Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Кастрычнік выдаўся розным...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
30 Кастрычніка 2019
«Музычны дзённік. Кастрычнік выдаўся розным...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Кастрычнік выдаўся розным. Падарыў нам цудоўнае надвор’е, парадаваў добрымі канцэртамі, цёплымі сустрэчамі, але разам з тым даў нагоду для суму. Паміж некаторымі падзеямі ёсць, здавалася б, няўлоўная, але пэўная сувязь. Адна з самых яркіх – пачатак міжнароднага фестывалю «Беларуская музычная восень». Ён адкрыўся вялікім канцэртам, прысвечаным творчасці Яўгена Глебава. Адначасова атрымалася і вялікае свята музыкі, і канцэрт памяці, і юбілейны вечар. Яго маштабнасць, значнасць падкрэсліла выдатная ідэя не толькі ўдзелу, але і аб’яднання на сцэне філармоніі розных калектываў – Прэзідэнцкага і Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестраў. Варта адзначыць, што гучала ўражліва! І гэта не дзіўна, магутны склад і не менш магутная, яркая, пранізліва таленавітая музыка з балетаў «Ціль Уленшпігель» і «Маленькі прынц». Праграму вечара ўпрыгожылі вядомыя мелодыі з кінафільмаў. Не абышлося і без пранікнёна-чуллівай «Залатой восені». Паколькі юбілей кампазітара сёлета адзначаецца асабліва шырока і гучна, п’еса міжволі выклікае асацыяцыю – для творчасці Яўгена Глебава гэтая восень, насамрэч, па-сапраўднаму залатая. Канцэрты, музычныя вечары, прысвечаныя яго 90-годдзю, пачаліся на пачатку верасня і працягваюцца зараз. Адзін з іх адбыўся літаральна ўчора ў Дзіцячай музычнай школе №1 імя Л.Александроўскай. Магчыма, не зусім трапна, але такі ўсплёск цікавасці да творчасці майстра, прычым у розных жанрах, хочацца назваць рэнесансам і спадзявацца, што ён не часовы, а трывалы, захаваецца незалежна ад круглых дат. Хаця яны, канечне ж, выдатная нагода для больш глыбокага і ўважлівага пагружэння ў свет творчай асобы, у яе думкі, пачуцці, якія назаўсёды застаюцца ў музыцы. Паразважаць на гэтую тэму давялося на мінулым тыдні двойчы, усё ў той жа Вялікай зале філармоніі. Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.І.Жыновіча на чале з маэстра М.Казінцом ушанаваў памяць выдатнага спевака і чалавека Якава Навуменкі. Песні з яго рэпертуару выканалі салісты аркестра, але, бадай, самым вострым імгненнем вечара, яго бясспрэчнай эмацыянальнай кульмінацыяй стала нябачная прысутнасць самога артыста. Уся зала паднялася (а быў аншлаг), калі спалучылася жывое гучанне аркестра і запіс яго палётнага голасу. Гэта было настолькі арганічна і трапна, што здавалася, Якаў сам зараз выйдзе з-за куліс і падорыць сваю нястрымную энергію, падмацаваную шырокай, так бы мовіць, фірменнай усмешкай. Якаў Навуменка – неверагодна пазітыўны, цёплы, сонечны чалавек, сёлета адзначыў бы 60-гадовы юбілей. Лёс падарыў яму толькі 53. І калі верыць ва ўзаемасувязь голасу і самога чалавека, то Якаў Навуменка, на мой погляд, яркі прыклад абсалютнага супадзення. Таму мне надта ўтульна ад думкі, што і аркестру, і салістам, і вядучай канцэрта Вользе Брылон удалося перадаць усю гэтую цеплыню. Атрымаўся добры, шчыры вечар, якім, уласна, быў і сам Якаў, сапраўдны народны артыст – і па званні, і па прызванні, і самае галоўнае – па вялікай любові публікі. Зразумела, што яна была ўзаемная, бо без яе немагчыма творчасць. Гэта як сазлучаныя сасуды. Толькі тады, калі ты сам любіш тое, што робіш, можаш перадаць гэтую любоў іншым. Прыклад таму – жыццё яшчэ аднаго выдатнага музыканта, які пайшоў у лепшы свет у гэтыя кастрычніцкія дні. Алег Молчан – кампазітар, аранжыроўшчык, музыкант з вялікай літары. Я мела гонар даволі блізка з ім кантактаваць, часта сустракаліся і ў эфіры, і ў звычайным жыцці. Мне вельмі падабалася слухаць яго развагі пра музыку – сваю, чужую... не важна... Калі ён нечым захапляўся, то расказваў з асаблівым запалам. У гэтыя моманты Алега трэба было не толькі чуць, але і бачыць: вочы загараліся яркімі агеньчыкамі… Калі побач быў інструмент, то аповед абавязкова падмацоўваўся выразнымі музычным пасажамі, а калі не было, то яго рухомыя пальцы прыгожа лёталі над уяўнай клавіятурай... Здаецца, тэмперамент біў цераз край. Немагчыма было не трапіць у палон гэтай жывой, эмацыянальнай плыні, прасякнутай абсалютнай любоўю да музыкі, творчасці... Варта дадаць, што яе падзяляла другая палавінка – Ірына альбо Ірачка, як пяшчотна Алег называў жонку. Разам па жыцці яны прайшлі больш за 25 гадоў. І практычна ніколі не расставаліся, бо, здавалася, не маглі існаваць паасобку. Апошнім часам нават на сцэну выходзілі толькі ў дуэце. Разам яны былі і ў самы складаны перыяд, да самага апошняга імгнення… Зразумела, што вялікае, у тым ліку і пачуццё, бачыцца на адлегласці, але жыццё гэтай пары асветлена не толькі альбо не проста каханнем, а вялікай адданай любоўю. Не кожнаму даецца пазнаць яе шчасце. Думаючы пра гэта, мне міжволі прыгадваюцца радкі Яўгеніі Янішчыц: ...Ты пакліч мяне. Пазаві. Сто дарог за маімі плячыма. Пачынаецца ўсё з любві, А інакш і жыць немагчыма.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: