “Арлезіянка”.
Зараз у розных тэатрах свету “Кармэн” выконваецца ў абедзвюх версіях. У апошняй пастаноўцы ў Мінску, над якой працавалі рэжысёр Галіна Галкоўская, дырыжор Андрэй Галанаў, хормайстар Ніна Ламановіч, мастак Ганна Контэк, выкарыстана першакрыніца – рэдакцыя самога Бізэ. За партыю Кармэн яе выканаўца, заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава ўдастоена Нацыянальнай тэатральнай прэміі.
Вядома, што гэтая роля адна з самых жаданых і знакавых для ўсіх меца-сапрана. Сярод яе выдатных выканаўцаў – знакамітыя спявачкі, зоркі Вялікага тэатра ў Маскве Ірына Архіпава, Алена Абразцова, Тамара Сіняўская.
Увасобіць на сцэне свабодалюбівую і страсную цыганку марыла і ўладальніца чароўнага сапрана Галіна Вішнеўская. Магчыма, апрача захаплення цудоўнай музыкай, яна адчувала эмацыянальную блізкасць з гераіняй, нават кліч крыві, бо па маці мела цыганскія карані. А, магчыма, сваю ролю адыгрывала і пэўная астралагічная сувязь з кампазітарам, бо спявачка таксама нарадзілася 25 кастрычніка. Галіна Вішнеўская пражыла яркае доўгае жыццё, да канца сваіх дзён заставалася, як нехта трапна заўважыў, “бурлівым морам”. І хаця партыяй Кармэн яна так і не папоўніла спіс сваіх сцэнічных дасягненняў, яе Ліза з “Пікавай дамы”, Таццяна з “Яўгена Анегіна”, Віялета з “Травіяты” і многія іншыя вобразы сталі вяршынямі выканальніцкага мастацтва. Што да “Кармэн”, то гэтую мару Галіна Вішнеўская ўвасобіла пастаноўкай ў сваім Цэнтры оперных спеваў у Маскве. А яе словы, што падчас выканання той ці іншай ролі ўсё, што яна робіць на сцэне гэтак жа важна, як пытанне жыцця і смерці, тлумачаць глыбокую эмацыянальную сувязь спявачкі з гераіняй оперы.
Яе адчувала яшчэ адна вялікая артыстка Мая Плісецкая. Знакамітая балерына ўспамінала, што думка пра сваю Кармэн жыла ў ёй пастаянна – то таілася ў глыбіні душы, то імкліва вырывалася на свет. У выніку яна звярнулася спачатку да Дзмітрыя Шастаковіча, потым да Арама Хачатурана з просьбай напісаць музыку, але кампазітары адмовіліся. Сваё рашэнне тлумачылі нежаданнем канкурыраваць з Бізэ. Мару балерыны ўвасобіў яе муж, кампазітар Радзівон Шчадрын разам з кубінскім харэографам Альберта Алонса. Яны не сталі спрачацца з Бізэ і стварылі балет на аснове яго музыкі. Прэм’ера адбылася ў 1967 годзе. Спектакль “Кармэн-сюіта”, як ніякі іншы раскрываў творчую індывідуальнасць балерыны і стаў нават яе сімвалам.
Балет працягвае сваё шчаслівае жыццё. Больш за 40 гадоў ён ідзе ў Мінску ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева. У далёкім 1974 годзе спектакль стаў яго дэбютам на беларускай сцэне. Паводле слоў майстра, Кармэн у яго – “сімвал каласальнага палёту пачуццяў”. А яны так трапна перададзены ў музыцы Жоржа Бізэ! І ў гэтым – сакрэт бессмяротнасці шэдэўра.
Музыка будзе жыць столькі, колькі чалавек будзе імкнуцца насустрач каханню, любові і шчасцю…