Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Май – уверцюра лета!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
20 мая 2019
«Музычны дзённік. Май – уверцюра лета!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Напэўна, не буду арыгінальнай, калі назаву май прыгожай уверцюрай надыходзячага лета. А як інакш! Чаго варты пяшчотны бэзавы рай альбо маладосць квітнеючых садоў... Усё гэта асацыіруецца з надзеяй на пачатак чагосьці незвычайнага, асаблівага. Яе здзейсніць абсалютна магчыма, дзякуючы, у тым ліку і летняму турыстычнаму сезону, які ў Мінску адкрыўся 4 мая. Сёлета ён абяцае быць асабліва яркім і насычаным на падзеі. Напрыклад, падчас II Еўрапейскіх гульняў канцэрты ў «Верхнім горадзе» будуць праходзіць кожны дзень, а не толькі ў выхадныя. У праграме летняга турыстычнага сезона і традыцыйныя, і новыя праекты. Многія з нас палюбілі і «Класіку ля Ратушы», і «Джазавыя вечары», і святы нацыянальных культур… Упэўнена, што гэтую палітру ўдала дапоўніць новы праект вулічных тэатраў «Без сцэны». Ён пачнецца 1 чэрвеня і будзе праходзіць на вуліцы Рэвалюцыйнай. А ў мінулыя выхадныя яркай фарбай «Верхняга горада» стаў фестываль «Месца пад сонцам». Яго адкрыў музычны праект «Пешаходка». Вось ўжо некалькі год запар яна аб’ядноўвае самых розных музыкантаў, акцёраў, танцораў, перформераў, рамеснікаў... Вартасць праграмы не толькі ў тым, што праект задавольвае самыя розныя густы і захапленні, але і дорыць шанс маладым творчым людзям праявіць сябе, паказаць свае навыкі і нават зразумець, ці патрэбна гэта іншым. У любым выпадку ўтульная добразычлівая атмасфера «Пешаходкі» дае магчымасць усім ахвотным запоўніць сваё жыццё пазітывам і яркімі ўражаннямі. Праект вабіць у тым ліку і таму, што ў ім прымаюць удзел і музыканты-пачаткоўцы, і прафесіяналы. Арганізатары летняга турыстачнага сезона падумалі і пра кінаманаў, бо амаль усе выхадныя у межах праекта «Open air CINEMA», які пачнецца 25 мая, будуць арганізаваны паказы кінафільмаў на вольным паветры. Прычым тых, што ўдастоены ўзнагарод на прэстыжных міжнародных фестывалях. Так, у суквецці падзей можна разгубіцца. Але кожны выбірае для сябе штосьці найбольш блізкае альбо стараецца ахапіць усё і адразу, каб максімальна адчуць колеры лета. Напэўна, адны з найбольш багатых і разнастайных – падчас свят нацыянальных культур. Гэты праект пачнецца ў наступныя выхадныя 25 мая прэзентацыяй беларускай культуры ў межах рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Вясновы букет». А ў першы дзень лета адбудзецца свята культуры Швецыі. У яго межах выступць пераможца «Еўрабачання-2012» Ларын. Варта прызнаць, што фестываль «Дні нацыянальных культур» адлюстроўвае шматграннасць свету і калі не замяняе далёкія вандроўкі, то дазваляе хаця б віртуальна спрычыніцца да культуры, традыцый іншых народаў. Дарэчы, што да традыцыі. Яна пачалася ў 2015 годзе з грузінскага фестывалю «Тбілісоба». За гэты час адбылося больш за 30 свят, якія ахапілі шырокія гарызонты – ад суседніх Расіі і Украіны да Заходняй Еўропы, Індыі і Карэі. З кожным годам праграма «Дзён нацыянальных культур» становіцца ўсё больш маштабнай. Публіка цікавіцца не толькі канцэртамі, але і ахвотна прычыняецца да разнастайных абрадаў, майстар-класаў, набывае вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Многіх прываблівае тое, што гэтыя святы не толькі пазнавальныя, але і смачныя. Напрыклад, падчас Вялікага Брытанскага фестывалю, які летась адбыўся ўпершыню, а сёлета прадоўжыцца, наведвальнікі мелі магчымаць і паслухаць творы Шэкспіра ў арыгінале, і праверыць свае веды на англійскай мове, і атрымаць урокі гульні ў гольф, і паспрабаваць традыцыйныя стравы нацыянальнай кухні. І ўсё ж, аб’ядноўвае гэтую разнастайную палітру музыка, якая не толькі стварае атмасферу, выдатны настрой, але і надае патрэбную танальнасць, уласцівую пэўнай культуры. Праект «Дні нацыянальных культур» – адна з самых яркіх падзей летняга турыстычнага сезона. Чарговы раз ён дэманструе імкненне людзей пазнаваць свет і сябе ў свеце. Варта дадаць, што гэтаму асабліва спрыяюць нефармальная атмасфера і адкрытасць фестываляў на вольным паветры.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: