Падзяліцца:
«Музычны дзённік. «Песні малой радзімы» загучаць на хвалях Беларускага радыё!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
28 лістапада 2018
«Музычны дзённік. «Песні малой радзімы» загучаць на хвалях Беларускага радыё!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Мне даволі часта даводзіцца не толькі задаваць, але і чуць пытанне – як нарадзілася альбо з’явілася тая ці іншая ідэя. Самы распаўсюджаны адказ – выпадкова. Хаця, калі прааналізаваць, у кожнай выпадковасці – свая заканамернасць. Любое азарэнне рыхтуецца самім жыццём. Нават калі ўспомніць Архімеда з яго хрэстаматыйным «Эўрыка!», то менавіта пакуты ад нявырашанага пытання і прывялі яго да раптоўнага адкрыцця. Безумоўна, несупастаўна, але ж менавіта гэты прыклад прыйшоў на думку, калі днямі мяне спыталі пра новы праект «Песні малой радзімы». Ідэя з’явілася адначасова і спантанна, і заканамерна. Дакладней, вырасла сама па сабе ў выніку стасункаў з нашымі радыёслухачамі. Па родзе дзейнасці даволі часта даводзіцца адказваць на звароты з прапановамі і просьбамі паслухаць той ці іншы музычны матэрыял, ацаніць, штосьці параіць, дапамагчы агучыць, давесці да шырокай публікі... Усё гэта чарговы раз сведчыць пра тое, што ў нашай краіне шмат талентаў, якім патрэбны больш шырокі творчы выхад. Гэта і навяло на думку – а чаму б у Год малой радзімы нам самім не пайсці да людзей, не адправіцца ў музычную эскпедыцыю і не пацікавіцца, як і чым жывуць беларускія гарады, мястэчкі, вёскі... Там віруе сваё культурнае жыццё, ёсць свае творчыя калектывы, салісты, якія ўпрыгожваюць самыя разнастайныя святы. Менавіта яны ствараюць сваю музычную гісторыю, якая, безумоўна, звязана з гісторыяй усёй краіны. І гэта неабавязкова фальклор. Мы не ставім перад сабой вузкапрафесійную задачу адшукаць тое, што яшчэ не запісана навукоўцамі. Матэрыял можа быць самы разнастайны: народныя песні ў розных варыянтах – і аўтэнтычных, і ў сучасных аранжыроўках, арыгінальны рэпертуар – творы, якія нараджаюцца ўнутры саміх калектываў, таксама версіі класічнай песеннай спадчыны альбо песні, напісаныя спецыяльна для самадзейных артыстаў прафесійнымі аўтарамі. Словам, абмежаванняў няма. Адзіная ўмова – не паўтараць папулярны рэпертуар так званых раскручаных зорак, у тым ліку замежных. Гэтым праектам мы імкнёмся паказаць, чым жыве, што іграе і спявае сучасная Беларусь. Інакш кажучы, маем мэту адлюстраваць, зафіксаваць творчае, культурнае, музычнае жыццё краіны, якое ствараюць самі жыхары. Менавіта яно – падмурак прафесійнай творчасці. Бо менавіта з песень малой радзімы пачынаецца гісторыя нацыянальнага мастацтва любой краіны. Як вядома, творчасць практычна ўсіх кампазітараў натолена мелодыямі роднага краю. Для многіх нацыянальны мелас – невычэрпная крыніца натхнення і нараджэння цікавых ідэй. Сімвалічна, што наш праект стартаваў ў Нявіжы. Як вядома, гэта знакавы горад для гісторыі краіны, калыска нацыянальнага мастацтва і культуры. Яго багатыя традыцыі працягваюцца ў знакамітых праектах «Музы Нясвіжа», «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў», іншых буйных імпрэзах… Але ж шырокай публіцы невядома, што цікавага адбываецца ў творчым жыцці саміх жыхароў горада і наваколля. Як аказалася, гэта асобная адметная старонка, якая заслугоўвае не толькі ўвагі, але і павагі. Што падахвочвае людзей, якія па родзе дзейнасці, здавалася б, далёкія ад музыкі і мастацтва, увечары, пасля працоўнага дня, збірацца разам, іграць, спяваць?.. Так, прага творчасці, самавыказвання, развіцця... А яшчэ любоў да прыгожага! Менавіта яна напаўняе душу энергіяй і сілай. Гэта выдатна адчувалася падчас выступленняў усіх дзевяці калектываў, якія мы запісалі на сцэне раённага цэнтра культуры. Адказнасць, захопленасць, хваляванне за кожны гук, адданасць справе – усё гэта пераплялося ў адзіную эмацыянальную танальнасць! Асабліва ўразіла, што практычна ўсе артысты, за выключэннем кіраўнікоў-прафесіяналаў, нават не ведаюць нот і ўсё, як кажуць, здымаюць на слых. Прычым, спяваюць і двухгалоссе, і шматгалоссе... А з якім натхненнем яны гэта робяць, мне думаецца, могуць пазайздросціць і некаторыя прафесіяналы! Нам пашчасціла пазнаёміцца з калектывамі, якім ужо не адно дзесяцігоддзе, дзе не толькі памяняліся, але і выраслі новыя пакаленні. Прыемна было бачыць і чуць, як разам музіцыруюць, спяваюць і моладзь, і людзі сталага веку. У гэтай узроставай разнастайнасці – не толькі абмен энергіяй і вопытам, але традыцыі і пераемнасць, без якіх немагчыма развіццё не толькі саміх калектываў але і, наогул, нацыянальнай культуры. Таму знаёмства з такімі людзьмі не толькі напаўняе ўражаннямі, але і адкрывае новыя творчыя гарызонты. Спадзяюся, усе зацікаўленыя ў гэтым пераканаюцца, паслухаўшы 30 лістапада чарговы выпуск праекта «Творчы вечар», прысвечанага нясвіжскай вандроўцы. Пачатак эфіру ў 21-05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: