Падзяліцца:
20 Сакавіка 2017
Многія кажуць, панядзелак – цяжкі дзень. Тлумачаць тым, што пасля выхадных складана вярнуцца ў працоўны рытм, прыдумляюць яшчэ якія-небудзь прычыны... На гэтую тэму нават ёсць распаўсюджаны жарт, што ў панядзелак лепш прыходзіць на работу ў аўторак. Як каму, а мне панядзелак падабаецца, асабліва, калі выхадныя ўдалося правесці прыемна і карысна. Таму падсумоўваючы ўражанні падкрэслю, што асабліва цікавай выдалася субота. У Маладзёжным тэатры эстрады адбыліся фінальныя канцэрты адборачнага тура на абодва конкурсы, што праходзяць у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Кожны год вакол гэтых падзей разгараюцца сапраўдныя страсці. Звычайна, як і пасля кожнага конкурсу застаюцца пакрыўджаныя, якія абвінавачваюць журы ў неаб’ектыўнасці і, здараецца, нават непрафесіяналізме. Сёлета, напэўна, у тым ліку і таму, каб праслухоўванні былі даступнымі для максімальна шырокага кола слухачоў і гледачоў і, адпаведна, абмеркавання, адборачныя туры прайшлі ў канцэртным фармаце. Кожны атрымаў магчымасць купіць квіток і прыйсці паслухаць альбо падтрымаць таго ці іншага канкурсанта, а потым супаставіць свае меркаванні з вынікамі. Дарэчы, каторы год мяне запрашаюць працаваць у журы адборачнага тура дзіцячага музычнага конкурсу. Сёлета ён пройдзе у пятнаццаты раз. А пачаўся ў 1996 годзе з міжнароднага конкурсу дзіцячых шоў-праграм і з нейчай лёгкай рукі атрымаў неафіцыйную назву “маленькі базарчык”. У 2003-м яму на змену прыйшоў міжнародны дзіцячы музычны конкурс, які стаў якасна новай прыступкай у фестывальнай праграме. 18 сакавіка ў канцэрце адборачнага тура прынялі ўдзел 10 юных выканаўцаў. Першае і галоўнае, што хачу адзначыць – пасля праслухоўвання канкурсантаў журы аб’ядналася ў адзіным эмацыянальным парыве: якія ў нас таленавітыя, яркія, харызматычныя дзеці! Не ведаю, што будзе далей, але на сённяшні дзень кожны з іх – яркая індывідуальнасць. І як падчас аб’яўлення вынікаў сказаў старшыня журы народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, кожны з фіналістаў варты выступіць на сцэне “Славянскага базару ў Віцебску”. Але ж конкурс ёсць конкурс і перад журы стаяла няпростая задача выбраць пераможцу. Шчаслівы квіток выпаў Марыі Магільнай з Магілёва, выхаванцы арт-студыі “Анёлы дабра”. Літаральна на два балы менш набрала Арына Пехцерава, якая таксама займаецца ў гэтай жа студыі. Складана прадугадаць, як падзяляе сваё сэрца паміж гэтымі таленавітымі і такімі рознымі дзяўчынкамі іх педагог Таццяна Галіноўская, але бясспрэчна, яна адчувае радасць і, нават, акрыленасць! Аднадушнае меркаванне журы, гарачыя апладысменты публікі – гэта і ёсць самая галоўная ацэнка прафесіяналізму не толькі выканаўцы, але і педагога. Дарэчы, каштоўнасць перамогі падкрэслівае фармат адкрытага галасавання. Ацэнкі кожнага члена журы бачылі ўсе прысутныя ў зале, бо яны дэманстраваліся на экране, а потым падсумоўваліся. Гэтая адкрытасць зняла многія пытанні, якія часта ўзнікаюць пасля конкурсных праслухоўванняў... Роўнай, спакойнай, хаця і прыўзнятай атмасферай адрозніваўся і дарослы адборачны тур. Дарэчы, там склалася падобная сітуацыя. Пасля выканання першай конкурснай песні вызначыліся два лідары - Ягор Шаранкоў і Кірыл Ермакоў. У суме атрымалася разбежка ў два балы на карысць Ягора Шаранкова, які і прадставіць Беларусь на XXVI Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск 2017”. Разам з пажаданнем поспеху пераможцам хочацца падзякаваць арганізатарам адборачных тураў за свята, якое яны падарылі і журы, і фіналістам, і гледачам. Журы завяршыла работу, як кажуць, з адчуваннем сумленна выкананага абавязку, удзельнікі доўга не маглі супакоіцца, рабілі фотаздымкі на памяць, віншавалі адно аднаго, ну, а гледачы пакідалі тэатр эстрады ў выдатным настроі. У апошнім я мела магчымасць пераканацца, калі падчас канцэрта дарослых выканаўцаў сядзела сярод публікі і не толькі гэтак жа горача пляскала ў далоні, але і слухала каментарыі сваёй суседкі, якая са шчырым шкадаваннем скардзілася на тое, што прыйшла без кветак. Безумоўна, на агульны эмацыянальны стан уплывала і тое, што свята прыгожа і далікатна, не зрушыўшы акцэнты, адцянялі выступленні папулярных беларускіх артыстаў. Важна і тое, што ва ўсіх нас ёсць выдатная магчымасць перажыць гэтыя яркія імгненні і ўражанні яшчэ раз у тэлеэфіры. Нашы калегі з канала “Беларусь 3” вялі здымкі абодвух канцэртаў, якія можна будзе паглядзець 25 і 26 сакавіка. Мне падаецца, што, у тым ліку і гэта ў лепшым сэнсе слова бударажыла фіналістаў, арганізоўвала, настройвала, стымулявала на максімальную творчую аддачу. Бо, як вядома, тэлевізійная аўдыторыя непараўнальна больш шырокая і разнастайная чым любой канцэртнай залы. Таму для кожнага маладога выканаўцы гэта ўнікальны і каштоўны шанс заявіць пра сябе. Што ж, ад панядзелка да суботы ўсяго толькі пяць дзён – выдатны перыяд, каб астыць ад эмоцый, паглядзець на выступленні свежым поглядам, зрабіць высновы і з новымі сіламі ісці далей...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: