
Як вядома, кожны час мае сваіх герояў. Узгадваючы сімвалы нашай эпохі у першую чаргу думаецца пра людзей, якія яе ствараюць. Адзін з самых яркіх і значных – кампазітар, народны артыст Беларусі і СССР Ігар Міхайлавіч Лучанок сёння адзначае 80-годдзе. Гэта – асаблівы дзень для беларускай музычнай культуры і не толькі. У першую чаргу таму, што цудоўныя, глыбока нацыянальныя мелодыі майстра кранаюць душы самых розных людзей, у тым ліку, здавалася б, далёкіх ад мастацтва. Немагчыма знайсці чалавека, які не ведаў бы “Спадчыну”, “Мой родны кут”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Майский вальс», “Зачарованная”… Не раз задавалася пытанне - у чым сакрэт іх поспеху? Пагаджуся, што найперш у спалучэнні вытанчанай музычнай мовы і шчырасці. Сам кампазітар лічыць, што “галоўнае ў песні – мелодыя, а яна – заўсёды таямніца”. Пэўна таму і не трэба шукаць тлумачэнняў, бо самае важнае і лепшае – адчуваць гэтую таямніцу. Да майго сэрца яна дакранулася ў далёкім дзяцінстве, калі ў рукі трапіў часопіс “Кругозор” з гнуткай пласцінкай ансамбля “Песняры” і запісам кампазіцыі “Алеся” на верш Аркадзя Куляшова. Ужо тады падсвядома я адчула магічнае зачараванне дзівосным супадзеннем музыкі, верша і пранікнёнага выканання. Нездарма кажуць, што чыстае дзіцячае сэрца найбольш адкрыта для шчырасці, радасці і прыгажосці. А зараз я разумею, што гэта была адна з маіх першым сустрэч з сапраўдным мастацтвам. Сёння “Алеся” ўпрыгожвае залаты фонд нацыянальнай песеннай культуры і, канечне ж, застаецца адной з маіх самых любімых кампазіцый. Прызнаюся, складана сказаць штосьці новае пра творчасць і асобу Ігара Лучанка. Здаецца, што б ні гаварылі ці пісалі, гэта ўжо будзе паўтор. Таму, улічваючы сугучнасць нашых думак, застаецца толькі падзяліцца некаторымі момантамі ўласных адкрыццяў і асабістых сустрэч з музыкай майстра. Зноў жа, сярод уражанняў дзяцінства - нотны зборнік “Спяваюць “Песняры”. З дзесяці песень - тры з іх Ігара Лучанка. Адкрывала яго знакамітая “Спадчына”. У 70-ыя яна шырока гучала на радыё і тэлебачанні. Зразумела, што гэта падагравала імкненне прачытаць ноты і іх агучыць. Ну, а калі гэта ўдавалася сэрца напаўнялася светлай радасцю, нібыта дакраналася да цуду.
Доўгі і шчаслівы лёс гэтай кампазіцыі пераконвае ў слушнасці думкі, што ў ёй, сапраўды, закладзены генетычны код беларусаў. “Спадчыну” Ігар Міхайлавіч напісаў у 1972 годзе, але гэта не першы зварот майстра да творчасці Янкі Купалы. У пачатку 60-ых, зусім маладым чалавекам, выпускніком Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, ён напісаў кантату “Курган” паводле знакамітай паэмы. Запіс у выкананні хору Беларускага радыё і Сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Барыса Райскага захоўваецца ў нашым багатым фондзе. Кантата ўражвае тонкім адчуваннем нерва купалаўскага твора. Таму невыпадкова яна атрымала незвычайны працяг і новае жыццё. Стала асновай рок-оперы “Гусляр”, якую Ігар Міхайлавіч стварыў разам з Уладзімірам Мулявіным і “Песнярамі”. Гэты быў смелы музычны спектакль, на той час рэвалюцыйны твор, які цяжка аднесці да пэўнага музычнага жанру. Там перапляліся і рок, і хард-рок, і фолк, і джаз… Ён уражваў і формай, і зместам, і выкананнем. Таму адразу пасля прэм’еры “Гусляра” ў 1978 годзе пачалося яго трыумфальнае шэсце па гарадах былога Савецкага Саюза. Цікава, што Ігар Лучанок тлумачыў поспех выразнымі мелодыямі, а Уладзімір Мулявін лічыў - калі тэкст не натхніць людзей на роздум, то ніякая мелодыя не выратуе твор. Што ж, абедзьве думкі маюць права на жыццё. Але, гаворачы пра поспех рок-оперы, я схіляюся да таго, што для абодвух творцаў Купала - духоўны настаўнік, таму яны ўклалі ў “Гусляра”, як кажуць, усю сваю існасць. Гэта адчуваецца ў неверагодным эмацыянальным напале, які захоўваецца і ў запісе. Дыск выйшаў у пачатку 80-ых і твор стаў даступным для шырокай публікі. Мая душа назаўсёды занатавала тое ўзрушэнне, якое я адчула пасля праслухоўвання. Хацелася зноў і зноў вяртацца да “Гусляра”, слухаць, паўтараць, уяўляць… Зараз я разумею, што гэта і ёсць магія сапраўднага мастацтва, якое найперш павінна выклікаць эмоцыю. Штосьці падобнае я адчуваю, калі слухаю ваенныя песні Ігара Міхайлавіча, найперш тыя, што напісаны на словы Міхаіла Ясеня. Калі “Майский вальс” кружыць нястрымнай радасцю, то “Письмо из 45» працінае і глыбокай журбой, і наканаванасцю, і светлай надзеяй… А галоўнае - і тое, і тое кранае да слёз, як, зрэшты, многія іншыя творы кампазітара. І ў гэтай чалавечнасці – іх годнасць. Яна непадуладна ні модзе, ні часу, ні фармату, ні іншым найноўшым тэндэнцыям. Крылы песень Ігара Лучанка нібыта абдымаюць пакаленні, спалучаюць эпохі, таму што прасякнуты вечнымі каштоўнасцямі. Выкарыстоўваючы радок з аднаго з самых вядомых твораў кампазітара на верш Роберта Раждзественскага, хочацца сказаць: “И пока на земле существует любовь” гэтыя песні будуць патрэбны людзям!