Падзяліцца:
«Музычны дзённік. А вам па душы традыцыі беларускай аперэты?» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
2 жніўня 2019
«Музычны дзённік. А вам па душы традыцыі беларускай аперэты?» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Лета мы прызвычаіліся асацыіраваць з адпачынкам, вандроўкамі, завяршэннем канцэртнага сезона і, адпаведна, зацішшам культурнага жыцця. Але гэта не зусім так. Бо менавіта летам настае пара фестываляў на вольным паветры. Святы народнай культуры, старадаўніх рамёстваў, рыцарскія турніры, фестывалі класічнай і джазавай музыкі і многае-многае іншае. Традыцыя з кожным годам пашыраецца і даволі імкліва ахоплівае ўсю краіну. Нефармальная атмасфера і адкрытасць праектаў «open air» вабіць нават акадэмічныя музычныя трупы. Як вядома, ужо 10 гадоў запар яркі фінальны акорд сезона Вялікага тэатра – «Вечары ў замку Радзівілаў». Нязменна свята праходзіць з вялікім поспехам. Не тое, каб пераняць цудоўны прыклад, хутчэй, прадоўжыць трыдыцыю вырашылі і ў Беларускім акадэмічным музычным тэатры. У канцы ліпеня ў Мірскім замку артысты завяршылі 49 тэатральны сезон гала-канцэртам, які напярэдадні з вялікім поспехам паказалі на роднай сталічнай сцэне. Я не даехала ў Мір, але з завадальненнем прыйшла на мінскі канцэрт. Праўда, не чакала, што ён пакіне нейкае асаблівае ўражанне. Прызнаюся, што мая галоўная прыхільнасць – Вялікі тэатр. Магчыма таму, што часткова падзяляю думку – у оперу ідуць па моцныя перажыванні, нават пакуты, а ў аперэту – пасмяяцца. Аднак, правёўшы цёплы летні вечар у музычным тэатры, я перажыла не толькі розныя эмоцыі, але і парадавалася за трупу. На сцэне разам з вопытнымі артыстамі годна выглядала і творчая моладзь – таленавітая і крэатыўная. Асабліва гэта адчувалася ў другім аддзяленні, дзе гучалі сусветныя хіты 20 стагоддзя. Рэпертуар, скажам, не зусім уласцівы тэатру, таму я была крыху скептычна настроена, нават пераадолела спакусу пайсці пасля першага аддзялення, каб не сапсаваць ужо атрыманыя ўражанні. І правільна зрабіла, што засталася. Бо прапанаваныя выканальніцкія версіі знакамітых кампазіцый мінулага, у тым ліку і рок-балад, мяне не збянтэжылі, а наадварот, зацікавілі. Ну, а публіку наогул акрылілі, бо было ўсё – і гарачыя апладысменты, і крыкі брава, і працяглыя хвіліны развітання... На мой погляд, гала-канцэрт паказаў і магчымасці трупы, і рэпертуар, і наогул, які ён – сённяшні Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, як ён захоўвае традыцыі колішняй беларускай аперэты. А гэтаму было прысвечана першае аддзяленне, дзе прагучалі класічныя шэдэўры Кальмана, Штрауса, Афенбаха... Яго дамінантай стала выступленне легендарнай Наталлі Гайды. Слухаючы і гледзячы на гэтую цудоўную артыстку, усведамляеш сутнасць слоў Прымадонна, Дзіва, Зорка! На жаль, апошняе часта вымаўляюць не па адрасе, выкарыстоўваюць як камплімент, тыражыруюць... Прычым, тыя артысты, якія насамрэч вартыя гэтага тытула, даволі іранічна да яго ставяцца і не надта ахвотна даюць каментарыі. У гэтым я пераканалася, калі падчас аднаго з папярэдніх фестываляў нацыянальный песні і паэзіі ў Маладзечне вяла творчы праект “Асобы эпохі”, дзе гераіняй была Наталля Гайда. Тады, скажам так, працуючы ў цесным кантакце з артысткай, я ў поўнай меры адчула магію яе асобы, дзе спалучыліся талент, майстэрства, і лёгкасць, магутная пазітыўная энергія, якой яна проста фантаніравала. Тады чарговы раз я ўсвядоміла, што такое гарэнне, такі тэмперамент – сапраўдны эксклюзіў, які даецца толькі самой прыродай і не залежыць ад узросту. Як мы ведаем, сёлета Наталля Віктараўна адзначыла 80-гадовы юбілей. А 49-ы сезон яна, як прынята казаць, зіхаціць на сцэне беларускага тэатра. Хаця больш правільна сказаць – жыве, перадае гэтую прагу публіцы, аддае мастацтву сваю кожную клетачку, усю сваю існасць. Таму, канечне ж, яна па праве носіць яшчэ адзін прыгожы тытул – Сімвал беларускай аперэты. У Музычным тэатры Наталля Гайда з першых дзён яго існавання. Прайшла этапы нараджэння, развіцця, узлёту, пошукаў, у тым ліку і пакутлівых... І, канечне ж, рыхтуецца сустрэць яго паўвекавы юбілей. 50-ы канцэртны сезон у музычным тэатры стартуе 12 верасня жанчужынай жанру, аперэтай Франца Легара “Вясёлая ўдава”. Прэм’ера спектакля з Наталляй Гайдай у галоўнай ролі адбылася ў 1981 годзе, потым была пастаноўка 1995 года, а ў 2018-ым спектакль атрымаў новае жыццё. У партыі “Вясёлай удавы” Ганны Главары заняты цудоўныя артысткі – Маргарыта Александровіч і Наталля Дзяменцьева. Ну, а я ў сваю чаргу, зірнуўшы на афішу юбілейнага сезона, ужо разумею, як я буду планаваць сваю творчую восень і якое месца ў ёй зоймуць спектаклі Беларускага музычнага тэатра.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: