Падзяліцца:
Музычны дзённік. Падарожжа на машыне часу. Радыёблог Таццяны Якушавай
20 верасня 2016
Музычны дзённік. Падарожжа на машыне часу. Радыёблог Таццяны Якушавай Вітаю вас, сябры! Адкрываю чарговую старонку дзённіка і лаўлю сябе на думцы, што настрой у мяне сёння крыху меланхалічны. Магчыма, часткова ў гэтым вінавата восень? Як не банальна, але з часам пераконваешся ў трапнасці думкі, што чалавек сапраўды дзіця прыроды, бо настрой часта залежыць і ад рытму дня, і ад пары года… Для кагосьці восень – гэта творчы ўздым, рамантыка, прыгажосць, для іншых – глыбокі сум і душэўны холад, а здараецца, што ўсё пераплятаецца. Таму хтосьці з надыходам восеньскай прахалоды спрабуе падмануць сябе: каб крыху затрымацца ў палоне пяшчотнага сонца, спяшаецца збегчы хаця б ненадоўга ў цёплыя краіны, а хтосьці радуецца таму, што ёсць. Шчыра скажу, верасень неаднойчы падарыў нам нагоду для радасці. Чаго варты фолк-фестываль “Камяніца”, які сёлета прайшоў ужо восьмы раз у Музеі народнай архітэктуры і побыту! Само месца стварае атмасферу даўніны, настройвае на спакойны лад, а яшчэ дорыць адчуванне захапляльнага падарожжа на машыне часу, прычым не такога ўжо і далёкага. Прызнаюся, цікава было паглядзець на некаторыя экспанаты музея, якія, напрыклад, у час майго дзяцінства былі звычайнымі гаспадарчымі прыладамі. А самае галоўнае – прыемна было назіраць, як памяць пра мінулае шануе моладзь. Многія маладыя людзі не толькі ўважліва знаёміліся з музеем, але і добра падрыхтаваліся да свята – прыйшлі ў народных строях, з задавальненнем удзельнічалі ў старадаўнім вясельным абрадзе. Нават складана адназначна сказаць, што больш вабіла – канцэртныя праграмы, якія доўжыліся без перапынку да позняга вечара альбо жаданне прычыніцца да сваіх вытокаў? Што ж, фестываль “Камяніца” ў свабоднай ненадакучлівай форме дае такую магчымасць. І ў гэтым, напэўна, яго галоўная каштоўнасць! Што да канцэртнай праграмы, то па-за канкурэнцыяй засталося выступленне Івана Кірчука і этна-трыа “Троіца”. Па тым, як групавалася публіка, як размяркоўвалася паміж канцэртнымі пляцоўкамі, можна было зразумець, каго з артыстаў гледачы чакалі больш альбо нават дзеля каго сабраліся асобна. Але разам з гэтым нікога з удзельнікаў фэсту не абдзялілі ўвагай. Свае заслужаныя апладысменты атрымалі і музыкі з Украіны – група “Тарута”, і расійская зорка Іна Жаланная, і беларуская група “Re1ikt” і іншыя ўдзельнікі сёлетняй “Камяніцы”. Праўда, не абышлося і без лёгкага расчаравання. Як гэта часта здараецца, многія раскручаныя імёны насамрэч не такія ўжо зорныя і жаданыя… Магчыма, час робіць сваю справу і прага творчасці ператвараецца ў працу, сумленную, але ўсё ж працу, у якой губляецца самае галоўнае – шчырасць эмоцый. У агульнай фестывальнай палітры мяне асабліва парадавала юная спявачка Патрыцыя Свіціна. І хаця Патрыцыя са сваёй камандай выступала на малой сцэне (пакуль вялікая рыхтавалася да выхаду хэдлайнераў) яе пранікнёныя спевы, арыгінальны і адначасова асцярожна-беражлівы падыход да фальклору краналі шчырасцю, чысцінёй, глыбокай эмацыянальнасцю. За ўсім гэтым – вялікая любоў да спадчыны і адданасць мастацтву. Прызнаюся, падчас выступлення Патрыцыі я адчула гонар за тое, што мы ў сваю чаргу таксама не прагледзелі яе талент, дапамаглі паверыць у сябе і правільнасць свайго шляху. Двойчы Патрыцыя Свіціна станавілася лаўрэатам рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” – адзін раз у складзе ансамбля “Рада” і яшчэ раз як сольная выканаўца. Слухаючы яе выступленне на “Камяніцы”, я чарговы раз пераканалася, што ўдвая прыемна не толькі ўдзельнічаць у лёсе маладых таленавітых людзей, але і сачыць за іх творчым развіццём і станаўленнем, за тым як фарміруецца асоба. Хочацца верыць, што гэта толькі пачатак вялікага поспеху, талент Патрыцыі з часам атрымае дастойную агранку, але пры тым яна застанецца вернай сабе і беларускай песні. Варта дадаць, што не толькі песні гучалі на “Камяніцы”. Арганізатары паклапаціліся таксама пра гульні і забавы. Трэба было бачыць, як многія дарослыя з вялікім задавальненнем акунуліся ў дзяцінства і заўзята, нібы снежкамі, кідаліся простай саломай. Буду шчырай. Ніколі не думала, што гэта можа падарыць такую радасць! Спадзяюся, што яе падзяляюць усе госці і наведвальнікі фестывалю “Камяніца”. Упэўнена, тыя, хто для сябе толькі-толькі адкрыў гэтае свята, абавязкова вернуцца яшчэ раз. Ну, а тыя, для каго яно стала традыцыяй, будуць чакаць новых уражанняў і сустрэч. Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: