Кажуць, што ліпень - месяц з характарам, бо ён у Беларусі звычайна не толькі самы цёплы, але і дажджлівы. Чамусьці мы гэта асабліва адчуваем падчас правядзення “Славянскага базару ў Віцебску”. Без акампанементу дажджу не праходзіць ніводны фестываль, але ж сёлета ён быў асабліва настойлівы. Таму дождж, гэта, бадай, самае першае, што прыходзіць на думку, калі даводзіцца адказваць на пытанні наконт уражанняў ад свята.
І тым не менш, нягледзячы на пахмурны тыдзень, колькасць ахвотных спрычыніцца да фестывальных падзей была не меншай, чым летась. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што свята дае магчымасць за даволі кароткі тэрмін задаволіць розныя інтарэсы, густы, прыхільнасці...
Прычым усё сканцэнтравана ў адным месцы. Музеі, тэатр, канцэртная зала “Віцебск”, Летні амфітэатр – усё побач. Журналісты знаходзяцца ў асабліва выгадным стане, бо маюць права наведваць усе фестывальныя падзеі па акрэдытацыі, таму іх ахоп залежыць толькі ад жадання і хуткіх ног.
Так, у першую чаргу ўсіх вабіць Летні амфітэатр і ўсё, што там адбываецца. А гэта сольныя выступленні зорак эстрады, канцэрты адкрыцця і закрыцця свята, зборныя праграмы з удзелам папулярных артыстаў. І практычна ўсе яны праходзяць пры поўнай зале.
За сцэнай таксама звычайна аншлаг. Салісты, музыканты, харэаграфічныя калектывы, журналісты, якія пасля выступлення таго ці іншага артыста спадзяюцца хаця б на кароткае інтэрв’ю. Для тых, хто выконвае аб’ёмнае заданне рэдакцыі гэта адзіная магчымасць аператыўна сабраць матэрыялы для публікацый альбо эфіраў. Да нядаўняга часу праблем не ўзнікала, нават, нягледзячы на тое, што за кулісамі заўсёды з’яўляюцца паляўнічыя за аўтографамі і сэлфі. Як яны туды трапляюць – загадка, але ж звычайна ўсе – і выпадковыя асобы, і тыя, каму неабходна быць там па родзе дзейнасці - паміж сабой добра ладзяць.
Сёлета арганізатары вырашылі навесці парадак, абмежаваць доступ за сцэну, але чамусьці ў першую чаргу журналістаў. Праўда забыліся папярэдзіць пра гэта падчас адкрыцця прэс-цэнтра, а потым і падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю фестывалю. Як вынік - ланцуг непаразуменняў і, нават, канфліктных сітуацый, якія тым жа арганізатарам давялося згладжаваць у фінальны дзень падчас закрыцця прэс-цэнтра. Але ж лыжка дзёгцю ўжо была ў бочцы з мёдам. “И опыт сын ошибок трудных...” – гэтыя пушкінскія радкі прыйшлі на памяць пасля абяцання арганізатараў у наступным годзе зрабіць у Летнім амфітэатры асобнае памяшканне для журналістаў, якое ўсе ўдзельнікі канцэрта не маглі б абмінуць, пакідаючы сцэну. А далей – іх справа, спыняцца для таго, каб пагутарыць з усімі ахвотнымі альбо прайсці міма. Спадзяемся, што гэтае абяцанне не адыдзе ў нябыт.
Абмяркоўваючы падзеі фестывальнага тыдня даводзіцца чуць зусім палярныя меркаванні. Для тых, хто ўпершыню трапіў на свята, “Славянскі базар у Віцебску” афарбаваны толькі ў яркія радасныя колеры. Заўсёднікі дазваляюць сабе пабурчаць, маўляў, з кожным годам фестывальная палітра цьмянее, дый склад артыстаў часцяком паўтараецца. Асабіста я падзяляю абедзьве думкі і абсалютна згодна, што самае галоўнае на “Славянскім базары ў Віцебску” – гэта, насамрэч, непаўторная атмасфера, якая сфарміравалася за 26 гадоў і складаецца з такіх розных, здаецца, палярных фарбаў, якія хочацца бачыць зноў і зноў.
Як вядома, любы фестываль развіваецца па агульных законах – нараджэнне, развіццё, росквіт, узлёты, спады... Але ўсе мы ведаем, што рух – гэта жыццё, а жыццё – гэта рух. Каб ён не спыняўся, неабходны новыя творчыя сілы, якія будуць хваляваць сваёй энергіяй, вабіць новымі ідэямі, прапаноўваць штосьці адмысловае. І, канешне, хацелася б, каб ўсё гэта мы бачылі падчас самых прыкметных і буйных фестывальных канцэртаў – адкрыцця і закрыцця свята. Каб склад удзельнікаў залежаў ад ідэі і канцэпцыі праграмы, а не наадварот. Каб больш выразна быў прадстаўлены нацыянальны акцэнт, бо, хаця “Славянскі базар у Віцебску” даўно пераадолеў межы краіны, усё ж такі ён мае беларускую прапіску.
Сёлета на фінальным канцэрце ўгадвалася сціплая спроба абазначыць юбілейную дату – 130-годдзе Марка Шагала, але ж, на мой погляд, яна не атрымала годнага ўвасаблення. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што мастака шануюць у Віцебску і згадваюць, бадай, падчас кожнага фестывалю. Але ж, мне думаецца, чаму б разам з імем сусветнавядомага творцы не ўспомніць 135-годдзе славутых беларусаў Янкі Купалы і Якуба Коласа? Хто, калі не мы самі будзем гаварыць пра сваю нацыянальную спадчыну, сваіх герояў, тым больш на сваёй зямлі і ў прысутнасці вялізарнай колькасці гасцей з розных краін свету! Тым больш, што пачынаўся “Славянскі базар” з раўнапраўнага творчага партнёрства трох братніх народаў.
З часам акцэнты зрушыліся, але ж прыемна, што сёлета з паўнавартаснай праграмай на сцэну Летняга амфітэатра вярнуліся украінскія артысты. Таму хочацца пажадаць, каб з пашырэннем творчых і геаграфічных межаў фестываль захоўваў і развіваў ідэю знаёмства з разнастайнасцю багатай славянскай культуры.