Падзяліцца:
4 Красавіка 2017
На дварэ пачатак красавіка і складана ўтрымацца ад рэверанса вясне. У тым ліку і таму, што мы прызвычаіліся асацыіраваць яе з надзеямі, пераменамі, радасцю… Пра гэта дастаткова выразна гавораць і творы мастацтва. Мяркую, многія з нас неаднаразова захапляліся, з якой мяккасцю і пяшчотай перададзена вясновае адбуджэнне на палотнах знакамітых мастакоў, напрыклад, Саўрасава, Левітана, Куінджы… А як ярка ўвасоблена музыка прыроды ў творах Вівальдзі, Моцарта, Чайкоўскага, Штрауса, П’яцолы! Нягледзячы на прыналежнасць да розных эпох, стыляў, іх аб’ядноўвае дзівосная лёгкасць, паветранасць, вытанчанасць, сонечнасць і аптымізм, таму складана не пагадзіцца з геніямі і сумнявацца ў тым, што вясна, насамрэч, казачная пара. Тым больш, калі яна не толькі хвалюе агульнай атмасферай, але і дорыць цудоўныя ўражанні ад цікавых падзей. На мой погляд, адна з самых сугучных вясноваму настрою – прэм’ера оперы Моцарта “Чароўная флейта”, якая адбылася 30 сакавіка. На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета гэта другая пастаноўка аднаго з самых вядомых і апошніх твораў Моцарта. Як вядома, першая была здзейснена ў 1987-м рэжысёрам Маргарытай Ізворскай-Елізар’евай, ішла практычна 30 гадоў. Каб падарыць оперы новае сцэнічнае жыццё, у Мінск была запрошана міжнародная каманда на чале з нямецкім рэжысёрам-пастаноўшчыкам Хансам-Яхімам Фраем. Сумесна з аўстрыйскім дырыжорам Манфрэдам Майрхоферам яны некалькі гадоў таму працавалі ўжо на беларускай сцэне над пастаноўкай оперы Вагнера “Лятучы галандзец”. Такія запрашэнні – сусветная практыка. І яны заўсёды на карысць і артыстам, і гледачам. Сустрэчы, работа, стасункі з рознымі рэжысёрамі, дырыжорамі ўзбагачаюць, пашыраюць і раскрываюць магчымасці трупы, дапамагаюць быць у курсе сусветных тэатральных тэндэнцый. Дый нездарма кажуць: “Усё пазнаецца ў параўнанні”. Маецца на ўвазе не толькі параўненне стылю работы канкрэтных людзей, але і ладу, рытму жыцця іншых тэатраў. Асабіста мне спадабалася, што першапачаткова рэжысёр і дырыжор выказалі жаданне не эпаціраваць, не рабіць пераварот, у тым ліку ў свядомасці гледача, а беражліва захаваць першакрыніцу, толькі ўзмацніць некаторыя акцэнты, выкарыстоўваючы сучасныя сродкі выразнасці. З першых тактаў оперы ўражвае камп’ютарная графіка, а пасля падняцця заслоны – сцэнаграфія, мудрагелістыя касцюмы ў стылі фэнтэзі, у якіх угадваюцца вобразы з папуляных сучасных кіна-і тэлеказак “Валадар кольцаў” і “Гульня прастолаў”. Па словах рэжысёра, гэта дазволіла яму спалучыць некалькі эпох. Што да музыкі, то дырыжор Манфрэд Майрхофер яшчэ у пачатку работы над пастаноўкай ясна акрэсліў сваю пазіцыю: “У гэтай оперы няма нічога, што можна было б зрабіць лепей. Яна дасканалая”. Але ж, хто можа лепш перадаць ідэю і стыль славутага аўстрыйскага немца, як часта называюць Моцарта, чым аўстрыйскі рэжысёр і нямецкі дырыжор? Сапраўды, апрача глыбокіх ведаў, неабходна сэрцам адчуваць менталітэт кампазітара. Хаця, безумоўна, канчатковы вынік залежыць не толькі ад намаганняў рэжысёрска-пастановачнай групы, але і ад таго, як на іх адклікаюцца артысты. Падчас спектакля я чарговы раз пераканалася, што музыку Моцарта немагчыма выконваць з халодным сэрцам. Асабліва цудоўны хор пад кіраўніцтвам Ніны Ламановіч. Сваім бездакорным гучаннем ён настолькі ўзмацняе драматургію, эмацыянальна дапаўняе дзейства, што міжволі чакаеш яго наступнае з’яўленне на сцэне. Ну, а наступны прэм’ерны паказ оперы “Чароўная флейта” адбудзецца 18 красавіка. Апрача выдатнай музыкі, захапляльнага казачнага сюжэта, яркіх незвычайных касцюмаў, дастойнага выканання, гледача, безумоўна, павінна прывабіць і двухмоўе. Згодна з сусветнай тэндэнцыяй, апошнім часам беларускі оперны прапануе спектаклі на мове арыгінала, але ў выпадку з “Чароўнай флейтай” зроблена выключэнне. Яна напісана ў форме зінгшпіль, дзе музычныя нумары чаргуюцца з дыялогамі. Рэжысёр пагадзіўся, што будзе апраўдана пакінуць іх на рускай мове. І хаця моўны бар’ер дапамагаюць пераадольваць цітры, гэта дазволіць гледачам яшчэ больш уважліва сачыць за сюжэтам, які, дарэчы, ужо больш за 200 гадоў хвалюе публіку. Па колькасці пастановак у свеце “Чароўная флейта” ўваходзіць у тройку самых папулярных опер. Кажуць, што яе поспех прадказаў сам кампазітар. Пасля прэм’еры ў верасні 1791 года, якой ён жа і дырыжыраваў, Моцарт напісаў жонцы: “Я толькі што вярнуўся з оперы, тэатр, як і заўсёды, перапоўнены… Але мяне больш за ўсё радуе маўклівае адабрэнне! Адчуваецца, што поспех оперы неперарыўна ўзрасце...” Праз два месяцы, ва ўзросце 35 гадоў кампазітар памрэ, а праз многа гадоў выдатны музычны крытык, педагог, кампазітар Барыс Асаф’еў скажа: “Бадай, няма імені, перад якім чалавецтва так добразычліва схілялася, так радавалася і замілоўвалася. Моцарт - сімвал самой музыкі». Што ж, на мой погляд, гэта ўжо прычына, па якой можна і трэба ісці ў тэатр. Хаця б дзеля таго, каб прычыніцца да сонечнага дару кампазітара...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: