Падзяліцца:
Музычны дзённік. Раскрываць свае сэрцы высокаму... Радыёблог Таццяны Якушавай (аудыё)
4 кастрычніка 2016
Музычны дзённік. Раскрываць свае сэрцы высокаму... Радыёблог Таццяны Якушавай (аудыё) Вітаю вас, сябры! У пачатку кастрычніка мы адзначылі тры цудоўныя святы - Дзень пажылых людзей, Дзень настаўніка і Дзень музыкі. Мяркую, усе пагодзяцца з тым, што іх аб’ядноўвае агульная атмасфера дабра, душэўнага цяпла, прыгажосці… Таму асабліва прыемна адзначыць, што гэтую атмасферу вось ўжо адзінаццаты год гарманічна дапаўняе Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Кожны раз яго праграма бударажыць, дае нагоду для спрэчак, абмеркаванняў… Так і павінна быць, бо гэта сведчыць пра тое, што ён цікавы і для крытычна настроеных прафесіяналаў, і для заўсёды добразычлівых аматараў. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова ў антракце падчас якога-небудзь канцэрта прагуляцца па фае. І тых, і тых лёгка адрозніць па заклапочана-сур’ёзных альбо, наадварот, бесклапотна-шчаслівых тварах. Варта адзначыць, што ёсць яшчэ адна частка публікі – тыя, каго прывялі цікаўнасць, ажыятаж альбо проста выпадак. Іх таксама можна аднесці да катэгорыі шчасліўцаў, якія задаволены тым, што прычыніліся да высокога. Таму пытанне, ці патрэбны нам такія фестывалі, якое, прызнаюся, перыядычна даводзіцца чуць, адпадае само па сабе. Канешне патрэбны! Хаця б дзеля таго хвалявання, што выклікаюць гучныя імёны на афішах у тым ліку і ў людзей, здавалася б далёкіх ад музыкі. Ёсць надзея, што аднойчы наведаўшы хаця б адну з фестывальных праграм, яны абавязкова захочуць яшчэ і яшчэ адчуць прыгажосць і тую высакародную атмасферу, якую дораць гэтыя канцэрты. Апрача ўсяго, такія фестывалі мабілізуюць прафесіяналаў, пашыраюць межы музычнай панарамы горада і набліжаюць Мінск да ўзроўню прызнаных еўрапейскіх культурных сталіц. Праўда, неабходна адзначыць, што любы буйны фестываль – гэта сур’ёзны бізнес-праект, дзе галоўнае не захоплены рамантызм, а прагматычны разлік. Хацелася б, каб у нашай культурнай прасторы гэтыя два складнікі часцей сябравалі і іх саюз спрыяў фарміраванню, не пабаюся гэтага слова, моды на класіку, каб людзі розных прафесій лічылі не прэстыжным, а абсалютна натуральным і нават неабходным наведваць канцэрты класічнай музыкі і, наогул, цікавіцца, што адбываецца ў сферы высокага мастацтва. Тады ў краіну будуць вяртацца многія цудоўныя музыканты, якія вымушаны жыць на Захадзе проста таму, што яны там запатрабаваны як прафесіяналы… Я разумею, што гэта справа часу, але здзіўляюся дысанансу, які, на жаль, на сённяшні дзень мае месца ў нашым культурным асяроддзі. У краіне багата таленавітых людзей, выдатная прафесійная школа, ёсць вялікая колькасць самых разнастайных студый, накіраваных на эстэтычнае выхаванне. І што важна, заняткі ў іх даступныя ўсім, у адрозненне ад мноства іншых краін, дзе дадатковае навучанне каштуе даволі дорага і не кожнай сям’і пад сілу. Я мела магчымасць пераканацца, што ў тых жа ЗША няма звыклых для нас музычных школ, якія практычна бясплатна даюць дзецям комплексную адукацыю. Калі бацькі вырашаюць пашырыць далягляд дзіцяці, яны звяртаюцца да прыватнага педагога. А гэта нятаннае задавальненне. Тое самае ў Англіі, Аўстрыі, іншых краінах… Паводле слоў маіх некаторых замежных сяброў, яны шкадуюць, што ў іх дзяцей няма такіх магчымасцей раскрываць і праяўляць свае здольнасці, якія ёсць у нашых. А калі яны і ёсць, то патрабуюць сур’ёзных выдаткаў. Затое ў гэтых краінах сур’ёзныя перспектвы адкрывае вышэйшая прафесійная адукацыя, таму туды і імкнуцца многія маладыя музыканты з усяго свету, у тым ліку і таленавітыя беларусы. Яны атрымліваюць бясплатную прафесійную базу на радзіме, а потым папаўняюць культурную эліту іншых краін. На першы погляд у гэтым няма нічога дрэннага, бо яны застаюцца беларускімі музыкантамі і заўсёды падкрэсліваюць сваю прыналежнасць да беларускай культуры, але хацелася б іх часцей бачыць на радзіме і самае галоўнае, каб яны былі тут чаканыя, патрэбныя і жаданыя. Многія маладыя музыканты, якія зрабілі сабе імёны на Захадзе, самі да гэтага імкнуцца. Варта прыгадаць леташні тур віяланчэліста Івана Карызны і піяніста Кірыла Кедука, якія, ва многім дзякуючы свайму энтузіязму, за месяц аб’ездзілі ўсю Беларусь, далі 27 канцэртаў, прычым практычна дабрачынна. Выступалі ў музычных школах, сельскіх клубах, хаця іх мастацтва вартае вялікіх прэстыжных сцэн. Немагчыма ўявіць, што на такія ўмовы пагадзіўся б хто-небудзь з замежных папсовых зорак, ад афіш якіх апошнім часам мільгаціць у вачах. І што самае крыўднае – публіка з радасцю купляецца на гэтую стракатасць, яркія фанцікі за якімі часта няма нічога жывога – ні знешнасці, ні музыкі. У сувязі з гэтым прыгадваецца класічнае “Ах, обмануть меня не трудно!.. Я сам обманываться рад!” Тым не менш, складана не пагадзіцца ў тым, што самае важнае ў любых адносінах, у тым ліку паміж публікай і музыкантамі – гэта шчырасць і сумленнасць, якія, у сваю чаргу залог трываласці і даўгавечнасці. У гэтым нас пераконваюць шэдэўры класікі, што жывуць не адно стагоддзе, дзякуючы таленавітым музыкантам, прыгожым фестывалям і канешне ж, удзячным слухачам, якія гатовы раскрываць свае сэрцы высокаму. Хацелася б пажадаць, каб у гэтым імкненні мы не толькі ўмелі паважаць чужое, але і вучыліся любіць сваё! Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: