
Лета паступова завяршае сваё кружэнне, а ў душы, як заўсёды, застаецца адчуванне, што яно зноў прамільгнула непрыкметна, нібыта і не было зусім. Стаіш на абочыне і думаеш: колькі ўпушчана, не зроблена, не паспета... Настрой ад такіх думак крыху псуецца, але ж скардзіцца няма сэнсу. Словам, хочаш быць шчаслівым – будзь ім, інакш кажучы, хочаш мець добры настрой – стварай яго сам. Самае галоўнае – лета ў сэрцы. А пусціць яго туды, як вядома, дапамагае музыка.
Колькі розных песень напісана пра лета! А колькі прыгожых класічных твораў, натхнёных у тым ліку і гэтай чароўнай парой, захавала гісторыя мастацтва! У спадчыну нам засталіся цэлыя цыклы музыкі прыроды! Самыя вядомыя – “Поры года” Вівальдзі, Чайкоўскага, П’яцолы, араторыя Гайдна, вакальны цыкл Гаўрыліна... Яны абсалютна розныя бо, зразумела, што ў кожнага кампазітара – свае адчуванні, асацыяцыі, свой стыль... Але гэтыя творы яднае маляўнічасць і майстэрства, з якім перададзены і пейзажы, і з’явы прыроды, што так пераклікаюцца з жыццём чалавека! У тым ліку і таму іх хочацца слухаць і слухаць. Прычым пажадана на вольным паветры, так бы мовіць, у натуральных умовах. Такая магчымасць выпадзе зусім хутка. 29 жніўня шэдэўр Вівальдзі прагучыць у Цэнтральным батанічным садзе ў выкананні ансамбля салістаў “Партыта”.
Дарэчы, фінал лета абяцае па-сапраўднаму гарачыя дні, таму раю паспяшацца адчуць радасць яго творчых дароў. Адзін з самых прыгожых – праект “MuzzicLETO ў батанічным садзе”, у межах якога ладзіцца не толькі згаданы канцэрт. Цыкл атмасферных рэлакс-вечароў пачаўся ў чэрвені танцавальным фестывалем “Viva Flamenco! Viva Latina!” Наведвальнікі атрымалі, як кажуць, тры ў адным – выступленні цудоўных гітарыстаў Яраслава Макарыча і Міхаіла Філіпені, шоў-праграму і танцавальны майстар-клас па фламенка. Старт атрымаўся настолькі яркім, што наступныя вечары праекта ўжо займелі сваіх прыхільнікаў. Гэта не здзіўляе, бо кожны з іх эксклюзіўны. Сведчанне таму – самі назвы: “Drum&Jazz”,“Бетховен 100%”, “Манюшка-фэст і 5D опера”, “Штраўс гала”...
Учарашні вечар прайшоў у атмасферы музыкі соўл. Завершыцца “MuzzicLETO ў батанічным садзе” 5 верасня фолк-містэрыяй з этна-трыа “Троіца”. Безумоўна, эксклюзіўнасць рэлакс-праекта, апрача ўсяго, у месцы і форме правядзення. Сцэна і глядзельная зала размяшчаюцца на траве. Слухаючы музыку, ёсць магчымасць прагуляцца па цудоўным ландшафце, адчуць водар розных раслін, пазнаёміцца з дэкаратыўнымі кветкавымі калекцыямі. “Піёны – прыгажосць і магія”, “Цюльпаны на дрэве”, “Свята руж” – упэўнена, хто наведаў гэтыя фларыстычныя эскурсіі, надоўга застаўся пад уражаннем ад іх. А фінальныя рэлакс-вечары сезона абяцаюць вандроўку ў свет вяргінь, хрызантэм і водных лілій. Што ж, мяркуючы па ўсім, рамантычная атмасфера забяспечана. Ну, а для аматараў гістарычнай музыкі – самы час правесці выхадны ў Ракаве. 25 жніўня тут у чацвёрты раз пройдзе фестываль “Ракаўскі фэст”.
Як вядома, мястэчка славіцца больш за 500-гадовай гісторыяй. Але асабліва цікавы перыяд для сучаснікаў – 20-30-ыя гады мінулага стагоддзя, калі Ракаў апынуўся на памежжы Польшчы і СССР і стаў “сталіцай кантрабандыстаў”. Падзеі таго часу апісаны ў рамане “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” нашага суайчынніка, вядомагапольскага пісьменніка Сяргея Пясецкага. Твор атрымаў калі не сусветную, то вельмі шырокую вядомасць, якая, адпаведна, дасталася і мястэчку. Таму ў гонар рамана і яго аўтара ў Ракаве адбудзецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі. Арганізатары абяцаюць, што госці фэсту даведаюцца, хто ж ён, Каханак Вялікай Мядзведзіцы?
Сяргей Пясецкі многія падзеі, пра якія напісаў у творы, перажыў сам. Таму трапна і яскрава перадаў тагачасную атмасферу. Сёлета, гэтак жа, як і летась, яе зноў паспрабуюць аднавіць арганізатары “Ракаўскага фэсту”, зладзіўшы захапляльны тэатралізаваны квэст “Сцежкамі кантрабандыстаў”. Але ж увагі варты і многія іншыя праекты, што заяўлены ў праграме. Гэта канцэрты, выставы, кірмашы, экскурсіі, майстар-класы...
Неабходна звярнуць увагу на прэзентацыю кнігі “Фердынанд Рушчыц – грамадзянін Непадлеглы”. Жыццё творцы, якога называюць самым яркім рамантыкам у беларускім мастацтве, прайшло паміж вёскай Багданава (цяпер Валожынскага раёна, а тады яшчэ Ашмянскага павета) і Вільняй. Так склалася, што Фердынанда Рушчыца, як і многіх выдатных асоб, народжаных на нашай зямлі, лічаць сваім і ў Літве, і ў Польшчы. А сам мастак, паводле слоў дачкі, называў сябе тутэйшым. Што ж... Талерантнасць, сувязь культур, перапляценне гістарычнага і рамантычнага – гэта тыя разынкі “Ракаўскага фэсту”, якія з кожным годам вабяць новых прыхільнікаў. А само свята гэтак жа, як і іншыя фестывалі на вольным паветры, дапамагае незаўважна перайсці з лета ў восень і чарговы раз адчуць, што ў кожнай пары года – свае радасці!