Так склалася, што летні адпачынак я правяла ў кампаніі сваіх сяброў, якія ўжо даволі даўно жывуць за мяжой, прычым на розных кантынентах - па дзіўным супадзенні менавіта гэтае лета, але ў сілу розных абставін, прывяло іх на радзіму ледзьве не адначасова, і ўсіх аб’яднала жаданне не ўпусціць ніводнай свабоднай хвіліны, як мага больш поўна і насычана правесці час, сабраць максімум уражанняў, адчуць рытм сталічных вуліц, водар загараднага жыцця...
Не ведаю, як яны, але я, таксама радуючыся гэтым рэдкім сумесным імгненням, чарговы раз пераканалася ў трапнасці выразу “гэта салодкае слова Радзіма!”. Як звычайна, усіх цягне ў мясціны дзяцінства і юнацтва. А паколькі студэнцкія гады звязаны са сталіцай, то і гулялі мы па тых маршрутах, якія калісьці давалі не толькі ўражанні, але і веды.
Адзін з іх вядзе ў Нацыянальны мастацкі музей. Немагчыма было абысці гэтае знакавае месца і таму, што мы дружна ўспомнілі: калісьці менавіта там на першым курсе кансерваторыі прайшлі першыя ўрокі па прадмеце “Гісторыя выяўленчага мастацтва”. Тым больш, адна з афіш “Айвазоўскі і марыністы” ў мяне выклікала яркія ўспаміны дзяцінства.
Упершыню я ўбачыла мора ў 10 гадоў у Феадосіі, на радзіме знакамітага мастака. І гэта стала адным з самых магутных уражанняў, гэтак жа, як і галерэя Айвазоўскага, якая раскінулася ўздоўж марскога берага. Як вядома, гэта не проста галерэя, але яшчэ і дом-музей, дзе захаваліся асабістыя рэчы майстра. І ўсё ж самае галоўнае – гэта палотны, якія ашаламляюць сваёй энергетыкай і прыгажосцю. Я, зусім юная, нібыта зачараваная, блукала па залах і не магла адарваць вачэй ад такіх, здавалася б, падобных, бо паўсюль намалявана мора, і такіх розных карцін.
Тады, ды ўласна, і зараз, я не магла растлумачыць загадку гэтага магічнага ўздзеяння: заставаліся толькі пачуцці. Пазней я зразумела, што проста і ясна, як кажуць, у двух словах, усё патлумачыў сам мастак: “Мора - гэта маё жыццё”. Таму як толькі ні называлі Айвазоўскага: геній марской стыхіі, спявак мора...
Упэўнена, што кожны наведвальнік выставы, якая да канца жніўня працягваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі і прымеркавана да 200-гадовага юбілею вялікага марыніста, знойдзе свае словы, каб перадаць захапленне яго талентам. Але, напэўна, многія ўзгадаюць радкі паэта Аляксандра Паляжаева:
“Я видел море, я измерил
Очами жадными его;
Я силы духа моего
Перед лицом его поверил...”
І, канечне ж, гледзячы на цудоўныя палотны Айвазоўскага, немагчыма пагадзіцца з думкай, што музей - гэта застылая гісторыя. Бо ў карцінах – жыццё, барацьба, эмоцыя і... музыка! Кожны блік, кожны цень, кожны штрых адклікаецца ў душы сугучамі і тэмамі з твораў Рымскага-Корсакава, Чурлёніса, Дэбюсі, якія так выразна апявалі марскія пейзажы.
Дарэчы, сам Айвазоўскі з дзяцінства добра іграў на скрыпцы. Ёсць версія, што на адным з імправізаваных хатніх канцэртаў яго пачуў вялікі Глінка і быў настолькі ўражаны выкананнем, што пазней выкарыстаў гэтыя матывы ў сваёй оперы “Руслан і Людміла”.
Цікава, што Нацыянальны мастацкі музей не толькі прапануе ўбачыць палотны выдатнага мастака, але і запрашае пазнаёміцца з іншымі, менш вядомымі гранямі яго асобы. Упэўнена, што, наведаўшы выставу карцін, многім захочацца прыйсці 27 жніўня на лекцыю “Айвазоўскі: знакаміты і нечаканы”. Асабіста для мяне нечаканасць заключаецца і ў тым, што гэта першы мастак, з карцінамі якога я пазнаёмілася ўжывую. Тады мой дзіцячы розум ўразіла розніца паміж арыгіналам і рэпрадукцыяй. Таму зараз, праз многа гадоў хочацца сказаць, што Айвазоўскі – мая першая і самая моцная любоў у выяўленчым мастацтве.
Магчыма, на гэтае пачуццё паўплывала яшчэ адно ўражанне. Яго я атрымала прыкладна ў той жа час у той жа Феадосіі, калі адкрыла для сябе яшчэ аднаго выдатнага рамантыка, вядомага пісьменніка Аляксандра Грына, які правёў у гэтым горадзе самыя шчаслівыя і спакойныя гады свайго жыцця. Яго “Пунцовыя ветразі” тады мне здаваліся чымсьці адзіным з карцінамі Айвазоўскага. Дарэчы, сёння - 23 жніўня - спаўняецца 137 гадоў з дня нараджэння пісьменніка. Як усе колеры і адценні мора знайшлі адлюстраванне і ўвасабленне ў творчасці Айвазоўскага, так і ў творах Грына перапляліся сусветы і лёсы, мары і рэальнасць.
Хтосьці з паслядоўнікаў вялікага мастака сказаў: “Якую б жудасную буру мы не ўбачылі на яго карціне, у верхняй частцы палатна скрозь навалу грозных хмар заўсёды будзе прабівацца праменьчык святла, няхай тоненькі і слабы, але ён абвяшчае выратаванне. Менавіта ў ім, гэтым Святле, і ёсць сэнс усіх бур, адлюстраваных Айвазоўскім”. Але пасля завяршэння нашай вандроўкі па музеі, абменьваючыся ўражаннямі і, канечне ж, абапіраючыся на ўласны жыццё вопыт, мы аднадушна пагадзіліся, што гарманічным працягам гэтай думкі гучаць словы Аляксандра Грына: “Цуды трэба рабіць сваімі рукамі. Калі душа чалавека прагне цуду - зрабі для яго гэты цуд...”