Падзяліцца:
11 снежня 2017
Снежань – асаблівы час, і не толькі таму, што ўсе мы жывём прадчуваннем навагодніх свят - а імі поўніцца ў тым ліку і канцэртнае жыццё. Яго пачатак асветлены імем Максіма Багдановіча. Сто дваццаць шосты дзень нараджэння паэта мы адзначылі 9 снежня, а ўчора з гэтай нагоды ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбылася вялікая прэм’ера. Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча прэзентаваў праграму “Вянок”. Унікальнасць падзеі ў тым, што песенны цыкл Уладзіміра Мулявіна на вершы Максіма Багдановіча ў аранжыроўцы Алега Молчана, які быў практычна страчаны, зараз адноўлены да жыцця. Нагадаю, што кампазітар стварыў гэтую праграму да стагоддзя паэта. “Песняры” спачатку паказалі яе ў 1991 годзе ў Нью-Ёрку ў бібліятэцы ААН, а затым на сцэне філармоніі. Пасля гэтага “Вянок” цалкам не выконваўся, прафесійны аўдыязапіс, апрача некалькіх нумароў, таксама не быў зроблены, а нотны матэрыял не захаваўся. Так што працу, якую зрабіў дырыжор аркестра заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Крамко, можна па праве назваць творчым подзвігам. Ён не толькі на слых аднавіў твор, але і па-новаму яго аранжыраваў. Адразу пасля канцэрта, стомлены, але шчаслівы (гэта чыталася па вачах) маэстра пажартаваў: напісаць музычны дыктант не такая складаная справа, а вось стварыць партытуру..! Ён не завяршыў сваю думку, але і так зразумела, што мелася на ўвазе. Рука майстра адчувалася ў кожным нумары цыкла. Усё гучала так, нібыта з самага пачатку было напісана для аркестра. Варта дадаць, што калектыву дапамагалі музыканты з групы “Спадчына”. Іх гукавыя фабры былі па-майстэрску ўплецены ў партытуру. Асобна трэба сказаць пра вакалістаў. Ян Жанчак, Вачаслаў Ісачанка, Андрэй Коласаў – абсалютна розныя выканаўцы. І па сваіх тэмбральных якасцях, і па тэмпераменце, і па знешнасці, але гэта толькі падкрэсліла разнастайнасць і багацце праграмы. І ўсё ж асабіста для мяне яе самымі яркімі акцэнтамі сталі пачатак і фінал. Ян Жанчак сваёй харызмай, выканальніцкай свабодай і абсалютным пагружэннем у матэрыял выклікаў магутную хвалю не толькі музычных эмоцый, але і патрыятызму. Ужо на першых радках фінальнага нумара “Толькі ў сэрцы трывожным пачую...” гледачы сталі падымацца са сваіх месцаў, настолькі моцным быў энергетычны пасыл. Што ж, хочацца шчыра падзяваць усім, хто меў дачыненне да рэалізацыі гэтага буйнога і неабходнага праекта. Крыніцай, дзякуючы якой былі адноўлены і аранжыраваны ўсе пятнаццаць песень цыкла “Вянок”, стаў аматарскі запіс рэпетыцыйнага прагону канцэрта, зроблены ў 1991 годзе. Ён захаваўся ў прыватнай калекцыі аднаго з маскоўскіх прыхільнікаў “Песняроў”. Таму ўчарашні канцэрт можна назваць яшчэ і гістарычнай падзеяй. Бо каштоўнасць цыкла для айчыннай культуры відавочная і яе немагчыма пераацаніць. Дзякуючы музыкантам аркестра, асабліва малодшае пакаленне публікі атрымала магчымасць адкрыць для сябе яркую старонку музычнага мастацтва Беларусі і пераканацца ў тым, што невыпадкова Максіма Багдановіча называюць адным з самых песенных паэтаў. Яго творчасць натхняла многіх кампазітараў. У тым жа “Вянку” адна з песень напісана Ігарам Лучанком. Гэта знакамітая “Вераніка”. Творчасць Максіма Багдановіча паслужыла асновай для напісання цыкла рамансаў класікам беларускай музыкі Анатолем Багатыровым, а ў Юрыя Семянякі ёсць нават опера, прысвечаная Максіму Багдановічу. Яе лейтматывам стаў раманс “Зорка Венера”, які на верш паэта напісаў вядомы грамадскі дзеяч пачатку XX стагоддзя, настаўнік, публіцыст Сымон Рак-Міхайлоўскі. Дарэчы, з-за таго, што ён быў рэпрэсіраваны, у даведніках пэўны час аўтарства мелодыі раманса ўказвалі народным, а пасля выкарыстання ў оперы аўтарам сталі лічыць Юрыя Семяняку. З часам справядлівасць перамагла і зараз імя Сымона Рак-Міхайлоўскага гучыць разам з імем паэта. Дарэчы, гэтая кампазіцыя таксама ўключана ў праграму “Вянок”. Нягледзячы на тое, што асабіста для мяне знаёмства з музычным Багдановічам пачалося менавіта з “Зоркі Венеры”, усё ж адзін з самых любімых твораў – “Слуцкія ткачыхі”. Ён з нешматлікіх нумароў цыкла “Вянок”, у якога аказалася шчаслівае жыццё. Песня гучыць ўжо больш за 25 гадоў, у тым ліку на розных конкурсах, фестывалях у выкананні маладых артыстаў. Сярод такіх твораў і пяшчотная задушэўная кампазіцыя “Па-над белым пухам вішняў” з поп-оперы Ігара Паліводы “Максім”, якую называюць маленькім шэдэўрам. Яе першая выканаўца Алена Саўленайтэ ўспамінала, што кампазітар спецыяльна для яе літаральна за ноч напісаў гэтую песню і прызнаваўся, што ніхто так яе не здолее выканаць, бо гучанне голасу спявачкі ідэальна супадае з эмацыянальнай танальнасцю верша і музыкі. Алена апраўдала давер кампазітара. У 1993-ім годзе на першым Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне за выкананне твора яна была ўдастоена Гран-пры. І сёння кампазіцыя “Па-над белым пухам вішняў” успрымаецца як стрыжань усёй поп-оперы “Максім”. Усяго ў праграме 16 нумароў. Трыўмфальная прэм’ера адбылася ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі 15 лютага 1992-га года ў выкананні Дзяржаўнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і салістаў калектыву. На думку крытыкаў, знаўцаў і прыхільнікаў беларускага песеннага мастацтва поп-опера “Максім” на вершы Максіма Багдановіча - самая значная падзея не толькі ў творчасці Ігара Паліводы, але і ў гісторыі беларускай эстраднай песні канца 20 стагоддзя. Зрэшты, практычна ўсе музычныя творы, напісаныя на вершы Максіма Багдановіча адметны асаблівымі эмацыянальнымі фарбамі. Напэўна таму, што кампазітары, якія звяртаюцца да творчасці паэта, адчуваюць - усе яго вершы напісаны сэрцам. І гэтаму немагчыма не адпавядаць...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: