Падзяліцца:
13 лютага 2017
“Пока мы живы, можно всё исправить, всё осознать, раскаяться, простить...” Гэтая простая думка, якой пачынаецца вядомы верш Эдуарда Асадава, настойліва пульсавала ва мне ўвесь вечар 10 лютага, які быў прысвечаны памяці Артыста і Чалавека Аляксандра Ціхановіча. Далёка не ўсе, хто яго любіў і паважаў, змаглі трапіць у Палац Рэспублікі. Білеты былі раскуплены за рэкордна кароткі час. Але, мяркуючы па танальнасці вечара, выпадковых людзей у зале не было. Абсалютна ўсе – і артысты, і гледачы - не шкадавалі сваіх эмоцый. А яны - зашкальвалі! Я даволі часта бываю на розных канцэртах, спектаклях, але мне складана прыпомніць такое яднанне сэрцаў, напоўненых шчырай сапраўднай любоўю. Тут я пераканалася – чалавек атрымлівае столькі, колькі аддае, няхай нават тады, калі ідзе ў Вечнасць. Перыядычна мне даводзіцца ехаць каля дома, дзе апошнім часам жыў Аляксандр Ціхановіч. Да нядаўняга часу там стаяў яго аўтамабіль, на шкле якога ўжо ў той трагічны дзень 28 студзеня хтосьці трапятліва рассыпаў чырвоныя гваздзікі і намаляваў вялікае сэрца. Гэтыя сімвалы любові і захаплення некалькі тыдняў клапатліва захоўвала марознае надвор’е, ад чаго становіцца і пранізліва-балюча, і адначасова светла на душы. Гэты шчыры парыў адлюстроўвае пачуцці многіх людзей – і асабіста знаёмых з Аляксандрам, і тых, хто ведаў яго найперш, як артыста. Насамрэч ён быў чалавекам з вялікім сэрцам, неверагодна шчодрым ва ўсіх сэнсах, ніколі нікому ні ў чым не адмовіў, імкнуўся дапамагчы, як толькі мог. Яго нават не трэба было пра гэта прасіць! Магчыма, менавіта таму многія, у тым ліку і я, лічылі яго сваім сябрам. Саша дарыў нам гэтае права, хаця па вялікім рахунку, канешне ж, яго трэба было заслужыць. І гэты аванс таксама гаворыць пра глыбіню яго вялікага чыстага сэрца. Размаўляючы з удзельнікамі пранізлівага канцэрта-памяці, я пераканалася ў аднадушшы меркаваняў і пачуццяў, якое не так часта сустракаецца. Любоў! Павага! Удзячнасць! І, канешне ж, боль страты… Асабіста ў мяне разам з пачуццямі нахлынулі асацыяцыі–ўспышкі з балады Уладзіміра Высоцкага “Прерванный полёт”: “...Не дозвучал его аккорд... А он шутил, не дошутил... Он знать хотел всё от и до... И ту, которая одна, не долюбил, не долюбил... Осталось не дорешено, все то, что он не дорешил...” Мне здаецца, у нерве творчасці Высоцкага і Ціхановіча ёсць штосьці агульнае. Нават у апошні шлях іх абодвух праводзілі як народных герояў. Гэтак жа, як ў 80–м Масква ўпершыню ўбачыла бясконцасць ахвотных развітацца з любімым артыстам, праз 37 гадоў у Мінску мы ўсе адчулі не менш магутны эмацыянальны парыў. Далёка не ўсе здолелі трапіць у залу філармоніі. Проста немагчыма было прыняць велізарны паток людзей, якія імкнуліся сюды па закліку сэрца і душы. Здавалася, усе разумелі, што адыходзіць чалавек, які сам па сабе эпоха. На мой погляд, ён пражыў яркае, імклівае, бурлівае жыццё. Градус яго напалу быў неверагодна высокім. Гэта быў чалавек-вір, чалавек-запал, фантан самых розных ідэй, якія ён горача імкнуўся ўвасобіць. Успамінаецца момант знаёмства, з якога прайшло ўжо каля дваццаці гадоў. Тады мяне ўразіла, як ён літаральна ўварваўся ў рэдакцыю, уляцеў як свежы вецер, зачараваў сваёй кіпучай энергіяй і адначасова заразіў жаданнем штосьці абавязкова рабіць, імкліва ўключацца ў які б там ні было працэс. І гэтая кіпучасць заставалася ў ім да самага канца. Калі адыходзяць людзі, якія маглі б яшчэ многае зрабіць на гэтай зямлі, кажуць, што лепшых забіраюць нябёсы, бо яны там больш патрэбныя. Няхай даруюць усе, хто так думае, але я не веру! Такія людзі як Саша - згараюць, бо не шкадуюць сябе ні ў чым. Калі трэба аддаваць, яны аддаюць усё без астатку, нібыта адчуваюць у гэтым неабходнасць. Так, сапраўды, мы ўсяго толькі крупінкі ў пясочным гадзінніку жыцця, але кожны чалавек пакідае свой след. У Аляксандра Ціхановіча ён яркі і цёплы. Заўсёды, калі ён прыходзіў у прамы эфір на радыё, у студыі насамрэч, станавілася цёпла і ўтульна. Гэта перадавалася слухачам, бо было многа водгукаў. У SMS-паведамленнях, якія паступалі падчас праграмы, у асноўным былі нават не пытанні, а словы ўдзячнасці за добрыя песні, незабыўную цёплую атмасферу на канцэртах. Я сама неаднаразова мела магчымасць пераканацца ў тым, што выступленні нашага любімага зорнага дуэта – гэта даверлівыя дыялогі з публікай, а песні – шчырыя гісторыя жыцця і кахання. Яны кранаюць кожнага з нас, таму што прасякнуты сапраўднымі эмоцыямі. Канешне, не ўсе, але многія з іх, прагучалі ў канцэрце-памяці 10 лютага. Варта адзначыць, што кожны з выканаўцаў стараўся максімальна далікатна і беражліва паставіцца да інтэрпрэтацыі, праявіць павагу і любоў не толькі да Вялікага Артыста, але і Чалавека з вялікай літары, настаўніка, калегі, сябра, адкрытага, шчырага, які быў сумленны ва ўсім. Мяне, як і астатніх настойліва не адпускала пачуццё, што ўвесь вечар Саша быў з намі. Здавалася, ён, як звычайна, абавязкова выгляне з грымёркі альбо з-за кулісы, раскрые абдымкі, абаяльна ўсміхнецца, падбадзёрыць. Але, на жаль, гэта толькі здавалася… Немагчыма ўявіць, што ён больш ніколі не выйдзе на сцэну. Няўжо чарговы “Славянскі базар у Віцебску”, дзе 13 ліпеня ён звычайна так шырока і гасцінна адзначаў свой дзень нараджэння, пройдзе без яго? Усё гэта зараз, сапраўды, немагчыма прыняць, але мы вымушаны ўсвядоміць, што пайшоў чалавек-эпоха, прыклад бясконцай адданасці прафесіі, творчасці, сцэне, якая, безумоўна, была яго прызваннем. Уходят люди... Их не возвратить. Их тайные миры не возродить. И каждый раз мне хочется опять От этой невозвратности кричать... (Я. Еўтушэнка)
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: