Падзяліцца:
«Музычны дзённік. «Песні малой радзімы» – экспедыцыя ў музычны этнас». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
4 чэрвеня 2019
«Музычны дзённік. «Песні малой радзімы» – экспедыцыя ў музычны этнас». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Каб быць цікавымі для кагосьці, неабходна быць цікавымі для саміх сябе – у гэтым я чарговы раз пераканалася, калі вандравала па краіне з праектам «Песні малой радзімы». У апошні дзень мая завяршыўся першы этап нашай вялікай музычнай экспедыцыі, падчас якой мы зрабілі больш за сто запісаў самых розных калектываў і салістаў. Праект стартаваў у лістападзе 2018 года ў Нясвіжы. Потым мы пабывалі ў Гродне, Полацку, Шклове, Пінску і Гомелі. Маршрут выбіралі невыпадкова. Цікава было завітаць менавіта ў розныя рэгіёны Беларусі, знайсці штосьці ўласцівае пэўнай мясцоваці, параўнаць культурныя традыцыі, а галоўнае – пазнаёміцца з людзьмі, якія займаюцца музыкай і творчасцю не як прафесіяй, а найперш па волі сэрца і душы. Спадзяванні не толькі апраўдаліся, але і выклікалі жаданне прадоўжыць вандроўку. Тым больш, што мы атрымалі жывы зваротны водгук. І пераканаліся – незалежна ад таго, прафесіяналы ці аматары, – усім неабходзен як мага больш шырокі творчы выхад. Гэта стымулюе, дапамагае развівацца, шукаць новыя ідэі, абменьвацца традыцыямі, нарэшце, удзельнічаць у стварэнні музычнай гісторыі. Мы пазнаёміліся, у тым ліку, з калектывамі, якім ужо не адно дзесяцігоддзе, дзе не толькі памяняліся, але і выраслі новыя пакаленні. У гэтай узроставай разнастайнасці перапляліся абмен энергіяй і вопытам, традыцыі і пераемнасць, што ў сваю чаргу – падмурак развіцця. Варта адзначыць, калі пачыналі праект «Песні малой радзімы», мы не ставілі мэту ладзіць фальклорную экспедыцыю. У імкненні занатаваць тое, чым жыве, што спявае і іграе сучасная Беларусь, не абмяжоўвалі патэнцыяльных удзельнікаў пэўнымі задачамі. Нас цікавілі і народныя песні ў розных варыянтах – і аўтэнтычных, і ў сучасных аранжыроўках, арыгінальны рэпертуар – творы, якія нарадзіліся ўнутры саміх калектываў, версіі класічнай песеннай спадчыны альбо песні, напісаныя спецыяльна для самадзейных артыстаў прафесійнымі аўтарамі. І ўсё ж у выніку атрымалася, што «Песні малой радзімы» – гэта найперш багатая фальклорная спадчына. Яна жыве, захоўваецца, узбагачаецца маладым творчым дыханнем. Сярод апошніх яркіх уражанняў – Узорны ансамбль фальклорнай песні «Мазырскія весялушкі» пад кіраўніцтвам Святланы Палынь. Творчасць калектыву – цудоўны прыклад, як можна навучыць дзяцей удумліва і глыбока эмацыянальна выконваць народныя песні, шанаваць, цаніць і, галоўнае, шчыра любіць беларускую культуру, імкнуцца паказваць яе хараство. Безумоўна, за ўсім гэтым – асоба кіраўніка, педагагічны талент, які выклікае павагу і захапленне. Варта дадаць, што з дзіцячымі фальклорнымі калектывамі мы знаёміліся падчас кожнай нашай вандроўкі. І гэта добрая тэндэнцыя. Усе мы разумеем, што няма будучага без мінулага, а яшчэ каб нешта любіць, трэба гэта ведаць. А каб пашыраць, найперш сярод моладзі, веды пра традыцыйную духоўную культуру народа, неабходна рабіць пэўныя крокі ў гэтым накірунку: спяваць народныя песні, праводзіць спецыяльныя заняткі ў школах, знаёміць з традыцыямі. Па магчымасці пераймаць іх у носьбітаў. У каштоўнасці такіх сустрэч мы пераканаліся падчас нашай вандроўкі ў Гомель, дзе пазнаёміліся з Маяй Антонаўнай Белай – удзельніцай народнага фальклорнага ансамбля «Крынічанька» са Светлагорска. Захапляе не толькі ўнікальная выканальніцкая манера 80-гадовай спявачкі, але і цікавы аповед. Слухаючы яе, ўсведамляеш, што да некаторых песень, якія Мая Антонаўна запомніла ад сваёй бабулі, як кажуць, неабходна дарасці. У іх – глыбокая філасофія жыцця, якой яшчэ трэба умець падзяліцца. З глыбінь памяці дастаюць рэпертуар і сталыя артысткі народнага фальклорнага калектыву «Таняжанка» Лельчыцкага раёна. Яго гісторыя пачалася ў 1936 годзе, спачатку гэта быў хор, а зараз ансамбль. Людзі з’яджаюць з вёскі, адпаведна ўдзельнікаў у калектыве стала меней. Але ж тыя, хто застаўся, як кажуць, з гарачым сэрцам і адкрытай душой зберагаюць усё, што засталося ў спадчыну. А яшчэ ганарацца сваім знакамітым земляком – народным артыстам Беларусі, кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Цітовіча Міхасём Дрынеўскім. Шмат добрых слоў я пачула і пра Міхаіла Паўлавіча, і пра яго радню. А яшчэ зразумела прыроду іскрамётнага жывога гумару, адданасці беларускай песні. Трэба слухаць, як зямлячкі майстра расказвалі пра жыццё, творчасць, асабліва пра «Чырачку» – старадаўні абрад гукання вясны. Яго спраўляюць у апошні дзень Масленіцы. Паўдзельнічаць у абрадзе, адчуць яго хараство і моц прыязджаюць не толькі беларусы, але і замежныя госці. Прыгожаму святу надзеі, сонца і святла прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. У гэты спіс унесены яшчэ адзін старадаўні абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы». Штогод на мяжы вясны і лета яго праводзяць у Веткаўскім раёне. Сёлета свята адбудзецца шостага чэрвеня. Традыцыйна ў ім прыме ўдзел народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Стаўбунскія вячоркі». З калектывам таксама пашчасціла панаёміцца падчас нашай Гомельскай вандроўкі. Удзельнікі спяваюць толькі свае вясковыя стаўбунскія песні, зберагаюць іх аўтэнтычнае гучанне і, працуючы з мясцовай моладдзю, школьнікамі, паказваюць, што толькі вяртаннем да сваіх каранёў можна захаваць у сусветнай культурнай прасторы сваю адметнасць, быць цікавымі для іншых. Як вядома, творчасць практычна ўсіх кампазітараў натолена мелодыямі роднага краю. Для многіх нацыянальны мелас – невычэрпная крыніца натхнення і нараджэння цікавых ідэй. Адпаведна «Песні малой радзімы» – фундамент прафесійнай творчасці. Бо менавіта з іх пачынаецца гісторыя нацыянальнага мастацтва любой краіны.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: