Падзяліцца:
Музычны дзённік. Фестываль Башмета, «Вобразы барока» і іншыя музычныя ўражанні верасня. Радыёблог Таццяны Якушавай
26 верасня 2019
Музычны дзённік. Фестываль Башмета, «Вобразы барока» і іншыя музычныя ўражанні верасня. Радыёблог Таццяны Якушавай Верасень у музычным жыцці, як вядома, асаблівы месяц! Ён адметны аднаўленнем канцэртнай дзейнасці, чаканнем новых фестываляў, прэм’ер... Таму, напэўна, невыпадкова гэты перыяд у мяне асацыіруецца з фіналам мая. Здаецца, усё самае галоўнае, цікавае і прыемнае толькі-толькі пачынаецца. На гэтую думку натхняе актыўнасць калег, якія спяшаюцца даслаць прэс-рэлізы, запрашэнні, дзе абяцаюць россып уражанняў. Ну, а я ў сваю чаргу кожны раз абяцаю сабе, што пастараюся не прапусціць нічога важнага, значнага і занатаваць у душы ўсе самыя яркія імгненні... Сярод музычных уражанняў верасня – праграма “Вобразы барока”. Першы вечар своеасаблівага міні-фестывалю адбыўся напярэдадні і быў прысвечаны нямецкім кантатам XVII стагоддзя, напісаным на тэксты старажытнага паэтычнага помніка “Песні песняў”. Ідэя праекта належыць знаўцу і даследчыку музыкі барока, вядомаму дырыжору і піяністу Дзмітрыю Зубаву. Кожны творчы сезон ён прапануе цікавыя барочныя праграмы і нязменна збірае кампанію аднадумцаў, не толькі беларускіх выканаўцаў, але і музыкантаў з розных гарадоў Еўропы. Сёлета - з Санкт-Пецярбурга, Варшавы і Кёльна. Унікальнасць праграмы, апрача ўсяго, у тым, што іграюць яны на рэдкіх аўтэнтычных інструментах – барочныя скрыпкі, віёлы да гамба, тэорба, флейта-траверса... Зразумела, што самі па сабе старадаўнія інструменты не гарантуюць пагружэнне ў далёкую эпоху. Іх ажыўляюць музыканты, якія не толькі валодаюць выканальніцкім майстэрствам, ведаюць усе тонкасці, асаблівасці стылю, але і напаўняюць ігру эмоцыяй сённяшняга дня! У тым ліку і таму музыка, якая не так часта выконваецца, атрымлівае жывы водгук у публікі. Паводле слоў стваральніка праекта Дзмітрыя Зубава, – гэта самае галоўнае. Сам ён пачаў спасцігаць глыбіні барока больш за два дзесяцігоддзі таму і настолькі захапіўся, што зараз лічыць ледзьве не сваім абавязкам не толькі перадаць захапленне, але і адкрыць невядомыя для шырокай публікі старонкі гэтай музыкі. Таму ў праграме канцэртаў – творы кампазітараў, якіх не так часта можна ўбачыць на афішах. У гэтым ёсць пэўная рызыка, бо слухачоў прасцей за ўсё прывабіць вядомымі імёнамі. Самі музыканты часта нават здзіўляюцца, чаму публіка гатова хадзіць на адны і тыя ж праграмы, а новае прымае не надта ахвотна. І ўсё ж, як паказвае практыка, ёсць кола слухачоў, якія разам з выканаўцамі гатовы падзяляць радасць адкрыцця невядомых альбо не надта вядомых старонак сусветнай музычнай спадчыны. І ў гэтым я чарговы раз пераканалася падчас канцэрта. Таму хачу параіць усім, каго цікавіць унікальны гукавы свет старадаўніх музычных інструментаў, наведаць другі канцэрт цыкла. Заўтрашні барочны вечар будзе прысвечаны французскай музыцы і, мяркую, сапраўды пераканае ў тым, што жанравая разнастайнасць і багацце вобразаў барока невычэрпныя. Зрэшты, тое ж можна сказаць пра любы музычны накірунак. Многае, калі не ўсё, залежыць ад выканаўцаў, ад здольнасці здзівіць публіку. Такія прыемныя імгненні штогод нам дорыць міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Яго старт у 2006 годзе ўжо сам па сабе быў яркай культурнай успышкай. Але ж, каб трымаць планку, неабходна спалучаць традыцыі і новыя ідэі, пастаянна прапаноўваць штосьці адмысловае. Варта прызнаць, што арганізатарам гэта віртуозна ўдаецца. Чатырнаццаты фестываль пачнецца ў Мінску 27 верасня канцэртам Каралеўскага філарманічнага аркестра Лондана. Насамрэч, хочацца пагадзіцца з арганізатарамі - падзея ўнікальная і гістарычная! Упершыню ў Беларусі адзін з самых знакамітых калектываў! Зразумела, што зараз, дзякуючы сучасным тэхналогіям, можна пабываць ледзьве не на ўсіх фестывалях і прэстыжных залах свету, паглядзець і паслухаць усё, чым цікавішся, але ж пагадзіцеся - знаёмства на дыстанцыі ні ў якім разе не заменіць жывую энергію. Таму ўсім ахвотным жадаю трапіць на канцэрт і наталіцца яркімі ўражаннямі. Прызнаюся, што я іх атрымліваю на фестывалі кожны год. Немагчыма забыць прыезд у Мінск, як кажуць, жывога класіка, знакамітага польскага кампазітара Кшыштафа Пендарэцкага і выкананне яго сімфоніі “Сем брам Іерусаліма”, напісаную да 3000-годдзя горада. Улічваючы і тэму, і колькасць выканаўцаў (больш за 200), канцэрт па праве можна назваць грандыёзнай падзеяй. У зале філармоніі быў аншлаг. Некаторым, у тым ліку і мне, давялося слухаць канцэрт, стоячы на балконе. Дарэчы, гэта нават узмацняла эмацыянальнае ўзрушэнне ад музыкі. Яркім колерам у палітры башметаўскага фестывалю стаў і леташні вечар прэм’ер Петэрыса Васкса, латышскага кампазітара, які верны сваёй пазіцыі ствараць сардэчную музыку. Гэта толькі некалькі падзей з багатай гісторыі свята, але і іх дастаткова, каб спадзявацца, што лепшыя чаканні ад сёлетняга фестывалю абавязкова апраўдаюцца.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: