Адной з галоўных культурных падзей першых дзён лета стаў Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне - сёлета ён прайшоў пад знакам 135-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа. Класікам беларускай літаратуры быў прысвечаны гала-канцэрт адкрыцця свята, што падрыхтаваў Нацыянальны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Песні з праграмы “Купала і Колас. Вы нас гадавалі” напісаны ў розныя гады, але ўсе аб’яднаны беларускасцю, якая, дарэчы, застаецца галоўнай адметнасцю ўсяго фестывалю.
Нацыянальны канцэртны аркестр на чале з Міхаілам Фінбергам пастаянны ўдзельнік маладзечанскага свята. Па сутнасці, музыканты і пачыналі яго гісторыю, ладзілі першыя праграмы, акампаніравалі ўдзельнікам конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. З першага і па сённяшні дзень ён застаецца галоўнай фестывальнай падзеяй.
Па-рознаму склаліся лёсы лаўрэатаў. Нагадаю, што пераможцай першага конкурсу ў 1993-м годзе стала Алена Саўленайтэ. На жаль, гэтая таленавітая спявачка не змагла скарыстаць свой патэнцыял і творчы ўзлёт, таму зараз яе імя практычна невядома шырокаму колу слухачоў.
Сярод лаўрэтаў, якія засталіся ў абойме эстрадных артыстаў – Ларыса Грыбалёва, Наталля Кудрына, цяпер больш вядомая як Венера, саліст Нацыянальнага канцэртнага аркестра Дзмітрый Качароўскі, заслужаныя артысткі Беларусі Наталля Тамела, Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка. Удала складваецца творчы лёс у маладога пакалення лаўрэатаў – Андрэя Коласава, Дар’і Кудрыцкай, Аляксандра Саванца... Гэта толькі некалькі пераможцаў маладзечанскага фестывалю, які даў шанс многім маладым заявіць пра сябе.
Але, як вядома, кожны з нас – гаспадар свайго лёсу, таму поспехі і дасягненні залежаць у першую чаргу ад самога чалавека. У адрозненне, дарэчы, ад буйных праектаў, лёс якіх, здараецца, больш няпросты. На яго ўплываюць розныя фактары - і суб’ектыўныя, і аб’ектыўныя.
Той жа фестываль у Маладзечне мае звілістую гісторыю. Яго гучны старт адбыўся ў 1993-м годзе. Наступны 1994-ы год можна лічыць творчым узлётам. Тады аднадушна адзначалася, што адбылося “cапраўднае агульнанароднае музычнае свята". І не толькі музычнае. Усе фестывальныя дні на пляцоўках кіпела і пералівалася рознымі фарбамі творчасць. Жыхары і госці горада ў поўнай меры атрымалі “і хлеб, і відовішча”.
Але ж, захапленні доўжыліся нядоўга. У 95-м фестываль вымушаны быў эмігрыраваць у сталіцу. Ён прайшоў амаль незаўважна ў канцэртнай зале “Мінск”, у 96-м адбылося вяртанне. Затым была барацьба за існаване, якая ўвянчалася святам “Маладзечна-98”. Пэўны час фестываль сталі праводзіць раз на два гады, але ў 2011-м было прынята рашэнне зноў вярнуцца да першапачатковай ідэі – штогадовай перыядычнасці, тым больш, што ў горадзе з’явілася новая канцэртная пляцоўка – Летні Амфітэатр. Ён размешчаны ў маляўнічым месцы цэнтральнага парку, зусім побач - невялікае возера. Калі камусьці і не ўдалося трапіць на канцэрт, то можна прагульвацца побач, любавацца навакольнай прыгажосцю і слухаць музыку.
Асобна варта сказаць і пра Палац культуры Маладзечна, які мае ўтульную глядзельную залу, сцэну з вялікімі магчымасцямі. Гэта таксама дазваляе пашырыць жанравыя межы свята. У апошнія гады яго адметнымі фарбамі стала акадэмічная музыка, зварот да дзіцячай творчасці. Варта прызнаць, што разнастайнасцю, імкненнем дагадзіць розным густам, фестываль адрозніваўся з першых дзён існавання. Памятаю, як ўся Цэнтральная плошча горада, дзе раней стаяла галоўная сцэна, не магла змясціць усіх ахвотных трапіць на начныя джазавыя і рок-канцэрты.
Але ж кожны год мае асаблівасці. І ў гэтым свая чароўнасць. Напрыклад, сёлета адна з самых аншлагавых праграм - паказ спектакля “Паўлінка” артыстамі знакамітага купалаўскага тэатра. Гучным фіналам фестывальнай драматургіі стаў канцэрт да 45-годдзя ансамбля “Сябры”. Ён запомніўся не толькі добрымі беларускімі песнямі, але і ўдзелам маладых артыстаў. Мне падалося, гледачам было цікава назіраць за пераемнасцю і адчуваць сувязь пакаленняў, што вельмі важна для захавання і развіцця нацыянальнай культуры. А гэта – адна з задач фестывалю, З ёй, нягледзячы на пэўныя пытанні, якія, зрэшты, суправаджаюць любую сур’ёзную справу, ён паспяхова спраўляецца. Таму асаблівую заклапочанасць выклікаюць думкі аб скарачэнні перыядычнасці фестывалю. Маўляў, дастаткова праводзіць свята раз у два гады. Хочацца спадзявацца, што гэтая ідэя застанецца на ўзроўні абмеркавання, а сумненне аб штогадовым правядзенні адзінага ў краіне Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі адпадзе само па сабе. Мне ж, як пастаяннаму назіральніку свята, хочацца пажадаць, каб яно працягвала адкрываць новыя імёны не толькі выканаўцаў, але і кампазітараў, паэтаў, каб гучалі новыя песні, каб сам конкурс быў добрым і прэстыжным стартам для яго ўдзельнікаў на шляху прафесійнага стаўлення.