
Не ведаю, як каму, але сённяшні настрой мне хочацца перадаць хрэстаматыйнай фразай: «Спыніся, імгненне, ты цудоўнае!» Нягледзячы на тое, што кожны месяц, як і пара года, па-свойму прыгожыя, мне здаецца, май усё ж асабліва радуе сакавітымі фарбамі, дорыць прыгажосць, радасць, адчуванне паўнаты жыцця. Магчыма, часткова гэта звязана з незабыўнымі дзіцячымі пачуццямі, перыядам прадчування доўгіх летніх канікул... Магчыма з тым, што май асацыіруецца з маладосцю, а значыць натхненнем, творчасцю, энергіяй...
Дарэчы, гэтым прасякнуты і многія канцэртныя праграмы, якія зараз адбываюцца ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. На мінулым тыдні з поспехам прайшоў вечар фартэпіяннай музыкі “Ступені майстэртва”, які ўжо каторы год ладзіць дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вераніка Сахарава. У праграме традыцыйна прымаюць удзел яе вучні – і студэнты, і навучэнцы музычнай школы. Каштоўнасць праекта не толькі ў тым, што ён дае магчымасць творчай рэалізацыі, але і паказвае пераемнасць, сувязь розных этапаў навучання. Для юных музыкантаў такая форма музіцыравання – выдатны стымул развівацца, назапашваць у тым ліку і канцэртны вопыт, імкнуцца не адставаць ад сваіх сяброў, адчуваць здаровую канкурэнцыю і творчы запал.
Гэтым тлумачыцца і запатрабаванасць самых разнастайных творчых конкурсаў, якімі асабліва багатыя вясновыя месяцы. Удзел у іх для многіх маладых выканаўцаў – адзіная магчымасць выйсці на вялікую сцэну. Тым больш каштоўнымі на агульным фоне становяцца праекты, накшталт таго, што адбудзецца сёння ў малой зале філармоніі.
Дзяржаўны камерны аркестр на чале з заслужаным артыстам Расіі Яўгенам Бушковым запрашаюць на праграму “Іграюць нашы дзеці”. Яна прысвечана Міжнароднаму дню сям’і і творчым дынастыям. Аўтары ідэі нібыта запрашаюць зазірнуць за кулісы і адчуць вытокі і вынікі сямейных традыцый. У канцэрце прымаюць удзел дзеці артыстаў, музыкантаў, для якіх творчая атмасфера – не штосьці адмысловае, а звычайны лад жыцця. Гэты цудоўны праект, які таксама ўжо стаў традыцыяй, паказвае, што музыка – вялікая сіла, што аб’ядноўвае, умацоўвае паразуменне, нават адказвае на пытанне – у чым жа вытокі пераемнасці. Яны не толькі ў прыроджаных здольнасцях, але і ў выхаванні, сямейнай атмасферы, якая ўплывае, у тым ліку і на прафесійны выбар.
Творчую моладзь можна будзе сёння паслухаць і ў вялікай зале філармоніі, дзе пройдзе юбілейны вечар заслужанага артыста Беларусі, прафесара Юрыя Гільдзюка. Больш за 40 гадоў ён аддаў педагагічнай дзейнасці. Таму свой дзень нараджэння майстар адзначыць вялікім святочным канцэртам з удзелам сяброў і вучняў. Гэты год для Юрыя Гільдзюка ўдвая юбілейны. Сёлета 35 гадоў, як ён мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Дарэчы, фестываль “Мінская вясна”, у межах якога ладзіцца праграма, адзін з яго шматлікіх аўтарскіх праектаў. Сёлета свята музыкі праходзіць 34 раз, аб’ядновае 9 канцэртаў і музыкантаў з розных куткоў свету, якія прапануюць самыя разнастайныя творы – сімфачнічныя, камерныя, вакальныя, фальклорныя, джазавыя.
Завершаць фестываль 19 мая Андрэй Паначэўны і Кірыл Кедук – беларускія піяністы з сусветнымі імёнамі. Сумесны канцэрт яны прысвячаюць Сяргею Рахманінаву. Увесь музычны свет сёлета адзначае 145-годдзе з дня нараджэння знакамітага кампазітара і піяніста, таму невыпадкова заключны акорд “Мінскай вясны” пройдзе пад знакам гэтай падзеі.
Фестываль завершыцца, але ж майская афіша продоўжыць радаваць цікавымі назвамі і гучнымі імёнамі. Гэта і “Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва” з заслужаным артыстам Расіі Даніэлем Зарэцкім, і творы Шапэна ў “Музычнай гасцёўні” Таццяны Старчанка, і “Спяваючыя струны юнацтва” пад кіраўніцтвам Ганны Полесавай, і вакальны канцэрт студэнтаў акадэміі музыкі класа народнай артысткі Ніны Шарубінай, і некалькі праграм з удзелам навучэнцаў Дзіцячых музычных школ сталіцы. Усё гэта – чароўныя імгненні вясны, якія наталяюць душу пазітывам і дораць бясконцую радасць.