
У канцэртнай палітры лютага для кожнага з нас знойдзецца штосьці адметнае; нягледзячы на тое, што месяц яшчэ не скончыўся, мне ён асабліва запомніцца выступленнем секстэта Адама Балдыха на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Я атрымала не толькі вялікае задавальненне і душэўную радасць, але і пераканалася, што музыканта па праве называюць адным з лепшых джазавых скрыпачоў сучаснасці. Магчыма, прагучыць крыху пафасна, але яго выступленне хочацца назваць дыяментам у каштоўнай аправе з цудоўных джазавых музыкантаў. Кожны з іх – асоба і таленавіты імправізатар, які тонка адчувае эмацыянальныя лініі партнёра і рух музычнай думкі.
Фартэпіяна, саксафон, гітара, кантрабас, ударныя – гэтыя інструменты, у адрозненне ад скрыпкі, даўно свае ў джазе. Хаця скрыпка таксама ўвайшла ў імправізацыйную музыку практычна адначасова з яе з’яўленнем. І ўсё ж, не атрымала шырокага распаўсюджвання, магчыма таму, што па сваёй прыродзе і гучанні скрыпка найперш класічны інструмент. І некаторыя, нават жартам называюць яе перабежчыкам. Таму ўнікальнасць канцэрта, апрача ўсяго і ў тым, што пачуць джазавую скрыпку можна нячаста.
Малады польскі музыкант Адам Балдых папоўніў нешматлікі спіс выдатных імён у гэтай сферы. Джаз ён пачаў іграць у 13 гадоў. Скончыў Акадэмію музыкі ў Катавіцэ, прэстыжны «Berklee College of Music», а зараз гастралюе па ўсім свеце. У якой бы краіне не іграў, паўсюль яго выступленні вянчаюць захопленыя водгукі. Усе аднадушна адзначаюць віртуознасць, экспрэсію, крэатыўнасць, тое, што ён ламае стэрэатыпы, надае скрыпцы адметны голас, эмацыянальную сілу, уносіць свежае дыханне ў сучасную музыку. Складана штосьці дадаць новае. Можна толькі заўважыць, што сам Адам Балдых называе выканальніцкія прыёмы, якія адрозніваюць яго індывідуальны стыль і ствараюць эфект паветра “дыханнем скрыпкі”.
А яшчэ музыкант падкрэслівае, што ў сваіх кампазіцыях заўсёды імкнецца захоўваць польскі элемент. Гэта пераклікаецца з пазіцыяй яшчэ аднаго знакамітага музыканта, які таксама неаднаразова выступаў у Беларусі – піяніста Лешака Можджэра. Падчас свайго леташняга візіту, ён пабываў у нас на радыё, і мне асабліва падабалася, як у інтэрв’ю падкрэсліў, што без усведамлення сваіх каранёў немагчыма іграць шчыра. Гэта надае выкананню тое няўлоўнае святло, што зачароўвае прадстаўнікоў іншых культур.
Безумоўна, складана не пагадзіцца з тым, што толькі ў захаванні гэтай адметнасці можна зрабіць сусветную кар’еру. Думаецца, у тым ліку і таму сярод краін Усходняй Еўропы Польшча лічыцца самай джазавай, славіцца імёнамі цудоўных музыкантаў і прыхільнасцю да традыцый. Як вядома, на іх захаванні ў спалучэнні з жаданнем самавыказвання, імкнення зрабіць штосьці сваё і базіруецца з’яўленне на свет чагосьці новага – стылю, жанру, накірунку...
І Лешак Можджар, і Адам Балдых гэта не толькі выдатна разумеюць, але і тонка адчуваюць. У Мінску яны разам не выступалі, хаця сумеснае музіцыраванне практыкавалі. Таму хочацца спадзявацца, што ў беларускай публікі таксама ёсць шанс пачуць іх у дуэце і адчуць такія розныя, але яркія, адмысловыя грані польскага джаза. Тым больш, што ў свой час ён паўплываў на з’яўленне і развіццё гэтай музыкі ў нашай краіне.
Усё пачалося ў канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя, калі на тэрыторыю Заходняй Беларусi накіраваліся многія прадстаўнiкі польскай творчай iнтэлiгенцыi, у тым ліку і музыканты. Сярод іх – выпускнiк Вышэйшай музычнай школы iмя Ф.Шапэна ў Варшаве кампазiтар i дырыжор, блiскучы джазавы пiянiст Ежы Бяльзацкi. Калі яму прапанавалі стварыць калектыў, музыкант запрасіў да супрацоўніцтва выдатнага трубача-віртуоза Эдзі Рознера. Першы канцэрт увянчаўся гучным поспехам і нават стаў сенсацыяй, бо ўразіў абсалютна новым гучаннем, манерай выканання, яркім артыстызмам саліста.
Практычна адразу пасля трыумфальнага выступлення калектыў атрымаў статус Дзяржаўнага джаз-аркестра Беларусі. Адбылося гэта 1 студзеня 1940 года. Праўда, лёс калектыву быў шчаслівы, але нядоўгі. У 1947 годзе аркестр расфарміравалі, неўзабаве само слова джаз стала ледзьве не лаянкай. Але, нягледзячы на перыпетыі і Ежы Бяльзацкі, і Эдзі Рознер працягвалі сваю справу і іх уклад у развіццё стылю не толькі ў Беларусі, але і ў Савецкім Саюзе немагчыма пераацаніць. І гэта назаўсёды звязвае нашы культуры, традыцыі і гаворыць пра захаванне той агульнай эмацыянальнай танальнасці, якой адрозніваецца ўся ўсходнеславянская музыка.