Падзяліцца:
16 студзеня 2017
У кожнага з нас ёсць свае святочныя традыцыі. Асабіста для мяне кульмінацыя зімовых свят - навагодні баль у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры. Сёлета я восьмы раз мела магчымасць акунуцца ў дзівосную атмасферу прыгажосці, радасці, усмешак, эмацыянальнай лёгкасці. Як мы ведаем, у Еўропе традыцыя правядзення баляў узнікла ў 14 стагоддзі пры французскім і бургундскім дварах. У пачатку 18 стагоддзя ў Парыжы яны сталі ладзіцца ў оперным тэатры. Доўгі час менавіта Парыж дыктаваў моду ў іх правядзенні. Ну, а затым цэнтр бальнай культуры паступова перамясціўся ў Вену, якая да гэтага часу лічыцца яе сапраўднай сталіцай. Дарэчы, Венскія балі занесены ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У Венскай дзяржаўнай оперы яны праходзяць з 1935 года. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі такія свецкія падзеі сталі праводзіцца не так даўно, гэтая традыцыя ідзе з глыбіні стагоддзяў. Напрыклад, на ўсю Еўропу славіліся прыёмы, якія ладзіў у сваім палацы князь Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку альбо знакаміты дзяржаўны дзеяч, дыпламат, кампазітар Міхал Клеафас Агінскі ў маёнтку Залессе. Традыцыя сучасных баляў у Беларусі пачалася ў 2009 годзе, дзякуючы Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру. У аснове канцэпцыі, аўтарамі якой сталі рэжысёр Галіна Галкоўская і дырыжор Вячаслаў Воліч, тры балі - Княжацкі, Рускі і Венскі, а ў перапынках - разнастайныя свецкія забавы, тэматычныя салоны і конкурсы. Нягледзячы на захаванне агульнай канцэпцыі, кожны год прыём мае сваю асаблівасць і галоўную тэму. Сёлета мы мелі магчымасць перанесціся ў пушкінскую эпоху ўжо з першых хвілін урачыстасці, якую адкрывалі славутыя персанажы – Анегін, Ленскі, Вольга, Таццяна, ну і сам Аляксандр Сяргеевіч. Лейтматывам рускага балю, які сёлета так і назвалі Пушкінскі, стала музыка П.І.Чайкоўскага, а венскага, што пачаўся апоўначы, – творы Іагана Штрауса. Венскі баль выклікае не меншую цікавасць у наведвальнікаў, а здараецца, і наадварот. Частка публікі, якая збіраецца правесці святочную ноч у Вялікім тэатры, звычайна прыходзіць каля 11 вечара, каб трапіць на традыцыйны гала-канцэрт з удзелам вядучых артыстаў тэатра і разам з імі сустрэць Стары Новы год, а потым палюбавацца Венскім балем і весяліцца да раніцы. Здавалася б, сучаснага чалавека здзівіць няпроста. Але тым, хто працуе над зместам навагодняга балю, гэта ўдаецца заўсёды. Штогод адкрываюцца новыя грані - прыгожыя танцавальныя і музычныя праграмы, а яшчэ паэтычныя, тэатральныя, мастацкія, астралагічныя салоны... Сёлетняй навінкай стала “Неонавае шоў” – акрабатычнае дзейства пад класічную музыку, і шоў “Мікрамагія” – для аматараў адмысловых фокусаў. Усё ж, нягледзячы на разнастайнасць праграмы, галоўнае на балі – нават не танец, а музыка. Таму для меламанаў навагодні баль у Вялікім – сапраўднае свята душы. Напрыклад, для тых, хто хоча правесці час, як кажуць італьянцы, mezzо voce (напаўголасу), цікавыя змястоўныя канцэптуальныя праграмы прапануе камерная зала... Сёлета вялікі інтарэс выклікала музычная дуэль паміж тэнарамі і басамі, “Блакітны агенчык”, дзе ў выкананні артыстаў тэатра гучалі знаёмыя многім з дзяцінства папулярныя зімовыя мелодыі з кінафільмаў, глыбока ўночы сваю душу маглі наталіць і аматары джазавай імправізацыі. Атмасферу прыгажосці і свята падкрэслівае і абавязковы дрэс-код, якога ўсе стараюцца прытрымлівацца - вячэрнія сукенкі для дам, касцюмы і смокінгі для кавалераў. Безумоўна, складана расказаць пра тое, што трэба не проста бачыць, але і адчуваць, таму што баль у Вялікім тэатры – гэта не толькі прыемнае баўленне часу, а яшчэ далучэнне да высокай культуры, у тым ліку і культуры адносін. Хочацца, каб гэтая цудоўная традыцыя, якая адрадзілася ў нашай краіне нядаўна, не толькі захоўвалася, але і актыўна развівалася.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: