Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Студзеньскі Брэст сагравае душу і дорыць адчуванне палёту!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
20 Студзеня 2018
«Музычны дзённік. Студзеньскі Брэст сагравае душу і дорыць адчуванне палёту!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Святочны студзень, як ні парадаксальна, адносна спакойны месяц у культурным жыцці краіны, нягледзячы на тое, што афішы па-ранейшаму і вабяць, і радуюць сваімі стракатымі колерамі. Але гэта ў асноўным джэнтэльменскі набор зімовых музычных тэм. Што да буйных культурных падзей, то год адкрыў міжнародны фестываль “Студзеньскія музычныя вечары”, які трыццаты раз прайшоў у Брэсце з 8 па 12 студзеня. Ён сабраў каля 500 музыкантаў з 13 краін свету. Паводле слоў удзельнікаў, маштабу свята могуць пазайздросціць некаторыя культурныя сталіцы Еўропы. Зрэшты, я сама часткова ў гэтым мела магчымасць пераканацца, пабываўшы ў пачатку студзеня ў навагоднім Брэсце. Гуляючы па цэнтральнай вуліцы, я не толькі атрымала асалоду ад яе еўрапейскага стылю, прыгожай святочнай атмасферы, але і парадавалася багаццю творчых прапаноў, разнастайнасці імён і назваў на афішах. Гэтая своеасаблівая маляўнічая галерэя так усхвалявала ўяўленне, што ў глыбіні душы я нават пашкадавала, што не змагу трапіць у Брэст менавіта падчас фестывалю. Цікавасць падагрэла і тое, што ў свой час свята блаславіў сам Святаслаў Рыхтэр, пакінуўшы брэсцкім слухачам аўтограф: “Радасці ад праслухоўвання музыкі”. Гэтую радасць славуты піяніст дарыў даволі часта, выступаючы ў музычным вучылішчы (цяпер каледж імя Р.Шырмы) і ў іншых залах горада. Вядома, што славуты музыкант наведваў Брэст васямнаццаць разоў. Дарэчы, і фестываль “Студзеньскія музычныя вечары” ў пэўным сэнсе ўзнік дзякуючы знакамітаму піяністу. Але, як у кожнай гісторыі, тут ёсць свая прэлюдыя. Упершыню з канцэртам у Брэст Святаслаў Рыхтэр прыехаў у 1968 годзе. Сустракаць музыканта лёс выпаў педагогу музычнага вучылішча, цяпер дырэктару фестывалю, заслужанаму дзеячу мастацтваў Ліліі Батыравай. Іх першая сустрэча стала пунктам адліку трывалага і цёплага сяброўства, а фестываль “Студзеньскія музычныя вечары”, які яна заснавала ў 1989 годзе, стаў своеасаблівым адказам і творчым прывітаннем “Снежаньскім музычным вечарам”, што ўтварыліся па ініцыятыве Святаслава Рыхтэра ў Маскве ў пачатку 80-х гг. Знакаміты піяніст пакінуў не толькі багатую спадчыну, але і добрую памяць. У тым ліку таму, што культурная аўра Брэста стваралася ў многім дзякуючы і яго асобе. За 30-гадовую гісторыю “Студзеньскіх музычных вечароў” ўдзельнікамі фестывалю сталі каля сямі тысяч музыкантаў з 36 краін свету. У розныя часы свята наведвалі легендарныя творцы – Зураб Саткілава, Святаслаў Бэлза, Людміла Лядава... Галоўнай асаблівасцю сёлетняга фестывалю называюць яго аркестравы акцэнт. Упершыню на свяце выступіў Прэзідэнцкі аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. Асабліва прыязна публіка прымала выступленні Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі на чале з Аляксандрам Сасноўскім, а таксама іншых калектываў, якія прапанавалі праграмы на розныя густы. Дарэчы, не абышлося і без сапраўднага балю. А гэта на сённяшні дзень асаблівая тэма, бо цудоўная свецкая танцавальная, а самае галоўнае культурная традыцыя зараз у краіне не толькі адраджаецца, але і актыўна развіваецца. У далёкім дзяцінстве пры слове “баль” мне найперш на памяць прыходзіў знакаміты сюжэт Шарля Перо “Папялушка”, які выклікаў асацыяцыі з магчымасцямі цудоўнага пераўвасаблення, перамогай дабра над злом і заслужаным шчасцем. Пазней, у падлеткавым узросце, дзякуючы апавяданню Льва Талстога “Пасля балю”, гэтыя ружовыя фарбы крыху пабляклі. Твор прымусіў задумацца, як могуць не тое каб пераплятацца, але суіснаваць рамантыка і жорсткая праўда жыцця, узнёслае і зямное. Ну, і нарэшце, яшчэ адна моцная асацыяцыя юнацтва – першы баль Наташы Растовай з рамана “Вайна і мір”. Эпізод і па сённяшні дзень кранае сваімі трапяткімі пачуццямі, хваляваннем, захапленнем... Таму невыпадкова менавіта гэтыя творы мне ўспомніліся падчас Вялікага навагодняга балю ў Вялікім тэатры, які сёлета я наведала дзявяты раз. І шчаслівая гэтай магчымасцю прычыніцца не толькі да прыгажосці, цудоўнай музыкі, але самае галоўнае – да светлай нястрымнай радасці, якая валадарыла над усім. Здаецца, я больш нідзе не бачыла адначасова столькі ўсмешак, іскрыстых вачэй, не адчувала такой магутнай пазітыўнай энергіі і добразычлівасці, як на оперным балі. Прычым, не толькі ад наведвальнікаў, публікі, але і ад саміх артыстаў. Здавалася б, для іх гэта сур’ёзная работа, але адчувалася, што яна ім таксама ў радасць і выклікае асаблівае натхненне. Варта адзначыць, што баль у оперы – гэта не толькі танцы, да якіх доўга рыхтуюцца, шукаюць вобразы, выбіраюць касцюмы, але і россып цікавых разнастайных праграм. Кожны раз арганізатары спрабуюць здзівіць чымсьці новым. Сёлета гэта праект “Арт-квэст”, майстар-клас па роспісе імбірных пернікаў, Казачны салон, Калядныя варожбы... І ўсё ж самае галоўнае – музыка. А яна была на розныя густы: і папулярныя мелодыі мінулых гадоў, і фолк, і фламенка, і мелодыі Італіі, фрагменты з любімых опер і аперэт... Кульмінацыяй музычнай праграмы стаў святочны канцэрт-сюпрыз, які па традыцыі завяршыўся сустрэчай Новага года. Сёлета ён адрозніваўся асаблівай маляўнічасцю. Кожны нумар праграмы быў аздоблены яркім афармленнем і суправаджэннем, таму ўспрымаўся як асобны завершаны сюжэт, але ў агульным узаемазвязаным дзействе. Зрэшты, гэта можна сказаць і пра ўсю праграму навагодняга балю, дзе перапляліся мары, пачуцці, надзеі – усё тое, што сагравае душу і дорыць адчуванне палёту.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: