
Фестывальная восень працягваецца. Асабіста мяне яна чаруе прыгажосцю і натхняе на пазітыў, а яшчэ радуе сваімі традыцыямі, асабліва тымі, што нараджаліся, як кажуць, на вачах.
Здаецца, зусім нядаўна я пазнаёмілася з піяністам Расціславам Крымерам, зараз мастацкім кіраўніком Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, а насамрэч прайшло ўжо 12 гадоў. І хаця першае інтэрв’ю з музыкантам было прысвечана, у асноўным, яго выканальніцкім поспехам, усё ж адчувалася, што ён горача захоплены ідэяй заснавання ў Мінску музычнага фестывалю. Як паказвае час і вопыт, апантанасць – карысная якасць. Дэвіз “справа перш за ўсё” разам са спалучэннем традыцый і новых ідэй – тры кіты поспеху. Таму абсалютна лагічна, што за час свайго існавання Міжнародны фестываль Юрыя Башмета стаў адным з сімвалаў беларускай музычнай восені.
Безумоўна, сучаснага чалавека, у многім дзякуючы магчымасцям, якія падарыў інтэрнэт, даволі складана чымсьці здзівіць. Але ж, каб быць цікавым і запатрабаваным, гэта проста неабходна рабіць. Прычым неабавязкова прыдумляць штосьці новае. Заўважана, калі спецыяльна стараешся зрабіць нешта неардынарнае, то часта атрымліваецца наадварот. Таму ў любой справе, асабліва творчай, самае галоўнае – шчырасць самавыказвання і энергія асобы, а яшчэ арыгінальнае выкарыстанне мастацкага матэрыялу розных накірункаў.
У гэтым нас чарговы раз пераканаў фестывальны арт-праект “4 вымярэнні сучаснага мастацтва Беларусі”, дзе ў адзінай адмысловай партытуры арыгінальна перапляліся музыка, жывапіс, паэзія і танец. Не сакрэт, што пошукі ў галіне сінтэзу жанраў – прыкмета нашага часу. Здараецца, у выніку сцірання межаў паміж рознымі відамі мастацтва альбо мастацтвам і жыццём з’яўляюцца цікавыя, нават выбітныя праграмы. Крокі ў гэтым накірунку на фестывалі Юрыя Башмета робяцца кожны год. Можна ўзгадаць праекты “Музыка і паэзія”, “Музыка і цырк”, “Музыка і жывапіс” альбо “Класіка сустракае джаз”, “Класіка сустракае рок”… А чаго варты леташні канцэрт камернага аркестра “East-West Chamber Orchestra” з удзелам знакамітай гімнасткі Меліціны Станюты альбо опера Чайкоўскага “Яўген Анегін” у аўтарскай версіі Юрыя Башмета, калі музычныя нумары перапляталіся з чытаннем фрагментаў з рамана!
Той спектакль, які мы ўбачылі падчас адкрыцця Х юбілейнага фестывалю, стаў арыгінальным сінтэзам музыкі, вершаў і драматычнага майстэртва з удзелам акцёра Канстанціна Хабенскага. Своеасаблівая фестывальная бязмежнасць тычыцца як стыляў і накірункаў, так і музычных інструментаў. Мы прызвычаіліся на святах такога кшталту, у якасці саліруючых, звычайна чуць інструменты сімфанічнага аркестра, раяль, але не народныя. Селёта ж у суправаджэнні камернага аркестра “East-West Chamber Orchestra” іграла акардэаністка Ксенія Сідарава. Летась на банданеоне саліраваў Андрэй Сівакоў, колькі год таму на фестывалі выступаў легендарны “Терем-квартет”… Хаця, паводле слоў самой Ксеніі Сідаравай, на Захадзе, дзе яна зараз жыве і працуе, наогул няма паняцця народныя інструменты. Не важна на чым іграць творы, напрыклад, Баха ці Скарлаці. Галоўнае – рабіць гэта выдатна і ў стылі.
Заўсёднікі ведаюць, што адна з асноўных “фішак” фестывалю Башмета – удзел таленавітай моладзі і мэтраў. На свяце можна ўбачыць не толькі выканаўцаў з сусветнымі імёнамі, але і кампазітараў, якіх называюць жывымі класікамі. Сёлета, выкарыстоўваючы сучасную тэрміналогію, хедлайнерам фестывалю стаў славуты польскі творца, уладальнік шматлікіх узнагарод і званняў, чатырохразовы лаўрэат прэміі “Grammy” Кшыштаф Пендарэцкі.
Гэты канцэрт па праве можна назваць чаканай і грандыёзнай падзеяй. У зале філармоніі быў аншлаг. Некаторым, у тым ліку і мне, давялося слухаць канцэрт стоячы на балконе. Лішне казаць, што я ні аб чым не шкадую. Больш за тое, гэта нават ўзмацняла эмацыянальнае ўзрушэнне ад музыкі, асабліва ад Сімфоніі “Сем брам Іерусаліма”. Нагадаю, што яна была напісана Кшыштафам Пендарэцкім да 3000-годдзя горада па замове мэрыі. Уражвае і тэма твора, і музыка, і колькасць выканаўцаў – больш за 200: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, акадэмічная харавая капэла імя. Р. Шырмы, камерны хор Беларусі і салісты з Польшчы...
Магутнасць гучання ўзмацнялі незвычайныя інструменты тубафоны, спецыяльна адлітыя для сімфоніі і дастаўленыя з Польшчы ў Мінск. Канечне ж, вянчала ўсё дзейства асоба самога творцы за дырыжорскім пультам. Гэта было насамрэч велічна і высакародна. Калі слухаеш музыку і назіраеш, з якой аддачай выканаўцы ішлі за маэстра, міжволі задумваешся: вось яна – магія асобы! Здаецца, непадуладная ўзросту і часу, бо ні многа ні мала, але ў наступным годзе кампазітар адзначыць свой 85-гадовы юбілей. Так што гэты канцэрт можна назваць не толькі грандыёзнай, але і гістарычнай падзеяй.
Ну, а сёлетні фестываль таксама ўжо стаў гісторыяй. Ён завяршыўся сонечнай музыкай Моцарта – сімвалам радасці, жыцця і веры. Фінальны канцэрт ХII міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета нібыта абагульніў думку, што кожная сустрэча з мастацтвам, нягледзячы на тое, якімі б рознымі сюжэтамі і тэмамі яно не хвалявала, у выніку павінна пакідаць у душы святло і чысціню.