Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Пераможца адзін, аднак тых, хто прайграў – няма!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
21 сакавіка 2018
«Музычны дзённік. Пераможца адзін, аднак тых, хто прайграў – няма!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Каторы год запар культурнае жыццё сакавіка адметнае фіналам адборачнага тура на конкурсы, што праходзяць у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Як і чакалася, сёлета без страсцей таксама не абышлося. Гэтую музычную ліхаманку можна параўнаць толькі з ажыятажам вакол «Еўрабачання». На мой погляд, што б ні гаварылі, як бы не спрачаліся, самае галоўнае – конкурсы не пакідаюць раўнадушнымі ні саміх удзельнікаў, ні іх педагогаў, ні публіку. А гэта – залог развіцця і стымул да поспеху. Я ўпэўнена, калі не ўсе, то большасць з фіналістаў будуць спрабаваць свае сілы і ў наступным годзе. Сёлетні аборачны тур, як і леташні, прайшоў у Маладзёжным тэатры эстрады ў адкрытым фармаце. Ва ўсіх ахвотных была магчымасць купіць квіток і прыйсці паслухаць альбо падтрымаць таго ці іншага канкурсанта, а потым супаставіць свае меркаванні з вынікамі. Мне асабліва прыемна, што пераможцам у дзіцячым адборачным туры стаў мой зямляк, юны выканаўца з Ашмян Арцём Скароль. Ён выхаванец Узорнай студыі “Палёт” пад кіраўніцтвам Мікалая Федарэнкі, зараз працягвае заняткі ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна. Прызнаюся, разам з радасцю за Арцёма я адчула шчырае шкадаванне, што другі год запар таленавітай харызматычнай Арыне Пехцеравай з Магілёва не хапае літаральна аднаго кроку да запаветнай перамогі. Нагадаю, што летась шчаслівы квіток у фестывальны Віцебск выпаў яе сяброўцы па студыі “Анёлы дабра” Марыі Магільнай, якая, дарэчы, апраўдала давер і заваявала Гран-пры. Арыне хочацца пажадаць, каб па-філасофску ставілася да такіх творчых віражоў. Яны неабходныя хаця б таму, што правяраюць на трываласць і выхоўваюць характар. Я ўпэўнена, прыйдзе час і юная спявачка абавязкова “ўзарве” нашы пачуцці сваім талентам, энергіяй і на “Славянскім базары ў Віцебску”, і на многіх іншых прэстыжных форумах. Своеасаблівай праверкай не толькі на творчую, але і псіхалагічную трываласць стаў для маладых выканаўцаў і адборачны тур на дарослы конкурс. Так і хочацца ўсклікнуць – вось дзе ламалі дзіды! І ўсё ж журы аднадушна вырашыла аддаць перамогу Яўгену Курчычу. Ён ішоў да яе мэтанакіравана і настойліва, неаднаразова ўдзельнічаў у адборачных турах, адначасна перамагаў на іншых конкурсах, паспяхова выступаў у разнастайных тэлепраектах, цікава праявіў сябе на тэатральнай сцэне ў пастаноўках мюзіклаў, апошнім часам апантана захапіўся педагогікай і работай з шоу-групай “Маракасы”. Словам, час дарэмна не марнаваў, назапашваў вопыт і сваім актыўным творчым жыццём дэманстраваў простую і ясную ісціну – дарогу здужае той, хто ідзе. Таму, на маю думку, гэта заслужаная, сумленна адпрацаваная, нават выпакутаваная перамога. Іншая справа, што пры вакальнай бездакорнасці выступлення, упэўненасці, стараннай дакладнасці самае галоўнае для артыста толькі пачынаецца. Усё гэта зараз неабходна напоўніць абсалютнай выканальніцкай свабодай, энергіяй, нават сваім непаўторным драйвам, які ён павінен “злавіць”, захаваць і выдаць у патрэбны момант. А гэта залежыць у тым ліку і ад таго, як на фінальным этапе падрыхтоўкі Яўген Курчыч выкарыстае ўвесь свой малады максімалізм. Што да драйву, то ім парадавала, асабліва падчас выканання другой конкурснай песні, Анастасія Малашкевіч. Нягледзячы на тое, што спявачка мае акадэмічную вакальную адукацыю, робіць першыя крокі на опернай сцэне яна мэтанакіравана, як кажуць, рвецца за сцяжкі, імкнецца пераадолець межы жанру, спрабуе сябе з розным рэпертуарам. І гэта, як паказаў у тым ліку і адборачны тур на “Славянскі базар”, ёй цудоўна ўдаецца. Што ж, у дачыненні да Анастасіі варта нагадаць – калі настойліва стукаць у дзверы, то яны абавязкова адчыняцца. Магчыма, Classical Crossover – гэта і ёсць тая ніша, у якой талент Анастасіі заззяе ўсімі сваімі гранямі. На адборачным туры конкурсу на “Славянскім базары ў Віцебску” у тройку маіх фаварытаў, зрэшты не толькі маіх, але і журы, трапіў і цудоўны тэнар Аляксандр Саванец. Мяне ён пакарыў найперш асэнсаваным інтэлектуальным выкананнем, а яшчэ смелым, але трапным выбарам рэпертуару. Калі першая песня “Балада пра Нарач” Дзмітрыя Далгалёва на словы Уладзіміра Пецюкевіча нібыта спецыяльна напісана для яго лірычнага голасу, то выкананне другога конкурснага твору – драматычнай кампазіцыі Райманда Паўлса на верш Яўгена Еўтушэнкі “Дай Бог” – было пэўнай рызыкай. Бо складаная драматургія і нават трагічнасць, якая ў ёй адчуваецца, здавалася б, патрабуе іншай вакальнай прыроды. Але ж сваёй выканальніцкай версіяй Аляксандр Саванец паказаў, што справа не ў тэмбры голасу, а ў майстэрстве перадаць ўласнымі сродкамі выразнасці сэнс і глыбіню твора. Ён, дарэчы, быў адным з нямногіх канкурсантаў (а яны пераважна выконвалі вядомыя замежныя хіты), які не капіраваў першакрыніцу, а заставаўся самім сабой. Гэтым жа мне запомніўся і Дзмітрый Нікіцін – выпускнік Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, які на першы погляд быў чужым на гэтым свяце. Але ж магчыма таму яго выкананне адрознівалася асаблівай свабодай. Калі ў выступленнях іншых канкурсантаў адчувалася ўсё ж пэўная напружанасць, энергія барацьбы, то Дзмітрый, здавалася, купаўся ў выкананні конкурсных твораў і атрымліваў асалоду. А гэта – тое галоўнае, да чаго ўсе павінны імкнуцца. Бо толькі тады, калі сам умееш адчуваць радасць, ты можаш ёй падзяліцца з іншымі. Свой невялікі агляд ад выступленняў канкурсантаў хачу завяршыць водгукам, які прыйшоў пасля публікацыі некалькіх здымкаў на маёй старонцы ў інтэрнэце: “Супер! Усё гэта так пазітыўна!!! Усім творчым калектывам – сілы, веры і натхнення”. Я абсалютна падзяляю гэтую думку і дадам – нягледзячы на тое, што на любым конкурсе бывае толькі адзін пераможца, усё ж у гэтым выпадку тых, хто прайграў, няма, таму што ўсе выканаўцы атрымалі вопыт, які назаўсёды застанецца з імі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: