Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Людзі – як эпоха, асобы – як легенды, таленты – як з'явы...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
30 Студзеня 2019
«Музычны дзённік. Людзі – як эпоха, асобы – як легенды, таленты – як з'явы...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Завяршаецца студзень, які асабіста для мяне стаў даволі актыўным, разнастайным, даў нагоду і парадавацца, і пасумаваць... Апошняе звязана з некалькімі датамі, што выклікаюць у душы светлую журбу. Светлую, таму што гэта дні памяці асоб, якія не толькі ўпрыгожылі музычную прастору сваім талентам, але і паўплывалі на свядомасць, светаадчуванне, погляды… З некаторымі мне пашчасціла быць асабіста знаёмай. Успамінаючы гэтых людзей, горача адданых свайму прызванню, хочацца цёпла ўсміхацца, зноў і зноў звяртацца да іх творчасці, наталяцца яе непаўторнай энергіяй… 26 студзеня споўнілася 16 гадоў, як пайшоў з жыцця Уладзімір Мулявін, музыкант адначасова і шчаслівага, і трагічнага лёсу. Шмат чаго сказана і напісана пра “Песняроў”, але бясспрэчна адно – культурнае жыццё Беларусі ў канцы 20 стагоддзя прайшло ў тым ліку і пад зоркай легендарнага калектыву і яго кіраўніка. Іх творчая спадчына працягвае хваляваць і публіку, і прафесіяналаў, і аматараў. Таму штогадовыя студзеньскія канцэрты ў памяць выдатнага музыканта праходзяць з нязменным аншлагам. Так атрымалася, што гэты месяц стаў для беларускай музычнай культуры не тое, каб ракавым, але дакладна нядобрым. 28 студзеня споўнілася два гады, як няма з намі Аляксандра Ціхановіча. І другі год запар у Мінску прайшла дабрачынная акцыя “Любоў у падарунак”. Яна працягвае тыя светлыя справы, якімі заўсёды займаўся сам музыкант, знаходзіў час, сродкі, каб дапамагчы тым, хто адчуваў патрэбу. У тым ліку і таму Аляксандр Ціхановіч застаўся ў нашых сэрцах не толькі народным артыстам, але выдатным чалавекам з вялікім і шчодрым сэрцам. Так супала, што ў адзін дзень з ім, але праз год, пайшла з жыцця цудоўная жанчына і спявачка, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Нэлі Багуслаўская. Іх сямейна-творчы дуэт з Ізмаілам Капланавым непарыўна звязаны са станаўленнем беларускай песеннай эстрады. Гаварыць пра іх па-асобку проста немагчыма. Больш за 20 гадоў таму менавіта Ізмаіл Львовіч пазнаёміў мяне з Нэлі Захараўнай. І я адразу адчула іх трапяткія, уважлівыя адносіны адно да аднаго, шчыры клопат, што праяўлялася, здавалася, у кожнай дробязі. Я не раз лавіла сябе на думцы – гэта нават не каханне, а нешта намнога большае, што немагчыма перадаць словамі. Напэўна, сімвалічна! Яны нават нарадзіліся ў адным месяцы – 12-га і 21-га чэрвеня. Калі верыць у магію лічбаў то, магчыма, і гэта ўплывала на іх духоўнае і душэўнае адзінства. Неяк Нэлі Захараўна, успамінаючы Ізмаіла Львовіча (а музыкант пайшоў з жыцця ў 2011-ым) сказала, што для яе ён – сімвал палёту, феерверк яркай каметы. У сваю чаргу Ізмаіл Львовіч у адным з інтэрв’ю пра сваю палавінку сказаў: “Яна сумленны, прыстойны чалавек. Любіць людзей. Калі магла б абняць цэлы свет, яна б гэта зрабіла”. Нэлі Багуслаўская і Ізмаіл Капланаў разам пражылі амаль 50 гадоў. Лёс іх дуэта – прыклад сапраўднага кахання, любові, дружбы, годнасці, узаемаразумення, вернасці прафесіі, а значыць і шчасця. На жаль, калі сыходзяць такія асобы ўсведамляеш, што адыходзіць эпоха. Ад гэтай думкі становіцца сумна, але гэта светлае пачуццё, бо кожны са згаданых музыкантаў пакінуў свой адметны след ў гісторыі нашай культуры, які стане здабыткам наступных пакаленняў. У сувязі з гэтым хочацца ўзгадаць яшчэ аднаго легендарнага чалавека. Гэта выдатны польскі музыкант беларускага паходжання Чэслаў Немен. 17 студзеня споўнілася 15 гадоў, як ён пайшоў з зямнога быцця. У гэты ж дзень у Мінску адбылася вечарына, прысвечаная яго памяці, і прэзентацыя кнігі-альбома, над якой працавалі журналіст, кінасцэнарыст Вера Савіна і фотамастак Віталь Раковіч. Яе лейтматывам стала непарыўная сувязь з радзімай, што наталяла творчасць музыканта. Чэслаў Немен даражыў сваімі каранямі і ў інтэрв’ю падкрэсліваў: “Ёсць тое, што я люблю больш за ўсё. Тое, куды я пастаянна вяртаюся ў думках. Гэта дом майго дзяцінства, за ім палі, лясы і кветкі... Такіх кветак я ўжо не пабачу ніколі...” У доме Чэслава Немена ў вёсцы Старыя Васілішкі на Гродзеншчыне зараз адкрыты музей, куды пастаянна едуць наведвальнікі з усяго свету. Колькасць прыхільнікаў музыканта можна патлумачыць па-рознаму. Тыя, хто яго ведаў асабіста, гаварылі: “Ён жыў у згодзе з самім сабой і быў вельмі сапраўдны, не толькі вялікі артыст, але і сапраўдны чалавек. Найбольш трапна сказаць, ён быў у згодзе са сваім духам”. А яшчэ пра Чэслава Немена гаварылі – адважны. Адважны ў музычных эксперыментах, у сваіх ацэнках, поглядах. Паводле ўласнага прызнання, ён не любіў аднакаляровую музыку і заўсёды імкнуўся спасцігнуць сутнасць. Мне думаецца, гэта аб’ядноўвае ўсіх таленавітых асоб, у тым ліку і тых, што ў гэтыя студзеньскія дні зляцелі ў Вечнасць.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: