Падзяліцца:
7 жніўня 2017
Лічыцца, што ідэальны адпачынак магчымы толькі на беразе мора альбо ў падарожжах. Часткова так і ёсць, бо любая паездка – гэта змена абставін. А яна, як вядома, дорыць новыя ўражанні, адцягвае ад праблем, будзённасці... Але ж у кожнага з нас бываюць сітуацыі, калі па розных прычынах не ўдаецца паехаць куды-небудзь далёка, тады і паўстае пытанне, як цікава і карысна правесці працоўны адпачынак дома? Гэта абсалютна сумяшчальна. Ужо сама думка, што не трэба кудысьці спяшацца па тэрміновых справах, выклікае ў душы лагоду. Таксама радуе колькасць вольнага часу, якім можна распараджацца ў залежнасці ад настрою. Я, напрыклад, вырашыла скарастаць яго для таго, каб, як ні дзіўна гучыць, пазнаёміцца з Мінскам. І хаця, каб убачыць і адкрыць для сябе штосьці новае, неабходна адхіліцца ад штодзённага маршрута, усё ж пачала я сваё падарожжа з самага сэрца сталіцы - Верхняга горада, дзе бываю даволі часта. Гэтае гістарычнае месца ў апошнія гады, асабліва ў летні перыяд, стала не толькі цэнтрам гарадскога, але і культурнага жыцця. Безумоўна, на агульную атмасферу ўплываюць і некалькі творчых храмаў - Акадэмія музыкі, канцэртная зала “Верхні горад”, Дзіцячая музычная школа № 10 імя Я.Глебава... А яшчэ - невялікі ўтульны Музычны завулак, які зачароўвае сваім каларытам і, здаецца, захоўвае гістарычную памяць. Пра гэта сведчыць нават таблічка, дзе пералічваюцца яго ранейшыя назвы: у 18-м стагоддзі завулак быў Манастырскім, у 19-м Музыканцкім, а з сярэдзіны 20-га стаў Музычным. Трапнасць назвы падкрэслівае і тое, што зусім недалёка, на суседняй вуліцы стаіць дом, дзе жыў славуты кампазітар Станіслаў Манюшка. Дарэчы, у свой час яго сям’я здымала кватэру ў знакамітым будынку пачатку 19 стагоддзя, які зараз мае адрас Музычны завулак, 5. Ён авеяны загадкамі і легендамі, бо па непацверджаных звестках спачатку гэта быў Дом масонаў, а зараз тут размяшчаецца Дзяржаўны музей гісторыі музычнай і тэатральнай культуры. І музей, і будынак варты асобнай тэмы для сур’ёзнай размовы. Але, паколькі мая мэта пазнавальна-забаўляльная то, вандруючы па Верхнім горадзе, найперш я звярнула ўвагу на так званыя масавыя праекты, якія вабяць сваёй даступнасцю і лёгкасцю ўспрымання. У гэтым сэнсе абсалютным пападаннем стаў майстар-клас танцавальнага калектыву Zumba. Ён быў у самым разгары, калі я зазірнула ў Музычны завулак. Мяне прыемна здзівіла, што лацінаамерыканскія танцавальныя рытмы аб’ядналі самых розных людзей – і юных, і сталых. Гэта чарговы раз пераканала ў тым, што танец душы, сапраўды, не мае ўзросту і межаў. Падкрэсліла слушнасць дэвізу “Zumba для ўсіх і кожнага” і, канешне ж, выклікала жаданне абавязкова прадоўжыць гэты радасны марафон. Бо ён дорыць унутраную свабоду, нават, прымушае здзіўляцца той раптоўнай пазітыўнай энергіі, якая, здаецца, узнікае сама па сабе. Варта дадаць, што танцавальны майстар-клас адбыўся ў межах гарадскога фестывалю “Пешаходка”. Праект пачаўся у маі і кожныя выхадныя аб’ядноўвае самых розных музыкантаў, акцёраў, танцораў, перформераў, рамеснікаў... Вартасць праграмы не толькі ў тым, што яна задавольвае самыя розныя густы і захапленні, але і дорыць шанс маладым творчым людзям праявіць сябе, паказаць свае навыкі і нават, зразумець, ці патрэбна гэта іншым. У любым выпадку ўтульная добразычлівая атмасфера “Пешаходкі” дае магчымасць усім ахвотным запоўніць сваё жыццё пазітывам і цікавымі ўражаннямі. Арганізатары падумалі і пра кінаманаў, бо амаль усе летнія выхадныя у межах праекта “Open air CINEMA” арганізаваны паказы кінафільмаў на вольным паветры. Прычым тых, што ўдастоены ўзнагарод на прэстыжных міжнародных фестывалях. У суквецці падзей можна разгубіцца. Але кожны выбірае для сябе штосьці найбольш блізкае альбо стараецца ахапіць усё і адразу, каб максімальна адчуць колеры свята. І ўсё ж галоўны акцэнт у гэтым стракатым калейдаскопе - фестываль “Класіка ля Ратушы”. Сёлета ён праходзіць у трэці раз і традыцыйна збірае самую вялікую колькасць публікі. Канцэрт, што адбыўся 5 жніўня, прайшоў пад знакам пор года. Да гэтай тэмы звярталіся многія кампазітары, але найбольш выразнае ўвасабленне яна атрымала ў творчасці Антоніа Вівальдзі, Пятра Ільіча Чайкоўскага і Астара П’яцолы. Публіка горача прымала гэтую цудоўную і такую розную музыку ў выкананні Струннага аркестра з Італіі і, асабліва, у інтэрпрэтацыі інтэрнацыянальнага трыа “Новая філармонія”. У яго складзе - піяніст Сяргей Смірноў, віяланчэліст Дзмітрый Цыпкін і знакаміты беларускі скрыпач, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Арцём Шышкоў. Музыканты паказалі высокі клас выканання і парадавалі публіку непаўторнай энергіяй. Улічваючы тое, што ў іх шчыльны гастрольны графік, гэты канцэрт па праве можна лічыць адной з самых яркіх музычных падзей лета. А яно працягваецца, запрашае вырвацца са звыклага кругавароту і пераканацца, што побач шмат новага, цікавага і нязведанага.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: