
Адлік часу я заўсёды звязваю з пэўнымі ўражаннямі, таму, абагульняючы апошнія падзеі, асмелюся перафразаваць братоў Стругацкіх – асабіста для мяне мінулы панядзелак пачаўся ў нядзелю. Тыдзень, сапраўды, выдаўся фантастычным, у тым ліку і таму, што прайшоў пад знакам ХIII Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. Але, нягледзячы на значнасць і маштабнасць свята, яно не перашкаджае сачыць за іншымі падзеямі, атрымліваць уражанні, захапляцца і пераконвацца, што мастацтва - заўсёды радасць, якія б драматычныя тэмы яно не закранала. Тым больш, што іх можна падаваць па-рознаму, а добрая камедыя, пагадзіцеся, заўсёды прымушае задумацца пра сур’ёзнае. З усмешкай на вуснах і цяплом у душы я вярталася дамоў са спектакля “Шлюбны дагавор” тэатральнага праекта “ТрыТфармаТ”, створанага акцёрамі Мінскага тэатра-студыі кінаакцёра. Гэта той выпадак, калі ўзгадваецца вядомая прымаўка - шчаслівыя гадзін не заўважаюць. Сапраўды, спектакль прайшоў на адным дыханні! Цудоўная рэжысёрская работа! На першы погляд незаўважная, але гэта не памяншае яе вызначальную ролю. Мяркую, менавіта дзякуючы вопытнаму майстру Таццяне Траяновіч была абрана трапная танальнасць спектакля, якая аб’яднала акцёрскі ансамбль. Ён невялікі, але настолькі зладжаны і гарманічны, што немагчыма кагосьці вызначыць. І ўсё ж, дуэт Веры Паляковай і Станіслава Старасціна, як кажуць, нястомна прыкоўваў увагу і аказаўся асабліва феерычным. Ну, і канечне ж, уражанні былі б няпоўныя без музыкі. Каларыт, тэмп, рытм, настрой, нарэшце, натхненне і энергетыка акцёраў - усё сплялося ў адзінае цэлае. І хаця ў спектакля ёсць пэўная нацыянальная прывязка, геаграфія сюжэта не мае межаў. Расказаная гісторыя ў той ці іншай ступені блізкая любой сям’і ў любой краіне, таму, упэўнена, многія гледачы ў зале адчувалі сябе яе ўдзельнікамі. Назіраючы за публікай, мне прыгадаліся словы легендарнай Фаіны Ранеўскай “слёзы гледачоў – гэта апладысменты душы”. Безумоўна, яны тычацца не толькі тэатра, але і ўсяго мастацтва. Штосьці падобнае я адчула на канцэрце латышскага кампазітара Петэрыса Васкса, што адбыўся ў межах фестывалю Юрыя Башмета. Па значнасці і сіле ўражанняў я параўнала б гэтую падзею з леташнім прыездам Кшыштафа Пендарэцкага і выкананнем яго сімфоніі “Сем брам Іерусаліма”. Музыку абодвух кампазітараў па праве называюць сучаснай класікай. Гэта, дарэчы, было пазначана і на афішы. Мне падалося, вечар прэм’ер Петэрыса Васкса абверг распаўсюджанае меркаванне, што сучасная музыка прымушае ў першую чаргу думаць, а не адчуваць. Кожны твор прасякнуты неверагоднай эмацыянальнай сілай, гібкасцю і, што важна, выконваўся з любоўю. Дарэчы, з удзячнасцю гэта падкрэсліў і сам кампазітар. А я чарговы раз падумала - наколькі якасць гучання аркестра залежыць ад дырыжора! Маэстра Атварс Лаксцігала неаднаразова выконваў музыку Петэрыса Васкса, але з Дзяржаўным сімфанічным аркестрам Беларусі ўпершыню. На маю думку, яму ўдалося прымусіць музіцыраваць не толькі калектыў, але і публіку. Гэта адчувалася і ў гарачым прыёме залы, і ў асаблівым пад’ёме ў закуліссі пасля канцэрта. Дырыжор і кампазітар яшчэ доўга прымалі захопленыя водгукі і з задавальненнем падтрымлівалі дыялог з ахвотнымі. І хаця адказы на многія пытанні мы пачулі падчас выканання той жа Другой сімфоніі, якую сам Петэрыс Васкс называе раманам у музыцы альбо віяланчэльным канцэрце ці творы з красамоўнай назвай Credo, усё ж цікава было пачуць меркаванне кампазітара пра сучасныя музычныя тэндэнцыі, эксперыменты, інтарэсы публікі… Петэрыс Васкс настойліва падкрэсліваў сваю пазіцыю ствараць сардэчную музыку. Лічыць, што менавіта яна найперш патрэбна людзям, а не інтэлектуальныя гульні і эксперыменты. Таму маэстра піша так, як адчувае, імкнецца дарыць любоў, верыць, што музыка здольна зрабіць людзей больш шчаслівымі і лічыць гэта задачай усіх кампазітараў. Хочацца дадаць - не толькі кампазітараў, але і выканаўцаў. А ў якасці прыкладу прывесці яшчэ адзін канцэрт з башметаўскага фестывалю. У праграме “Артысты ХХI стагоддзя” выступілі маладыя музыканты, лаўрэаты прэстыжных міжнародных конкурсаў. Не проста моцнае, а ашаламляльнае ўражанне пакінуў цудоўны японскі скрыпач Татсукі Нарыта. Выдатная музыка Паганіні, Ізаі, майстэрства выканаўцы, старадаўняя скрыпка Страдывары, атмасфера канцэртнай залы “Верхні горад” – усё, як кажуць, супала і мы наяве адчулі, што магічная сіла мастацтва - гэта не толькі прыгожыя словы, а вялікая таямніца, якой валодаюць абраныя. Магчымасць да яе прычыніцца – гэта шанс наталіцца жыццёвай энергіяй, а яшчэ падзяліцца апладысментамі сваёй душы з тымі, хто, безумоўна, іх заслугоўвае.