
Упэўнена, што кожны з нас хаця б аднойчы скардзіўся на мімалётнасць часу; не ведаю як хто, але я асабліва востра гэта адчуваю ў жніўні і яго адлік заўсёды звязваю з пэўнымі падзеямі. Напрыклад, гэтае лета для мяне пачалося з Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, потым – ліпень і “Славянскі базар у Віцебску”, затым невялікая, але цікавая замежная вандроўка, і вось ужо не за гарамі і восень. Напэўна, таму мяне не адпускае думка, якую я дзесьці нядаўна “злавіла”, што жнівень – гэта рэквіем па леце. Так, гучыць сумна і нават навявае асацыяцыі з фільмам “Рэквіем па мары”, але ж разам з гэтым нагадвае, што ў нас заўсёды ёсць шанс і права выбару. Таму кожнаму я жадаю скарыстаць усе магчымасці і правесці фінал лета ў згодзе з сабой, сваімі жаданнямі і эмоцыямі. А за гэтым не трэба далёка хадзіць. Здараецца, што час, праведзены сам-насам, аказваецца асабліва плённым і прымушае задумацца, што ў непаўторнасці кожнага дня ёсць свая чароўнасць і сэнс. На добры лад нават настройвае элементарная дапытлівасць. Напрыклад, чым жа адметны сённяшні дзень для музычнай гісторыі? На гэтую тэму ёсць чым падзяліцца і пра што паразважаць.
15 жніўня аб’ядноўвае многа яркіх асоб. Яны нарадзіліся і жылі ў розныя эпохі, але калі задумацца, то можна прасачыць і адчуць, як у бясконцым сусвеце пераплятаецца энергія іх творчасці і ўплывае на наступныя пакаленні. Хачу спыніцца на трох абсалютна розных постацях. Галоўнае, што іх аб’ядноўвае – рамантызм, але не ў сэнсе прыналежнасці да пэўнага мастацкага накірунку, а па сваёй эмацыянальнай сутнасці і светаадчуванні.
Сёння, толькі 231 год таму, нарадзіўся знаны рускі кампазітар, герой вайны 1812 года, Аляксандр Аляб’еў. Лёс яму падарыў выдатны талент, сапраўдную дружбу, вялікае каханне, разам з тым прымусіў перажыць мноства драматычных момантаў – здраду, хлусню, забыццё... Але ва ўсіх жыццёвых бурах яго заўсёды ратавала музыка.
Аляксандр Аляб’еў увайшоў у гісторыю, як аўтар шматлікіх вакальных твораў, опер, музычных камедый, але ў большасці з нас яго імя асацыіруецца са знакамітым рамансам “Соловей”. У свой час нават сам Пётр Ільіч Чайкоўскі неяк прызнаўся: “Калі-нікалі ў музыцы падабаецца штосьці няўлоўнае, тое, што не паддаецца крытычнаму аналізу. Я не магу без слёз слухаць “Соловья”. Хаця па водгуках некаторых аўтарытэтаў – гэта вяршыня пошласці”. Што ж, насуперак тагачаснаму меркаванню, Чайкоўскі ўбачыў і адчуў сутнасць раманса, яго выразнасць, у лепшым сэнсе душэўную прастату. І ў гэтым залог доўгага жыцця, прычым ў самых розных інтэрпрэтацыях – і вакальных, і інструментальных.
Такі лёс – гэта шчасце для любога творцы. Яго зведаў яшчэ адзін знакаміты кампазітар, пра ягога сёння хочацца ўзгадаць – Мікаэл Тарывердыеў. Аўтар шматлікіх рамансаў, опер, балетаў, музыкі да кінафільмаў таксама нарадзіўся 15 жніўня, але 87 гадоў таму. Яго называлі апошнім рамантыкам эпохі. Гэтую думку трапна перадаў вядомы кінарэжысёр Сяргей Салаўёў. Ён сказаў, што галоўны тон, галоўны гук музыкі Тарывердыева – гэта настальгія па нечым ідэальным. На мой погляд, асабліва выразна мы яе адчуваем у дзвюх культавых стужках – “Іронія лёсу альбо з лёгкай парай” Эльдара Разанава і “Сямнаццаць імгненняў вясны” Таццяны Ліёзнавай. Іх поспех, калі і не трымаецца, то ў многім залежыць ад музычнай драматургіі. Яна надае асобую, глыбока чалавечную атмасферу, якая ўплывае на падсвядомасць. Мне думаецца, у многім менавіта ёй можна патлумачыць, што для большасці з нас навагодні прагляд той жа “Іроніі лёсу” стаў своеасаблівым прыемным рытуалам. Ад яго мы не адмаўляемся ўжо многа гадоў, хаця, здаецца, ведаем на памяць усе сцэны з фільма.
Упэўнена, не было б гэтага ў лепшым сэнсе слова кансерватыўнага пастаянства, каб не пранікнёная музыка з яе эмацыянальнай вастрынёй, каб не чароўны клавесін з яго непаўторнай душэўнай інтанацыяй. Таму невыпадкова такія творы застаюцца ў памяці пакаленняў. Яны і люстэрка сваёй эпохі, і сувязная стужка часоў.
Тытулам “Апошні рамантык” нараклі і вядомага рок-музыканта Віктара Цоя. 15 жніўня – гэта дзень яго памяці. 28 гадоў таму ён пакінуў гэты свет, але да цяперашняга часу музыкант жыве як у сэрцах сваіх равеснікаў, так і зусім маладых людзей. Вакол творчасці Віктара Цоя не спыняюцца спрэчкі, прыхільнікі імкнуцца раскрыць і патлумачыць сэнс яго песень, разбіраюць іх на цытаты. Для кагосьці яны геніяльныя, для кагосьці прымітыўныя.
Для адных Цой – легенда, для іншых – паспяховы прадзюсарскі праект канца 80-ых… Бясспрэчна адно. Віктар Цой – асоба, харызматычная, таленавітая, са сваёй філасофіяй, якую многія імкнуцца зразумець. Гэтым можна патлумачыць цяперашні зварот да яго песень і калег па цэху, і маладых выканаўцаў. Метафары і сімвалы тэкстаў яны разумеюць па-свойму, але “Звезда по имени солнце”, як да цяперашняга часу называюць музыканта яго прыхільнікі, сагравае многіх сваёй энергіяй і сілай душы. А гэта галоўнае, што адрознівае творы, якія застаюцца ў гісторыі і памяці розных пакаленняў. І ў гэтым прыцягальная таямніца іх стваральнікаў, у тым ліку згаданых сёння асоб, якія нібы тыя зоркі прамільгнулі ў цёплым жнівеньскім небе.