Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Адкрыцці будуць зноў, я веру ў маладыя таленты!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
11 сакавіка 2019
«Музычны дзённік. Адкрыцці будуць зноў, я веру ў маладыя таленты!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Многія кажуць: панядзелак – цяжкі дзень. Тлумачаць тым, што пасля выхадных складана вярнуцца ў працоўны рытм... На гэтую тэму нават ёсць распаўсюджаны жарт, што ў панядзелак лепш прыходзіць на работу ў аўторак. Як каму, а мне панядзелак падабаецца, асабліва, калі выхадныя ўдалося правесці прыемна і карысна. Падсумоўваючы ўражанні, падкрэслю, што асабліва цікавай выдалася пятніца. Нягледзячы на агульнае даволі скептычнае стаўленне да конкурсу “Еўрабачанне”, практычна ўсе, хто так альбо іначай звязаны з музыкай, за ім назіраюць, прычым суправаджаюць працэс гарачымі каментарыямі і спрэчкамі ў сацыяльных сетках. Прызнаюся, я не выключэнне. Сёлета нацыянальны фінал парадаваў сваёй адкрытасцю. Тое, што журы выстаўляла ацэнкі адразу пасля выступлення кожнага канкурсанта і мела магчымасць каменціраваць і тлумачыць сваё рашэнне, зняло многія пытанні. А яны часта ўзнікаюць пасля самых розных конкурсаў. Накшталт згаварыліся, кагосьці недаацанілі, альбо, наадварот, пераацанілі... Сёлетні выбар, мне здаецца, ні ў кога не выклікаў пытанняў. Зэна, яна ж Зіна Купрыяновіч, неаднойчы спрабавала пакарыць дзіцячае Еўрабачанне, але кожны раз была ў некалькіх, альбо нават у адным кроку да запаветнай мары. І ўсё ж гэта не астудзіла гарачае жаданне пакарыць запаветную вяршыню. Зараз для Зіны пачынаецца самы адказны і актыўны час, бо да “Еўрабачання”, што пройдзе ў Тэль-Авіве, засталося два месяцы. Пажадаем ёй поспеху, сілы характару і эмацыянальнага запалу. Усё гэта, дарэчы, Зіна Купрыяновіч праявіла і падчас удзелу ў Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”. Колькі год таму стала ўладальніцай Гран-пры, таму яе сёлетняя перамога ў нацыянальным адборачным туры для нас таксама падзея і нагода парадавацца. Наогул, цікава сачыць за поспехамі удзельнікаў і пераможцаў нашага конкурсу, бо практычна ўсе яны імкнуцца знайсці сябе ў прафесіі. Для большасці музыка – не проста захапленне, а лад жыцця. У гэтым, упэўнена, мы пераканаемся і падчас VIII конкурсу, які стартаваў першага сакавіка. На працягу месяца мы прымаем заяўкі, у красавіку пачнём праслухоўванні. Першы тур пройдзе па запісах, другі і трэці, як заўсёды, у вялікай студі Дома радыё. Зусім хутка яна напоўніцца музыкай дзіцячых сэрцаў, звонкімі галасамі, хваляваннем, трапятаннем, а яшчэ праславутым водарам барацьбы, які суправаджае ўсе, у тым ліку і творчыя спаборніцтвы. Ужо зараз мяне казыча думка – што на гэты раз мы пачуем, ці будуць якія-небудзь адкрыцці, хто здолее здзівіць, ці з’явіцца ў нас шанс убачыць і адчуць сапраўдны талент?.. Лічыцца, што неталенавітых людзей няма. Так. Назіраючы за тымі ж музычнымі конкурсамі, разумееш, што адораных людзей многа, але толькі некаторыя валодаюць той няўлоўнай энергіяй, якая здольна ўзарваць пачуцці. Безумоўна, не так лёгка ў суквецці адораных і здольных маладых людзей разгледзець сапраўдны талент. Задача нашага конкурсу, зрэшты, як і многіх іншых, даць магчымасць маладым выканаўцам падзяліцца сваёй творчасцю, адчуць правільнасць свайго выбару. І ўсё ж, нягледзячы на тое, што мы не ставім перад сабой амбіцыёзнай мэты, адкрыцці здараюцца. Мне думаецца, гэтаму спрыяе разнажанравасць праекта – ад акадэмічнай музыкі да эстрады і фальклору. А яшчэ тое, што ў конкурсе прымаюць удзел выканаўцы на розных інструментах: раяль, духавыя, народныя, струнна-шчыпковыя інструменты… У сувязі з гэтым нярэдка даводзіцца чуць папрокі – як гэта можна выбіраць лепшых з розных? І ўсё ж, упэўнена, што можна! Мне думаецца, асоба музыканта, яго індывідуальнасць праяўляюцца незалежна ад таго, на чым ён іграе. Апрача прафесійных навыкаў, адчування стылю, выканальніцкага майстэрства ёсць тое, што пануе над усім і што называюць харызмай. Яна не толькі выклікае захапленне, але самае галоўнае – прымушае суперажываць. Таму кожны раз і журы, і мы, арганізатары, адчуваем і здзіўленне, і радасць ад сустрэчы з таленавітымі, шчырымі, творчымі маладымі людзьмі. І як бы банальна не гучала, хацелася б, каб кожны з іх здолеў правільна распарадзіцца сваім талентам. Нават, калі некаторыя з іх выберуць іншую прафесію, той светлы запал, якім поўніцца іх душа, абавязкова праявіцца ў іншых сферах дзейнасці альбо наогул у жыцці. А гэта – галоўнае!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: