Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Не прапусціць ніводнай фарбы беларускага музычнага лета!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
19 чэрвеня 2019
«Музычны дзённік. Не прапусціць ніводнай фарбы беларускага музычнага лета!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Чэрвень выдаўся гарачым ва ўсіх сэнсах, яго кульмінацыяй стануць II Еўрапейскія гульні, а ў межах спартыўнага свята запланавана вялікая культурная праграма. Яе значная частка адбудзецца ў сэрцы Мінска – Верхнім горадзе, дзе з 21 па 30 чэрвеня канцэрты будуць праходзіць кожны дзень. Да выступленняў рыхтуюцца, як кажуць, лепшыя сілы краіны – харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, Дзяржаўны ансмбль танца, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча, вакальная група “Чысты голас”, ансамбль “Песняры” і многія іншыя вядомыя калектывы і салісты. Госці сталіцы атрымаюць цудоўную магчымасць больш поўна пазнаёміцца з нашай краінай, бо, як вядома, мастацтва – універсальная мова. Яна дапамагае не толькі зразумець асаблівасці розных народаў, але і адчуць адзінства, аб’яднаць людзей, якія жывуць у розных кутках свету. Гэтаму асабліва спрыяе нефармальная атмасфера і адкрытасць фестываляў оўпэн-эйр. Сярод іх – у тым ліку і Дні нацыянальных культур, якія ладзяцца ў Верхнім горадзе з 2015 года. На мінулым тыдні з размахам прайшоў Дзень Польшчы, а 23-га эстафету падхопіць Вялікі Брытанскі фестываль. Упершыню ён адбыўся летась і цудоўна прадэманстраваў імкненне людзей пазнаваць свет і сябе ў свеце. Наведвальнікі мелі магчымаць паслухаць творы Шэкспіра ў арыгінале, праверыць свае веды на англійскай мове, атрымаць урокі гульні ў гольф, паспрабаваць традыцыйныя стравы нацыянальнай кухні. Словам, публіка магла задаволіць самыя розныя інтарэсы. Не менш цікава будзе і сёлета, бо ў межах свята запланавана чатырнаццаць тэматычных зон. Адна з асаблівасцей фэсту – тэма экалогіі. Багатая праграма Вялікага Брытанскага фестывалю дазваляе назваць яго маштабным пазнавальным праектам. Гэтак жа, як і “Джазавыя суботы ля Ратушы”, якія стартуюць у Верхнім горадзе 22 чэрвеня. Адзін з самых папулярных у публікі творчых цыклаў стаў адным з сімвалаў беларускага музычнага лета. Менавіта з гэтага праекта сем гадоў таму пачалася цудоўная традыцыя штотыднёвых канцэртаў на вольным паветры ў цэнтры сталіцы. Яе ахвотна падтрымалі і мінчане, і госці горада, таму кожны раз праграмы збіраюць шматтысячныя аншлагі. І нават той, хто трапляе на джазавы вечар выпадкова, застаецца пастаянным прыхільнікам цудоўнага свята. І не толькі таму, што тут заўсёды гучыць якасная музыка, але і таму што яно вабіць асаблівай атмасферай свабоды і творчасці. Усім гэтым прасягнуты яшчэ адзін фестываль на вольным паветры – “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. Сёлета ён адбыўся ў мінулыя выхадныя ў дзясяты раз і сабраў больш за тры тысячы гасцей. За час існавання музычны праект стаў не толькі яркім фінальным акордам тэатральнага сезона, але і чаканай падзеяй для ўсіх, хто любіць высокае мастацтва. Безумоўна, наведвальнікаў фестывалю кліча ў Нясвіж не толькі музыка. Гэта і бязмежнае хараство Палаца-паркавага асамбля, прага адчуць подых стагоддзяў, водар паветра, якое, здаецца, прасягнута старадаўнімі культурнымі традыцыямі, бо, як вядома, менавіта тут, у рэзідэнцыі Радзівілаў, пачынаўся прафесійны тэатр на беларускай зямлі. Апрача ўсяго, Нясвіж, які з нечыяй лёгкай рукі называюць “маленькім Парыжам”, быў адным з галоўных еўрапейскіх мастацкіх цэнтраў, збіраў лепшых музыкантаў, архітэктараў, мастакоў... Ідэя аднаўлення гэтых традыцый, якія прадэманстраваў, у тым ліку, і сёлетні фестываль, аказалася асабліва актуальнай у нашы дні. З аншлагам прайшлі канцэрты, спектаклі і ва ўнутраным двары замка, і ў Тэатральнай зале, і ў касцёле Божага цела. У межах канцэртнай праграмы чарговы раз было ўшанавана імя Станіслава Манюшкі. 200-годдзе славутага кампазітара шырока адзначаецца і ў Польшчы, і ў нашай краіне. Заслужаная артыстка Беларусі Алена Сало парадавала канцэртам-прысвячэннем Клаўдзіі Шульжэнка з праекта “Партрэты”, а струнны квінтэт “Серэнада” і салісты тэатра – песеннымі хітамі савецкага кінематографа. Асаблівую цікавасць заўсёды выклікаюць спектаклі, што праходзяць ва ўнутраным двары замка. І гэта не здзіўляе, бо як іначай публіка можа рэагаваць на шэдэўры сусветнага тэатра – ўзнёслую і адначасова трагічную шэкспіраўскую гісторыю “Рамэа і Джульета” ў музычным увасабленні Сяргея Пракоф’ева і аўтарскім прачытанні балетмайстра Валянціна Елізар’ева, альбо страсную драму Пучыні, оперу “Тоска” у пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ. Глыбіня і экспрэсія гэтых твораў узмацнялася самой атмасферай замка. Як заўсёды, яркай кульмінацыяй фестывалю і фінальным акордам стаў гала-канцэрт, які даў гледачам унікальную магмычасць убачыць і пачуць у адной праграме цэлае суквецце зорак Вялікага тэатра. Асабіста мне і фестываль у Нясвіжы, і іншыя згаданыя падзеі падарылі неверагоднае жыццёвае натхненне, жаданне не прапусціць ніводнай фарбы беларускага музычнага лета.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: