
У кожнага з нас ёсць месца, куды хочацца перыядычна вяртацца; калі-нікалі гэта можна патлумачыць яго своеасаблівай магіяй, атмасферай і нават звычкай. У дачыненні да Віцебска для мяне гэта даўно пераплялося ў адно цэлае, а ліпень і “Славянскі базар” сталі амаль сінонімамі. Але кожны раз жаданне адчуць традыцыю, акунуцца ў знаёмае фестывальнае асяроддзе пераклікаюцца з чаканнямі чагосьці новага. Павінна сказаць – яны заўсёды апраўдваюцца. Нягледзячы на тое, што часта даводзіцца чуць (ды і ў самой, прызнаюся, закрадваюцца такія думкі), маўляў, фестываль ўжо не той, няма таго размаху, прыязджаюць адны і тыя ж артысты... Словам, узнікае лёгкі эфект дэжавю.
З чымсьці можна пагадзіцца, але калі глядзець на ўсё, што адбываецца не вачамі патрабавальных заўсёднікаў альбо журналістаў, якія штогод прыязджаюць на фестываль, а звычайных гледачоў, то самае галоўнае – “Славянскі базар” жыве сваім бурлівым, яркім, дынамічным жыццём. Яго любяць, да яго рыхтуюцца. Практычна ўсе канцэрты і спектаклі праходзяць з аншлагам і прымаюцца на ура! Не кажучы ўжо пра агульную атмасферу ў горадзе, якая літаральна прасякнута святам. Каб яе адчуць, нават неабавязкова купляць квіток на які-небудзь канцэрт. Дастаткова пагуляць па віцебскіх вуліцах, убачыць вялізарную колькасць усмешак (здаецца, усміхаецца сам горад), падыхаць радасцю, пазітывам...
Паўсюль ідзе гандаль, працуюць выставачныя пляцоўкі, “Горад майстроў”... Пэўную кіпучасць і дынаміку надае таксама фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”. Гэта, канечне, не карнавал у Бразіліі, але яго тэатралізаваныя шоў, перфомансы, жывыя скульптуры не толькі ствараюць выразны каларыт, але і ўцягваюць у працэс усіх ахвотных. Таму, безумоўна, праект “На сямі вятрах” – адзін з самых цікавых набыткаў “Славянскага базару”. У тым ліку і таму, што гэта жывое, інтэрактыўнае мастацтва. А публіка на гэта заўсёды асабліва рэагуе.
Прыклад таму – велізарны поспех канцэрта Горана Брэгавіча з «Wedding and Funeral Band» і Эміра Кустурыца з «No Smoking Orchestra» ў Летнім амфітэатры. Ён стаў, бадай, адным з самых яркіх уражанняў “Славянскага базару”, і не тое, што апраўдаў, а пераўзышоў усе чаканні. Калі Горан Брэгавіч ў першым аддзяленні пакарыў публіку галоўным чынам музыкай, то Эмір Кустурыца ў другім – нястрымным драйвам, узрушальнай харызмай і тэмпераментам. Асабліва, калі з усім аркестрам выйшаў у залу... і як кажуць, “сышоў у адрыў”.
Гаворачы пра гэты канцэрт, магчыма і не зусім дарэчы, але ўспамінаюцца знакамітыя радкі “музыка павінна высякаць агонь з душы чалавека”. Сапраўды, эмацыянальнага агню было дастаткова, у тым ліку дзякуючы абсалютна жывому гуку, які не так часта, на жаль, даводзіцца чуць у Летнім амфітэатры, асабліва ў зборных канцэртах. Многія спасылаюцца на тэлевізійныя здымкі і немагчымасць ідэальна наладзіць гук. Тым не менш, ёсць артысты і калектывы, якіх гэта не палохае.
Па-сапраўднаму “расхістаў” залу і Кубанскі казацкі хор, які выступіў у дзень закрыцця фестывалю з вялікай сольнай праграмай. Артысты паказалі высокі клас спалучэння харавога мастацтва і харэаграфіі, а ў адказ атрымалі ад публікі шквал эмоцый.
Папулярны выраз “публіку не падманеш” пацвердзіў сваю актуальнасць і на канцэрце аркестра “Фанограф-сімфа-джаз” пад кіраўніцтвам Сяргея Жыліна. Гэты выдатны музыкант выступіў у некалькіх іпастасях – як дырыжор, віртуоз-выканаўца, тонкі акампаніятар і вядучы праграмы. Ён не толькі па-майстэрску дакладна, даліката і гарманічна ўсё гэта спалучыў, але і стварыў ідэальна-камфортнае гукавое асяроддзе і для салістаў, і для слухачоў. Прадэманстраваў, што гэта абсалютна магчыма і ў вялізарнай прасторы Летняга амфітэатра.
Як вядома, гэтая легендарная пляцоўка пабудавана 30 гадоў таму для фестывалю польскай песні, які прайшоў усяго толькі два разы. А калі ў 1992 годзе нарадзілася ідэя “Славянскага базару”, то яго галоўнай падзеяй стаў конкурс маладых выканаўцаў. Нягледзячы на цяперашнюю жанрававую разнастайнасць, цікавасць да яго па-ранейшаму захоўваецца, а з боку саміх канкурсантаў нават павялічваецца. Сведчанне таму – пашырэнне геаграфіі.
Сёлета, напрыклад, у конкурсе прыняў удзел выканаўца з Гвінеі. І хаця ён не выйшаў у фінальны тур, у паўфінале пакарыў публіку выкананнем нацыянальнага хіта. З 21 канкурсанта журы вымушана было адабраць 15. Хаця, шчыра кажучы, было б цікава паслухаць маладых артыстаў на ўсіх трох этапах, бо ў кожным туры яны раскрываліся па-рознаму.
Падчас першага фінальнага дня, калі канкурсанты спявалі пад аркестр славянскі хіт, склалася такое ўражанне, што ў жаданні падтрымаць некаторых з іх, журы было не зусім аб’ектыўным у сваіх адзнаках. У наступны дзень, падчас выканання сусветнага хіта, стараліся выправіць сітуацыю, але яна ўжо была заблытаная аднолькавай колькасцю балаў чатырох канкурсантаў. Праўда, варта прызнаць, што журы годна выйшла з сітуацыі, Гран-пры і званні лаўрэатаў размеркаваны аб’ектыўна.
Выснова адна – ніколі нікога не трэба штучна падтрымліваць. Гэта конкурс, таму адзнакі неабходна выстаўляць па факце выканання. Такім чынам, здымаюцца ўсе пытанні і не губляецца рэпутацыя конкурсу. З гэтым пагадзіўся і старшыня журы кампазітар Аляксандр Марозаў. Для яго “Славянскі базар-2018” стаў асаблівым. Вялікім канцэртам у Летнім амфітэатры маэстра адзначыў двайны юбілей – уласнае 70-годдзе і 50-годдзе творчай дзейнасці. Публіка ахвотна разам з артыстамі спявала знаёмыя мелодыі.
Падобная карціна была ў зале “Віцебск”, дзе ў адзін з апошніх фестывальных дзён прайшоў канцэрт, прысвечаны 80-гадоваму юбілею славутага Ігара Лучанка. Праграма пакінула не толькі пачуццё сардэчнасці, цяпла, але і лёгкай горычы. Шкада, што для творчасці Ігара Міхайлавіча, які, безумоўна, ужо даўно легенда і адзін з музычных сімвалаў Беларусі, не знайшлося месца на галоўнай фестывальнай сцэне Летняга амфітэатра.
Зрэшты, яна, на жаль, недасяжная і для большасці беларускіх артыстаў. Гэта выклікае і шкадаванне, і неразуменне, і спачуванне. Не хочацца дадаваць лыжку дзёгцю ў бочку з мёдам. Застаецца толькі спадзявацца і жадаць, каб у стракатым фестывальным букете “Славянскага базару ў Віцебску” наш беларускі васілёк быў больш яркім і прыкметным.