Падзяліцца:
Музычны дзённік. Радыёблог Таццяны Якушавай. 31.07.2018 (аудыё)
31 ліпеня 2018
Музычны дзённік. Радыёблог Таццяны Якушавай. 31.07.2018 (аудыё) Як вядома, у кожнай краіны, кожным горадзе ці мястэчку ёсць свой каларыт. Лічыцца, што яго галоўны складнік – архітэктура. Але хочацца дадаць і музыку, якая напаўняе прастору асаблівай энергіяй. Бясспрэчна, яе гукавая плынь спрыяе раскрыццю эмоцый. А яны нараджаюцца і тады, калі мы адкрываем для сябе новыя мясціны, і тады, калі з прадчуваннем яркіх уражанняў вяртаемся ў знаёмае асяроддзе. Пераканацца ў гэтым можна, напрыклад, пагуляўшы ў летнія выхадныя па цэнтральных вуліцах і парках нашай сталіцы. Але, каб паўней адчуць асаблівасці і адметнасці Мінска, мне здаецца, неабходна пацікавіцца пульсам іншых гарадоў. Некалькі дзён таму выдалася такая магчымасць, якую я з задавальненнем скарыстала, накіравалася ў Варшаву. У мяне не было пэўнага турыстычнага маршруту, проста хацелася пакінуць звыклую зону камфорту, акунуцца ў іншую атмасферу, пахваляваць уяўленне і атрымаць пазітыўны стрэс. Прызнаюся, у гэтым мне дапамагаюць менавіта самастойныя вандроўкі, таму я практычна ніколі не звяртаюся да паслуг гіда, а давяраю найперш сваёй інтуіцыі. Адчуваю нават своеасаблівы спартыўны інтарэс - куды яна мяне прывядзе і што дапаможа ўбачыць. Нягледзячы на будны дзень, цэнтр Варшавы ўразіў колькасцю людзей, прычым не толькі турыстаў, але і, мяркуючы па ўсім, саміх гараджан. Адчуваецца, што вячэрнія прагулкі - добрая мясцовая традыцыя. Падчас іх можна зазірнуць у адно са шматлікіх утульных кафэ, а можна атрымаць задавальненне ад майстэртва вулічных музыкантаў. А яны, як кажуць, на кожным кроку. Шматлікія імправізаваныя канцэртныя пляцоўкі прапануюць праграмы на розныя густы – і акадэмічную музыку, і джаз, і фламенка... Прычым, варта адзначыць высокі выканальніцкі ўзровень. На мой погляд, гэта тлумачыцца даволі жорсткай канкурэнцыяй. Публіка сама выбірае дзе спыніцца на хвілінку, а дзе затрымацца на гадзіну, які пакінуць ганарар альбо проста прайсці міма. Адпаведна, яе ўвага і шчодрасць залежаць ад майстэрства музыкантаў, іх умення прывабіць, сабраць вакол сябе ўдзячных слухачоў. Безумоўна, часцей за ўсё ідуць на знаёмыя гукі папулярных твораў Баха, Вівальдзі, Моцарта, але затрымліваюцца там, дзе іх па-сапраўднаму здзіўляюць, у тым ліку і экзотыкай музычных інструментаў. Прыклад – поспех дуэта бандурыстак, якія сабралі вакол сябе цэлы натоўп зацікаўленых. Назіраючы за ўсім мне падумалася, што для музыкантаў вулічнае мастацтва - ў пэўным сэнсе рулетка, бо ніколі не ведаеш, колькі будзе публікі. А для слухачоў – магчымасць шырокага выбару, бо за кароткі тэрмін можна атрымаць багатую палітру ўражанняў, прычым абсалютна бясплатна. З аднаго боку гэта песціць, з іншага - пашырае гарызонты пазнання, а галоўнае - стварае агульную пазітыўную атмасферу. І ўсё ж, нягледзячы на стракатасць выбару, яе галоўная дамінанта – музыка славутага Фрыдэрыка Шапэна. Ёй, здаецца, прасякнута ўся Варшава. Гэтае адчуванне ствараюць, у тым ліку, і музычныя зэдлікі. Яны зроблены з чорнага граніту і аздоблены спецыяльнай аўдыясістэмай. Дастаткова націснуць на клавішу - і наваколле напоўніцца чароўнымі гукамі фартэпіяна. Ідэя гэтага папулярнага праекта ўзнікла з нагоды святкавання 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара, якое адзначалася ў 2009-ым. Зэдлікі расстаўлены ў месцах, якія калісьці наведваў Шапэн і даюць магчымасць не толькі паслухаць фрагменты з яго твораў, але і адчуць атмасферу тагачаснай Варшавы. Ну, а тым, хто хоча больш глыбока спрычыніцца да творчасці славутага рамантыка, горача раю наведаць музей Фрыдэрыка Шапэна. Ён уражвае спалучэннем гістарычных экспанатаў і сучасных мультымедыйных тэхналогій. З аднаго боку – гэта рукапісы, дакументы, аўтографы, лісты, асабістыя рэчы, раяль, на якім іграў кампазітар... З іншага – музей дае магчымасць абсалютна пагрузіцца ў музыку. Адасобіўшыся ад усіх, пры дапамозе навушнікаў і клікабельнай кнігі, можна выбраць любы твор Шапэна, паслухаць яго ў выдатным выкананні і нават прасачыць па нотах. Тым, хто хоча атрымаць яшчэ і візуальныя ўражанні, неабходна наведаць пакой з раялем, пакласці ноты на пюпітр і з першымі гукамі музыкі на вялікім экране з’явіцца эфект прысутнасці самога творцы, які ўзмацняе мяккасць прыглушанага святла. Ва ўсім гэтым адчуваецца вялікая любоў і бязмежная павага да кампазітара. Адпаведна міжволі ўзнікае настойлівая думка: Шапэн – не толькі душа фартэпіяна, як калісьці сказаў знакаміты піяніст Артур Рубінштэйш, але і душа самой Варшавы. Нягледзячы на тое, што большую частку жыцця кампазітар правёў за мяжой, сваё сэрца ён завяшчаў радзіме. Яно захоўваецца ў касцёле святога Крыжа ў цэнтры польскай сталіцы – знакавым месцы для прыхільнікаў яго трапяткой, вытанчанай, дзівоснай музыкі. А яна, гэтак жа як і знаёмства з шапэнаўскай Варшавай, не толькі дорыць глыбокія ўражанні, але і дапамагае раскрыць крылы ўласнай душы.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: