Падзяліцца:
Музычны дзённік. Я люблю цябе, Мінск... Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
11 Верасня 2017
Музычны дзённік. Я люблю цябе, Мінск... Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Неяк днямі, блукаючы ў прасторах інтэрнэту, зайшла на сваю старонку ў Фэйсбуку і ўбачыла пацешную прапанову прайсці тэст на тэму: “Які горад цябе кліча і чакае твайго вяртання”. Зразумела, я не ўтрымалася ад спакусы даведацца, дзе ж мяне так чакаюць. І атрымала красамоўны адказ: “Мінск і вы належыце адно аднаму назаўсёды! Ты пра гэта ведала з таго моманту, як толькі ступіла ў гэты горад. Людзі, атмасфера і вібрацыі Мінска адразу знайшлі водгук у тваім сэрцы. Мінск - ідэальнае месца, у якім ты можаш жыць і марыць!”. Што ж, тут я гатова падпісацца пад кожным словам, нягледзячы на іранічнае стаўленне да розных тэстаў і апытанняў. У гэтым чарговы раз пераканалася на мінулых выхадных, якія з задавальненнем правяла, гуляючы па святочнай сталіцы. Сваё 950-годдзе Мінск адзначыў гучна, змястоўна і радасна! Уверцюрай стала Магічнае шоу фантанаў, музыкі і агню з удзелам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, дырыжора Аркадзя Берына, салістаў нацыянальнай оперы і госця з Малдовы Канстанціна Масковіча. Сказаць, што гэта было прыгожа – значыць не сказаць нічога. Апісаць таксама даволі складана, бо ўсё трэба бачыць на свае вочы. Тры стыхіі - вада, агонь і музыка перапляліся ў адзіным палаючым танцы. Яго жыццёвую энергію падкрэсліваў спакойны фон - водная роўнядзь возера, якое нібыта сярэбранае люстэрка раскінулася па абодва бакі сцэны. Магчыма, для тых, хто бачыў нешта падобнае, напрыклад, у той жа Барселоне, дзейства падалося даволі сціплым. Але ж ва ўсіх буйных гарадах свету падобныя шоу даўно сталі традыцыяй, а ў Мінску яна толькі прыжываецца. Таму хацелася б сказаць скептыкам: давайце будзем радавацца таму, што ёсць, падтрымліваць усё тое добрае і прыгожае, што з’яўляецца. Упэўнена, тады і мы праз некаторы час нараўне з іншымі еўрапейскімі гарадамі ўступім ў спаборніцтва за маляўнічасць і маштабнасць і не толькі гэтага шоу. Ну, а пакуль маштабнасць найперш праявілася ў колькасці ахвотных паглядзець, як пад цудоўную музыку ў рознакаляровых промнях лазера высокія струмені вады разбіваюцца на мільярды пырскаў. Сапраўды, нешта магічнае ў гэтым ёсць! Тым больш, што ўсё дзейства вянчала жывая музыка. Неверагодны эмацыянальны напал і глыбіня сімфанічнага аркестра па-за канкурэнцыяй! На свяце горада перапляліся стыхіі не толькі агню і вады, але і паветра. Не інакш, як цудоўнай феерыяй хочацца назваць парад паветраных шароў у небе над Мінскам. Назіраючы за шоу, нават забываеш, што гэта не мастацтва, а сур’ёзны экстрэмальны спорт. Гуляючы па святочнай сталіцы, немагчыма было не наведаць фестываль гісторыі і культуры “Менск старажытны”. Абавязвае сама лічба – 950. Так, нельга ў два дні ўмясціць падзеі амаль дзесяці стагоддзяў, але самае галоўнае - кожны цікаўны атрымаў шанс разбудзіць сваё ўяўленне і стаць удзельнікам жывой гісторыі. Як і варта было чакаць, многіх прывабілі майстар-класы па старадаўніх танцах, гульнях, кіданні дзіды, стральбе са зброі... Што казаць, працэс захапляльны і пазнавальны. Дарэчы, абодва эпітэты можна ўжываць у дачыненні да кожнай святочнай праграмы. Яна была разлічана і на актыўна настроеных людзей, і на сузіральнікаў, і на меламанаў, і на гурманаў... Апошніх, напэўна, і не варта вылучаць асобна, бо, мяркую, ніхто не адмовіўся паспрабавааць што-небудзь смачненькае, яшчэ і на вольным паветры. Хаця б кавалачак велізарнага торта, які быў спецыяльна спечаны да свята. Пачаставацца ласункам мелі магчымасць усе, хто у суботу бавіў час ля Палаца спорту. Там жа цэлы дзень у рэжыме нон-стоп гучала музыка. Кульмінацыяй творчага марафону стала выступленне Прэзідэнцкага аркестра на чале з Віктарам Бабарыкіным. Дарэчы, гэты канцэрт для калектыву можна назваць удвая святочным. Апрача 950-годдзя сталіцы, Прэзідэнцкі аркестр сёлета адзначае свой юбілей. Яго гісторыя пачалася ў канцы лета-пачатку восені 2002. Сваё 15-годдзе калектыў сустрэў у кампаніі добрых сяброў – зорак оперы, артыстаў эстрады, папулярных калектываў, словам, тых, з кім неаднаразова ладзіў сумесныя праграмы. Ну, а публіка атрымала ў поўным сэнсе слова шчодры падарунак, бо кожны з удзельнікаў – асоба, і не так проста трапіць на іх выступленні, тым больш убачыць у адным канцэрце. Дарэчы, многіх папулярных артыстаў можна было паслухаць у святочныя дні і на сцэне ў Верхнім горадзе. Без канцэртаў ля Ратушы ўжо немагчыма ўявіць жыццё Мінска, таму і падчас юбілейных святкаванняў гэтае знакавае месца стала для многіх калі не сэрцам, то пачаткам святочных маршрутаў. Куды б яны мяне ні прывялі, дзе б я ні апынулася і якая б музыка ў гэты час ні гучала, я злавіла сябе на думцы, што ў маёй галаве настойліва круціліся перафразаваныя радкі з вядомай песні: “Я люблю цябе, Мінск... і, спадзяюся, што гэта ўзаемна!”
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: