Падзяліцца:
21 Лютага 2017
У канцы лютага-пачатку сакавіка выходзіць на фінішную прамую музычна-патрыятычны праект “Слаўся, зямлі нашай светлае імя”, што мы аб’явілі ў пачатку сезона. За перыяд прыёму заявак я мела магчымасць сустрэцца з маладымі людзьмі, якія займаюцца ў розных навучальных установах краіны - школах, каледжах, універсітэтах. Падчас гэтых стасункаў шмат чаго для сябе адкрыла. А яшчэ пераканалася ў тым, што сучасная моладзь, нягледзячы на распаўсюджаныя стэрэатыпы аб іх спажывецкім стаўленні да жыцця, падзяляюць базавыя каштоўнасці сваіх бацькоў. Яны імкнуцца атрымаць добрую адукацыю, сустрэць каханне, стварыць сям’ю, стаць сапраўднымі прафесіяналамі, запатрабаванымі найперш у сваёй краіне. Я нават злавіла сябе на думцы, што ў чымсьці яны больш сур’ёзныя, адказныя і дарослыя, чым былі мы. Верагодна, сваю справу робіць тэмп жыцця, адкрытасць свету, магчымасць вандраваць па розных краінах, параўноваць, выбіраць... І адпаведна пераконвацца ў трапнасці мудрых і простых слоў “дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”. Усведамленне неад’емнасці з радзімай да кагосьці прыходзіць з часам, а хтосьці адчувае адразу. У любым выпадку гэта найперш пачуцці, а значыць эмоцыі, якія, здараецца, не паддаюцца словам. Тым не менш, спрабуючы паразважаць з маладымі людзьмі на тэму патрыятызму, высветліць, што яны ўкладаюць у гэтае паняцце, я была вымушана звярнуцца да самой сябе і задумацца - а што менавіта для мяне азначае гэтае слова? Найперш узгадалася добра вядомая ўсім нам песня савецкіх часоў “С чего начинается Родина?”. Так, пад кожным словам можна падпісацца – з родных і блізкіх людзей, сяброў, са школы, з калыханкі маці... А яшчэ мне падумалася, што Радзіма пачынаецца з памяці, якая кожны месяц настойліва прымушае мяне адкласці ўсе справы і вярнуцца туды, адкуль пачыналася жыццё. Я саджуся ў аўтамабіль і літаральна праз паўгадзіны пад’язджаю да месца, дзе разыходзяцца дзве дарогі – на Вільнюс і Гродна. Па першай я люблю прыязджаць у дом майго дзяцінства, а па другой вяртацца ў Мінск. Гэтае своеасаблівае кола і ёсць маё “залатое кальцо”, мясціны, з якімі і звязана першае пачуццё радзімы. Ужо дзесьці каля Крэва, як ні банальна гаварыць, у маім сэрцы пераплятаюцца эмацыянальная лёгкасць і хваляванне – ну, нарэшце, я амаль ужо дома! Гэтыя пачуцці мацнеюць з кожным кіламетрам! Магчыма, таму, што, крыху павандраваўшы па свеце, назапасіўшы пэўны жыццёвы досвед, зараз я больш востра і глыбока ўсведамляю прыгажосць і гістарычную значнасць месца, дзе мне пашчасціла нарадзіцца, дзе мае продкі былі ўдзельнікамі багатай і няпростай гісторыі, дзе велічныя касцёлы і замкі – маўклівыя, але выразныя сведкі даўно мінулых падзей. На гэтым традыцыйным маршруце не толькі ў шматлікіх турыстаў, але і ў мяне кожны раз жывую фантазію абуджае спачатку Крэўскі замак (няхай практычна разбураны), потым Барунскі касцёл, які нібыта магутная і адначасова вытанчаная ружовая птушка лунае над наваколлем. І, нарэшце, касцёл францысканцаў у Гальшанах, ад якога проста вее суровай манументальнасцю. Да дома застаецца літаральна некалькі кіламетраў, але кожны раз я не магу стрымацца, каб не зрабіць прыпынак, не прагуляцца па старадаўняй плошчы а, калі супадзе па часе, то і паслухаць урачыстыя касцельныя званы... Літаральна 5-10 хвілін ад Гальшан - і вось ён дом, калыска маёй душы! Яна працягвае напаўняцца нястрымнай радасцю, а ў галаве настойліва круцяцца коласаўскія радкі: “О, край родны, край прыгожы! Мілы кут маіх дзядоў! Што мілей у свеце божым Гэтых светлых берагоў...” На ўсё пра ўсё ў мяне літаральна некалькі гадзін. За гэты час абавязкова трэба збегаць павітацца з рэчкай, падняцца на ўзгорак, дзе ў былым панскім маёнтку да нядаўняга часу размяшчалася школа, а самае галоўнае – наведаць родных, якія здабылі вечнае заспакаенне на вясковых могілках. І толькі пасля гэтага мяне, як кажуць, адпускае... Ахінаюць спакой, цеплыня і я з палёгкай збіраюся ў зваротны шлях, на гэты раз праз Валожын і Гродзенскую шашу. Ізноў Гальшаны, руіны замка, нанова ўслаўленага ў 20 стагоддзі Уладзімірам Караткевічам, потым Багданава – радзіма знакамітага мастака Фердынанда Рушчыца і абавязковы прыпынак у Вішневе. Гэтае месца славутае, апрача ўсяго, святой крынічкай, якая віруе тут амаль шэсць стагоддзяў. У 2009 годзе яна была нанова асвечана з удзелам служыцеляў і каталіцкай, і праваслаўнай царквы і аднолькава шануецца прадстаўнікамі абедзьвюх галін хрысціянства. У любую пару года да крынічкі не спыняецца паток людзей, бо яе вада лічыцца цудадзейнай і гаючай. Дарэчы, былі часы, калі крынічку спрабавалі знішчыць, засыпаць зямлёй, але яна ўсё роўна пракладвала сабе шлях, сімвалізуючы сілу веры і жыцця. Канешне ж, гаворачы пра гэтыя цудоўныя мясціны немагчыма не прыгадаць верш Канстанцыі Буйло, якая нарадзілася ў Вішневе і вярнулася сюды пасля завяршэння свайго зямнога шляху: “Люблю наш край, старонку гэту, Дзе я радзілася, расла, Дзе першы раз пазнала шчасце, Слязу нядолі праліла. Люблю народ наш беларускі, Іх хаты ў зелені садоў, Залочаныя збожжам нівы, Шум нашых гаяў і лясоў...” Упэўнена, што гэтае захапленне падзяляюць і тыя маладыя людзі, для якіх радкі “Слаўся, зямлі нашай светлае імя” не проста словы, а ўвасабленне цёплай, магчыма, ціхай, а галоўнае шчырай любові да сваёй зямлі...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: