
Банальна, але неабходна пагадзіцца – чым больш старэйшым становішся, тым хутчэй ляціць час, усё болей застаецца ў мінулым і, на жаль, усё меней з намі людзей, якія здзіўлялі, захаплялі, радавалі сваёй творчасцю. І абавязкова прыходзіць усведамленне, што знаёмства, стасункі з імі – гэта своеасаблівы майстар-клас адносін да жыцця, прафесіі...
Такім чалавекам для мяне быў народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Зарыцкі. Нядаўна, напярэдадні дня нараджэння маэстра ў Мінску ў Доме дружбы адбыўся вечар яго памяці. Гэтае месца для Эдуарда Барысавіча асаблівае. Ён любіў тут бываць і нават з паэтам Сяргеем Панізнікам напісаў гімн Дома дружбы. Мне здаецца, гэта яму было не складана, паколькі адпавядала характару, яго чалавечай прыродзе…
Эдуард Барысавіч быў заўсёды добразычлівы, ветлівы і дружалюбны. Гэта адчувалася з першых дзён знаёмства, якое адбылося ў другой палове 90-ых, калі я прыйшла працаваць на радыё. Тады ў мае абавязкі ўваходзіла, у тым ліку, і падрыхтоўка для праслухоўвання мастацкім саветам, у складзе якога быў і Эдуард Барысавіч, запісаў беларускіх выканаўцаў для прыняцця і афармлення іх у фонд. Ніколі не забуду яго дакладныя і трапныя заўвагі, высновы – дасціпныя, здаралася і хлёсткія, але ніколі не злыя.
Дзякуючы яго іскрамётным жартам, імгненнай рэакцыі на любое праяўленне прэтэнзіі на шматзначнасць, мастацкі савет пераўтвараўся заадно і ў сеанс смехатэрапіі. Ён нібыта нагадваў нам пра хрэстаматыйнае – самыя вялікія глупствы ў свеце робяцца з сур’ёзным выразам твару.
А колькі цікавых гісторый, разваг пашчаслівілася адначасна пачуць. Апавядальнік Зарыцкі быў цудоўны! У гэтым давялося пераканацца і крыху пазней, працуючы з ім у журы розных конкурсаў, у тым ліку і нашага радыёпраекта, дзе апошнія некалькі гадоў Эдуард Барысавіч быў старшынёй. Чаго вартая гісторыя пра тое, як маленькага Эдзіка навучалі ігры на скрыпцы. Ён марыў пра футбол з сябрамі на вуліцы і ўсімі фібрамі душы ненавідзеў гэты інструмент, але, як паслухмяны хлопчык, быў вымушаны прысвячаць заняткам пэўны час – гадзіну ў дзень. З сур’ёзным гумарам і трагедыяй у голасе Эдуард Барысавіч прызнаваўся, што гэта быў “страшны” год і ён, як мог, шукаў паратунак. У доме быў вялікі гадзіннік і музыкант-пачаткоўца сумленна “піліў” ад і да размяшчэння стрэлак, якое задавалі бацькі, пакуль не ўцяміў, што спрытным дотыкам смычка гадзінніку можна дапамагчы рухацца хутчэй. І ўсё роўна справа скончылася бунтам.
Трэба аддаць належнае бацькам. Яны пачулі крык душы юнага музыканта, які прасіў зламаць скрыпку аб галаву, абы толькі не займацца і прапанавалі ўзамен фартэпіяна. Выбар быў прыняты, але ўражанні дзяцінства аказаліся настолькі яркімі, што за ўсё сваё кампазітарскае жыццё, па яго ж уласным прызнанні, Эдуард Барысавіч не напісаў ніводнага твора для скрыпкі, хаця для іншых інструментаў – велізарную колькасць. І падобных гісторый на ўсе выпадкі жыцця, якія творца расказваў феерычна, у яго, як кажуць, быў цэлы куфар.
Многае даставалася з багатага мінулага ў Клубе Вясёлых і Знаходлівых. У складзе беларускай каманды Эдуард Зарыцкі аб’ездзіў увесь Савецкі Саюз. Паралельна пісаў музыку і аранжыроўкі да канцэртных нумароў. Пазней гэты вопыт спатрэбіўся кампазітару ў рабоце ў кіно і над тэатральнымі спектаклямі.
Як у жыцці побач ідуць камічнае і трагічнае, так і яго гісторыі выклікалі палярныя эмоцыі. Калі-нікалі цяжка было ўтрымацца не толькі ад смеху, але і ад слёз. Дзяцінства Эдуарда Барысавіча прайшло ў пасляваенным Мінску ў адным з дамоў на Плошчы Перамогі. Неяк на кухні за кубачкам кавы ён, забаўляючы мяне сваімі вясёлымі гісторымі, глянуў на двор і ўспомніў нямецкіх ваеннапалонных, якія аднаўлялі горад. Гаворка раптам набыла адценне горычы і смутку. Калісьці з гэтага акна ён кожны дзень назіраў за іх пастраеннем перад і пасля працы. Дзіцячыя ўспаміны не толькі захавалі пачуццё жалю з-за знешняга выгляду гэтых людзей, але і захапленне перад суседкамі, беларускімі жанчынамі, якія, нягледзячы на цяжкі час, перанесеныя пакуты і гора, перадавалі ім ежу. Гэтае праяўленне чалавечнасці і міласэрнасці так запала ў юную душу, што праз многія гады выклікала павагу і цеплыню ў сэрцы.
Падобныя пачуцці перажываю я, успамінаючы зараз самога Эдуарда Барысавіча – выдатнага чалавека з тонкай душой, пра якога складана гаварыць быў. Ён так і застаецца для мяне шчырым, не проста разумным, а мудрым. Захапляе і тое, як у ім спалучаліся дабрыня і мяккасць з дакладнай арганізацыяй работы, рацыянальным падыходам да справы.
Нягледзячы на лёгкасць характару, у жыцці Эдуарду Барысавічу выпалі цяжкія выпрабаванні. Адзін за адным паміралі родныя. Спачатку бацькі, потым цяжка сыходзіла жонка, а неўзабаве і яе бацька, якога Эдуард Барысавіч забраў да сябе і доўга даглядаў. Ён нікога не пакінуў, са сваімі роднымі быў да апошняга імгнення ў самыя складаныя хвіліны. Пры гэтым не дазваляў сабе скардзіцца на абставіны, прасіць дапамогу. Гэта гаворыць пра многае, у тым ліку і пра цудоўныя чалавечыя якасці – вернасць, велікадушнасць, высакародства…
Напэўна невыпадкова, улічваючы і ўласны сумны вопыт, у адным з апошніх інтэрв’ю на маё пытанне пра шчасце Эдуард Барысавіч адказаў вядомай прымаўкай: “адсутнасць няшчасцяў – гэта ўжо шчасце”. Так. Вельмі сумна і балюча, што сам ён так хутка пайшоў. Хочацца, каб такія людзі жылі доўга.