Падзяліцца:
6 студзеня 2017
У кожнага з нас ёсць любімае свята, а ў кожнага свята – свая атмасфера, свая музыка і свая танальнасць. Мажорная яна ці мінорная - залежыць як ад нас саміх, так і ад аб’ектыўных прычын. Але ж мы прызвычаіліся, што музыка, якая звычайна гучыць падчас прыгожых зімовых свят, адрозніваецца асаблівай ўзнёсласцю і абавязкова адлюстроўвае іх дзівосную атмасферу. Гэта і разнастайныя калядкі, і духоўныя канты, і творы эпохі барока… А яшчэ ў гэтыя дні тэатральная і філарманічная афіша Мінска проста зіхаціць казачнымі назвамі: “Навагодні кірмаш цудаў, “Дванаццаць месяцаў”, “Баль у Папялушкі”, “Снежная каралева”… Усё гэта добравядомыя сюжэты, якія абуджаюць самыя светлыя пачуцці, веру ў казку і надзею на цуд. Але ж, нягледзячы на разнастайнасць музычных прапаноў, напэўна, у кожнага з нас ёсць свае любімыя мелодыі, што асацыіруюцца менавіта з Новым годам і Ражаством. У кагосьці - “Jingle Bells”, у іншых - музыка Мікаэла Тарывердыева з кінафільма “Іронія лёсу”, але практычна ва ўсіх - знакамітая “В лесу родилась ёлочка”, якая аб’ядноўвае розныя пакаленні і савецкіх, і сучасных дзяцей. На мой погляд, любоў да яе немагчыма перарасці, бо ў гэтай мелодыі – першыя дзіцячыя фантазіі, радасці і надзеі. І хаця параўнанне не зусім раўнацэннае, усё ў поўнай меры можна аднесці і да балета “Шчаўкунок” П.І. Чайкоўскага, які лічыцца асабліва сугучным навагодняму настрою. Упэўнена, што яго чакалі многія з нас. Але сёлета Вялікі тэатр у якасці святочнага падарунка, апрача традыцыйнага гала-канцэрта, прапанаваў не менш феерычныя спектаклі: “Лебядзінае возера” Чайкоўскага, “Жар-птушку” Стравінскага, “Іаланту” – апошнюю оперу Чайкоўскага. Складана не пагадзіцца з тым, што яна захапляе сваёй лірычнай стыхіяй і пасяляе веру ў магутную стваральную сілу кахання. Безумоўна, гэтая вера залежыць ад пераканаўчасці выканання. Упэўнена, усе, хто наведаў 3 студзеня Вялікі тэатр, не засталіся расчараваныя. Пранікнёная Іаланта ў выкананні Алены Золавай, рамантычны Вадэмон Аляксандра Гелаха, высакародны кароль Рэнэ Андрэя Валенція, мудры і велічны Эбн-Хакія Станіслава Трыфанава пакінулі пачуццё адухоўленасці, натхнення, а самае галоўнае – жаданне абавязкова вярнуцца сюды зноў, каб пачуць і ўбачыць артыстаў ужо ў новых вобразах, сюжэтах, чарговы раз пераканацца, як важна любіць мастацтва ў сабе, а не наадварот. За гэта ім вялікі дзякуй і шчырае шанаванне, бо, як вядома, публіка адчувае і ацэньвае не толькі прафесіяналізм, але і глыбіню, інтэлект выканаўцы. Зрэшты, не толькі публіка, але і, напрыклад, журы разнастайных конкурсаў, у тым ліку і папулярнага тэлепраекта “Вялікая опера”, дзе па выніках мінулага года саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі Юрый Гарадзецкі заняў трэцяе месца. Ён прадоўжыў поспех свайго калегі Іллі Сільчукова, які пазалетась таксама стаў лаўрэатам “Вялікай оперы”. Безумоўна, гэта нагода для радасці і гонару не толькі за нашых артыстаў, але і за тэатр. Варта прызнаць, што востра адчуваць жыццё, яго імклівасць і прыгажосць нас вучаць не толькі поспехі іншых людзей, творы мастацтва, але і розныя падзеі, у тым ліку, трагічныя. Амаль два тыдні прайшло, як у авіякатастрофе загінулі артысты Акадэмічнага ансамбля песні і танца Расійскай Арміі імя Аляксандрава на чале з цудоўным музыкантам, кампазітарам Валерыем Халілавым. Першая думка – гэтага не можа быць, бо гэта немагчыма. Потым мяне настойліва не адпускаў фантастычны булгакаўскі сюжэт і фатальная, лісліва-злавесная фраза “Аннушка разлила масло”. А зараз я, як, напэўна, многія іншыя, задаюся пытаннем – якая сіла і за што спыніла зямны шлях таленавітых людзей, якія сваім мастацтвам неслі вялікую стваральную энергію, радасць і дабро. У гэтым многія з нас мелі магчымасць пераканацца і падчас выступлення калектыву на мінулым “Славянскім базары ў Віцебску”. Канцэрт ансамбля, які мы чакалі з прыемным прадчуваннем, сапраўды стаў ледзьве не самай яркай фестывальнай падзеяй. Ён паказаў, што калектыў напярэдадні свайго 90-гадовага юбілею па праве лічыцца адным з самых яркіх музычных брэндаў Расіі. І гэтыя ўражанні толькі ўзмацняюць цяперашняе эмацыянальнае ўзрушэнне, адчуванне роспачы, разгубленасці, здзіўлення... Канешне, ансамбль прадоўжыць сваё існаванне, захавае ідэю, рэпертуар, але ж як нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку, паўтарыць адно і тое ж выкананне, гэтак жа немагчыма захаваць гучанне калектыву, што стваралі менавіта гэтыя артысты, якія так заўчасна і нечакана пайшлі ў неба. Яно застанецца адзіным і непаўторным, на шчасце, занатаваным у запісах, зробленых у тым ліку і творчай групай Беларускага радыё на “Славянскім базары ў Віцебску”. Міжволі ўспамінаецца, што падчас адной з фестывальных прэс-канферэнцый, кіраўнік калектыву Валерый Халілаў сказаў, што менавіта ў ідэі і моцнай грамадзянскай пазіцыі бессмяротнасць калектыву. Сёння гэтыя словы гучаць, як прароцтва. Так, тое, што мы па-сапраўднаму цэнім, застаецца з намі назаўсёды, няхай не наяве, але ў душы і памяці. Вось так па-рознаму ў мажорна-мінорных адценнях прагучалі першыя дні новага года, якія навялі на розныя думкі, выклікалі абсалютна палярныя эмоцыі і, як бы банальна не падавалася, прымусілі чарговы раз звярнуць увагу на імклівасць, мімалётнасць і непрадказальнасць жыцця, неабходнасць цаніць час, наталяць душу мастацтвам, хадзіць у тэатры і канцэртныя залы… А яшчэ слухаць добрую музыку, бо, як сказаў класік, без яе “зямля - пусты недабудаваны дом, у якім ніхто не жыве...”
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: