Падзяліцца:
 Музычны дзённік. Радыёблог Таццяны Якушавай, 18.09 2018 (аудыё)
18 верасня 2018
 Музычны дзённік. Радыёблог Таццяны Якушавай, 18.09 2018 (аудыё) У гэтыя вераснёвыя дні міжволі пытаешся: “Што такое восень - пара года альбо стан душы?”. Адказ такі ж просты, як і само пытанне. Гэта час, калі непазбежнасць законаў прыроды супадае з хваляваннем, якое мы захавалі з дзяцінства. Пачатак навучальнага года, усведамленне новай прыступкі жыцця, прадчуванне чагосьці прыемнага, невядомага… Апрача ўсяго, не дае сумаваць па леце восеньская энергія рамантыкі і творчасці. Ёй прасякнуты першыя філарманічныя канцэрты. Яны сталі прыгожай каларытнай прэлюдыяй да праграмы “Чайкоўскі-гала”, якой Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з Аляксандрам Анісімавым адкрывае чарговы канцэртны сезон. Свой творчы выбар галоўны дырыжор калектыву тлумачыць не толькі неабходнасцю нагадаць пра 125-годдзе з дня смерці кампазітара, але галоўным чынам выказаць уласныя адносіны да спадчыны генія. Паводле слоў маэстра, “Музыка Чайкоўскага – вадаспад адкрытых эмоцый… Адкрываючы партытуры яго сімфоній, нібыта датыкаешся да распаленага сэрца…” Што ж, хочацца каб як мага часцей мы маглі ўжываць гэтую цудоўную метафару, захапляючыся не толькі рознай музыкай, але і яе выкананнем. Сама я гэтыя спадзяванні звязваю з канцэртамі, што маюць адбыцца ў бліжэйшы час у абедзвюх філарманічных залах. 23 верасня ў Вялікай будзе гучаць музыка Дзітрыха Букстэхудэ, цыкл з сямі кантат “Membra Jesu Nostri”. У кожнай – малітоўна-сузіральны зварот да пэўнай часткі цела Ісуса, іх адухаўленне і асэнсаванне. Паслядоўнасць аповеду - прадуманая і сімвалічная. Эмацыянальны напал нарастае ў фінале, дзе апяваецца пакланенне сэрцу і ліку - сімвалам любові і чалавека-асобы. Так апісвае твор аўтар ідэі, натхняльнік і дырыжор канцэрта, знаўца барочнай музыкі Дзмітрый Зубаў. Ён, дарэчы, любіць здзіўляць публіку цікавымі, нават незвычайнымі праграмамі. У канцэртах, якія ладзіць маэстра, можна пачуць не толькі творы, што рэдка выконваюцца, але і адмысловыя гістарычныя інструменты. Так будзе і зараз. На віёле да гамба і тэорбе (старадаўніх разнавіднасцях віяланчэлі і лютні) сыграюць запрошаныя музыканты, замежныя сябры і аднадумцы Дзмітрыя Зубава. Таксама сярод выканаўцаў – ансамбль “Камерныя салісты Мінска”, хор “SALUTARIS” і салісты-вакалісты. У праекце возьме ўдзел сапрана з Германіі Мехтхільд Бах. Яна ўжо двойчы выступала ў Беларусі, а падчас візіту, што мае адбыцца, пакажа сябе як цудоўная выканаўца не толькі музыкі барока, але і іншых эпох. Дапаможа ёй у гэтым усё той жа Дзмітрый Зубаў, які 25 верасня ў малой зале імя Р. Шырмы будзе акампаніраваць спявачцы. Абодва канцэрты пройдуць у межах праекта “Тыдні Германіі”, які ладзіцца больш за 10 гадоў. Што ж, ужо ў пачатку творчага сезона музыка гэтай восені адрозніваецца не толькі разнастайнасцю, але і пэўнай дзёрзкасцю. Чаго вартая пастаноўка ў Вялікім тэатры оперы “Саламея” Рыхарда Штраўса! Яна выклікала столькі шуму і не толькі ў музычна-тэатральным асяроддзі, што нават давялося адмовіцца ад вераснёўскай прэм’еры. Але нездарма кажуць: што ні робіцца – усё да лепшага! Хочацца пажадаць, каб перанос на кастрычнік станоўча паўплываў і на выкананне, і на далейшы лёс спектакля на беларускай сцэне. Каб ён быў доўгі і шчаслівы, бо і твор, і пастаноўка таго вартыя. Пасля генеральнага прагону я атрымала даволі магутнае ўражанне, якое не пакідае мяне і зараз. Безумоўна, галоўнае зерне - у геніяльнай музыцы. Яна ўзрушае сваёй экспрэсіяй і нібыта апускае ў глыбіні чалавечай душы. Разам з тым вымагае дасканаласці выканання. Але мы ведаем - шлях да яе бясконцы. І ўсё ж хацелася б, каб кожны паказ спектакля стаў крокам спасціжэння гэтай недасяжнай катэгорыі. Ахвотна пагаджуся, што пастаноўка стала калі не грандыёзнай, то найбуйнейшай падзеяй і для тэатра, і для культурнага жыцця краіны. Нарэшце, твор, які больш за сто гадоў упрыгожвае лепшыя сцэны свету, прыйшоў і да нас. Варта дадаць, што рэжысёрскае рашэнне не шакіруе натуралізмам альбо эпатажнымі знаходкамі. Спектакль, наадварот, заклікае паразважаць на тэму чалавечай прыроды з ўсімі яе страсцямі і заганамі, якія не залежаць ад цывілізацый. Ва ўсялякім разе, пасля генеральнага прагону наша невялікая кампанія яшчэ колькі часу не магла расстацца. Мы абмяркоўвалі, спрачаліся, разважалі і, нарэшце, прыйшлі да высновы, што гэта самае галоўнае. Калі спектакль альбо любы твор мастацтва прымушае пра яго гаварыць, значыць, ён адбыўся. І не важна, атрымалі мы адказ на сваё пытанне альбо будзем пакутаваць ад думкі, што ж хацелі нам сказаць стваральнікі, галоўнае, што працавала душа. Пульсіраваць яе прымушаюць і фінальныя словы Саламеі: “Таямніца кахання большая, чым таямніца смерці”. Думаецца, што іх сэнс тычыцца не толькі чалавечых лёсаў, але і бессмяротных твораў мастацтва.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: