Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Будзем разам, маё Беларускае радыё!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
13 Лістапада 2019
«Музычны дзённік. Будзем разам, маё Беларускае радыё!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) На вуліцы амаль сярэдзіна лістапада. Гэта азначае, што тыдзень асаблівы для ўсіх, чыё жыццё і лёс звязаны з Беларускім радыё, бо 15-га мы адзначым яго 94-ю гадавіну. Сама лічба навявае пэўныя думкі і нагадвае, што мы – частка вялікай, цікавай і, нават, унікальнай гісторыі, за якой – і музычны летапіс, і гісторыя ўсёй краіны.
Зараз цяжка ўявіць, што некалі радыё было вялікім цудам, яго слухалі  затаіўшы дыханне. Ужо тады, на заранку вяшчання, можна было пачуць   самыя разнастайныя праграмы, якія, дарэчы, ствараліся не толькі   беларускай радыёстанцыяй. Напрыклад, у перадачах «Падарожжа па эфіры» гучалі радыёпасланні з Варшавы, Стакгольма, Осла, Лондана,  Масквы. І ўсё  ж на той час – 20-ыя, пачатак 30-х гадоў – галоўнай работай рэдактараў, дыктараў лічыліся штодзённыя выпускі «Беларускай радыёгазеты». Гэта  была 40-хвілінная музычна-інфармацыйная перадача.
У першыя гады  існавання радыё, у 1929-ым, адбылася першая трансляцыя-канцэрт, прысвечаны кампазітару Бетховену. Можна лічыць, што менавіта з гэтай падзеі пачалася таксама гісторыя Сімфанічнага аркестра Беларускага радыё. Сёння можна толькі падзівіцца майстэрству і энтузіязму тых людзей,  якія ладзілі радыёпрэм’еру, улічваючы ўзровень тэхнікі, далёкі ад  дасканаласці. Тады, на заранку вяшчання, яшчэ не было запісаў, уся музыка  гучала ўжывую, у студыю прыходзілі выканаўцы, ігралі, спявалі. Гэта мела  вялікі поспех. Прыярытэты аддаваліся нацыянальнаму мастацтву –  беларускім народным песням. Але гучалі рамансы, класічныя творы, нават  урыўкі з опер у выкананні на той час маладых спевакоў Рыты Млодэк,  Ларысы Александроўскай, Соф’і Друкер... Многа іграў на радыё цымбаліст Іосіф Жыновіч.
Паводле ўспамінаў гэтых, цяпер ужо легендарных і таксама гістарычных асоб, у тагачаснай радыёстудыі было няпроста выступаць, не хапала паветра, у тым ліку і таму, што сцены былі абабіты сукном... Артыстаў хвалявала і тое, што яны не бачылі перад сабой публікі. Усё гэта было незвычайна, дзіўна, але цікава.
Сярод этапных падзей у гісторыі музычнага вяшчання Беларускага радыё  стварэнне ў 1931-м годзе хору, а ў 1932-м – камерна-інструментальнага ансамбля, якім у розныя перыяды кіравалі цудоўныя музыканты Георгій  Лабанок, Георгій Жыхараў...
Сярод выбітных асоб, лёс якіх звязаны з гісторыяй радыё – кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Ісаак Любан. Ён пачынаў свой прафесійны, працоўны шлях на Беларускім радыё. Пасля заканчэння Мінскага музычнага тэхнікума ў 1928 годзе стаў кіраўніком музычнага  вяшчання. Многія асацыіруюць кампазітара з песняй «Бывайце здаровы»,  напісаную на словы Адама Русака. Але Ісааку Любану належыць мноства  прыгожых лірычных мелодый, прасякнутых непаўторным беларускім   каларытам. Сярод іх – «Не  магу я знайсці тое слова», «Не шукай», «Дзе ты, чарнавокая», «Толькі з табою» і многія іншыя. Яны да гэтага часу гучаць у нашым эфіры ў запісах сучасных артыстаў. Магчымасць іх рабіць якасна з’явілася ў 50-ыя гады – перыяд актыўнага развіцця Беларускага  радыё.
І ўсё ж жывыя канцэрты па-ранейшаму практыкаваліся. Паводле ўспамінаў знакамітага дыктара Уладзіміра Шаліхіна, які прыйшоў  на радыё ў 1952-м годзе, гэта былі незабыўныя імгненні, бо музыка нараджалася ў хвалюючай атмасферы – заўсёды экспромт, імправізацыя, дзе ніхто не меў права на  памылку. Усе разумелі, што другога дубля не будзе, таму працавалі максімальна сабрана і адказна.
Дарэчы, тое самае мы перажываем і зараз, калі вядзём прамыя трансляцыі з розных буйных падзей. На сённяшні дзень, гэта не толькі музыка – трансляцыі з розных мерапрыемстваў, дзяржаўных свят, парадаў, буйных спартыўных форумаў... І канечне ж, музычных. Сярод самых значных – нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна», міжнародны  тэлевізійны конкурс песні «Еўрабачанне», міжнародны фестываль  мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Вось ужо больш за 20 гадоў творчая група Беларускага радыё вядзе прамыя трасляцыі адкрыцця свята з перасовачна-гукавой станцыі «Купава». Гэта патрабуе максімальнай  канцэнтрацыі не толькі ад каментатара, але і ад ўсёй каманды – гукарэжысёраў, інжынераў... Так, каментатар у пэўным сэнсе – вяршыня айсберга. Ён адказвае за кожнае слова ў эфіры, змест трансляцыі, але ж ўсё астатняе, што звязана з тэхнічным аздабленнем – гэта інжынерныя службы.  Уся каманда павінна разумець адно аднаго нават не з першага слова, а з аднаго позірку.
Варта адзначыць, што ў фондах Беларускага радыё захоўваецца багата канцэртаў, запісаных па трансляцыі не толькі з фестываляў, але з опернага тэатра, філармоніі... У адрозненне ад студыйных запісаў, яны напоўнены асаблівай аўрай. Гукі залы, апладысменты публікі надаюць непаўторны  каларыт жывой прысутнасці. Таму, як паказваюць час і вопыт, форма радыётрансляцый не толькі мае права на жыццё, але і на развіццё. Дзякуючы  і новым тэхналогіям, і людзям, якія аддаюць душу сваёй справе.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: