Падзяліцца:
16 Жніўня 2017
Лета імкліва набліжаецца да фіналу - засталіся літаральна два тыдні, каб эмацыянальна перазагрузіцца і сустрэць восень на пад’ёме. Па-ранейшаму сцвярджаю, што адпачынак цудоўна можна правесці, не ад’язджаючы за межы не толькі краіны, але і Мінска. Сама я не раз у гэтым пераконвалася, бавячы час у розных кутках сталіцы - ад утульнай Сцяпянкі да Верхняга горада, Траецкага прадмесця ці Лошыцкага парку. Безумоўна, такое ўражанне складваецца ў многім дзякуючы праектам на вольным паветры. Выхадныя сталі асабліва гарачымі не толькі дзякуючы яркаму сонечнаму надвор’ю. Каля ста пяцідзесяці тысяч чалавек прыйшлі на опэн-эйр “А-фэст”, які адбыўся ўжо другі раз у Лошыцкім парку і сабраў ледзьве не ўдвая больш наведвальнікаў, чым летась. Людзі прыйшлі не толькі дзеля забавы альбо смачна паесці, але і паслухаць музыку. А таксама калі не заспяваць што-небудзь разам з любімымі выканаўцамі, то хаця б падпяваць ім. Да гэтага, уласна, і заклікае дэвіз фестывалю: “Заспяваюць усе, нават калі няма слыху”. І сапраўды, немагчыма на яго не адклікнуцца, таму што музыка гучала пастаянна і паўсюль. Але ўсё ж сваю асаблівую лепту ў атмасферу і маштаб свята ўнёс папулярны брытанскі выканаўца Джон Ньюман. Яго выступлення чакалі і, адпаведна, горача прымалі. Крыху іншы па настроі, але не менш цёплы вечар адбыўся ў выхадныя на плошчы Свабоды, дзе прайшоў чарговы канцэрт “Класіка ля Ратушы”. На гэты раз нам выканалі “Беларускую рапсодыю”. Тэматычная праграма аб’яднала творы айчынных кампазітараў, напісаныя для кіно і музычнага тэатра. Дарэчы, ужо стала добрай традыцыяй падчас фестывалю прапаноўваць публіцы не толькі сусветную папулярную класіку, але і нацыянальную музыку. І гэта, на мой погляд, спрыяе ўмацаванню рэпутацыі фестывалю як буйнога асветніцка-пазнавальнага культурнага праекта. Што ж, нягледзячы на розны змест, гэтыя два святы на вольным паветры аб’ядноўвае даступнасць, разнастайнасць уражанняў, прапаноў, а галоўнае - выдатны настрой. І ўсё ж, нягледзячы на агульную прыўзнятую танальнасць, часта даводзіцца чуць, што класічную музыку лепей слухаць у закрытай прасторы. Складана з гэтым не пагадзіцца. Але тым і каштоўны жнівень, што ён дорыць прадчуванне хуткай сустрэчы ва ўтульных канцэртных залах. Не за гарамі адкрыццё сезона ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Ну а пакуль тых, хто асабліва сумуе па камернай атмасферы, гасцінна запрашае канцэртная зала “Верхні горад”. З пазіцыі прываблівання публікі яна знаходзіцца ў ідэальным месцы. Многія турысты, гуляючы па цэнтры сталіцы, не адмаўляюць сабе ў задавальненні наведаць гэтую залу, хаця б для паўнаты ўражанняў. І не толькі музычных, але і гістарычных. Бо канцэртная зала адкрыта ў 2011 годзе ў будынку адноўленай царквы Святога Духа. Яна была пабудавана ў XVII стагоддзі і ўваходзіла ў комплекс мужчынскага і жаночага ўніяцкіх манастыроў. Пазней храм перадалі праваслаўнай царкве, а ў першай палове XX стагоддзя закрылі і затым разбурылі. Але часы памяняліся, справядлівасць перамагла - і архітэктурны помнік рэнесанснай эпохі зноў упрыгожвае гарадскі цэнтр. Дарэчы, стылістыка XVII стагоддзя захавана не толькі звонку, але і ў самім будынку. Люстры, бра, натуральны мармур, мастацкія вітражы – усё гэта стварае пэўную атмасферу і цудоўна настройвае на ўспрыманне класічнай музыкі. Дарэчы, калі пачыналася будаўніцтва залы, планавалася ўстанавіць там арган, але на той момант па аб’ектыўных прычынах ад ідэі давялося адмовіцца. Да яе вярнуліся ў 2015 годзе. У Верхні горад “перасялілі” арган, які каля 50 гадоў “жыў” у Мінскай музычнай школе №2 і служыў хутчэй упрыгажэннем. Спадзяёмся, што пасля працяглага перапынку і завяршэння сур’ёзнай рэстаўрацыі інструмент паспяхова будзе выконваць сваю асноўную функцыю. А аматары арганнай музыкі хутка атрымаюць яшчэ адно месца для душы. Дарэчы, канцэртная зала “Верхні горад” нязменна запрашае нас напаўняць душу цудоўнай і вечнай музыкай розных жанраў. Так, 17 жніўня салісты Нацыянальнай оперы, бас Дзмітрый Капілаў і тэнар Васіль Мінгалёў прэзентуюць рамантычны “Вечар рускага раманса”, 23 жніўня музычная капэла “Санорус” прапануе яркую эмацыянальную праграму “Дзеянне. Страсць. Ілюзія”, а 24-га музычная гасцёўня Таццяны Старчанка творамі Фрыдэрыка Шапэна завершыць свае традыцыйныя “Летнія музычныя вечары ў Верхнім горадзе”. У прадчуванні гэтых падзей і ўражанняў, а таксама згадваючы атрыманыя, як тут не пагадзіцца з вялікім Анарэ дэ Бальзакам: “Жыццё – гэта проста тое, што робяць з намі нашы пачуцці!”.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: