Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Песні пра вайну – як людзі, кожная са сваёй біяграфіяй і лёсам...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
10 Мая 2019
«Музычны дзённік. Песні пра вайну – як людзі, кожная са сваёй біяграфіяй і лёсам...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) У гэтыя майскія дні пра вайну многае сказана, напісана, праспявана… Складана не паўтарыцца, але ў кожнага – свая памяць, свае пачуцці. Мне блізкае меркаванне, што 9 мая – найперш Свята цішыні і смутку. І ўсё ж, каб помнілі і ведалі, што стаіць за словамі Дзень Перамогі, неабходна пра гэта не толькі гаварыць, але і спяваць. А песні – як людзі. У кожнай – свая біяграфія, свой лёс... Некаторыя гучаць не адно дзесяцігоддзе і нязменна хвалююць. Такіх песень многа... Але, калі гаварыць пра беларускі рэпертуар, то, напрыклад, мяне асабліва кранаюць тыя, якія напісаны на вершы Міхаіла Ясеня. Паэт-франтавік, ён добра ведаў, адчуваў, што такое вайна, адпаведна, выразна і праўдзіва, без пафасу перадаваў гэта ў сваіх вершах. Мне пашчасціла быць знаёмай з паэтам, чуць яго аповеды, адчуваць чалавечую душэўнасць і сардэчнасць. Апошняя сустрэча з Міхаілам Аронавічам адбылася ў пачатку мая 2006 года. Ён прынёс на радыё свае архіўныя запісы, распавядаў пра творчыя планы, дзяліўся ўспамінамі… Быў даволі бадзёры, але скардзіўся на холад, хаця на вуліцы было цёпла і сонечна. А літаральна праз некалькі дзён, дзясятага мая, яго не стала... У гэтым ёсць нават штосьці містычнае. Паэт, уся творчасць якога прасякнута тэмай вайны і міру, пайшоў з жыцця у Свята Перамогі. На вершы Міхаіла Ясеня напісана многа песень, але ёсць тыя, што асабліва кранаюць сваім нервам, бударажаць уяўленне... Нездарма іх называюць эмацыянальнымі рэпартажамі з Вялікай вайны. Бадай, самая вядомая і папулярная – «Майский вальс». Кампазітар Ігар Лучанок гаварыў, што гэтая песня-свята, набыла сваё музычнае рашэнне, у многім дзякуючы яго маці, якая асабліва любіла вальсы Штраўса. І ўсё ж галоўнае – слова. Ігар Міхайлавіч заўсёды падкрэсліваў, што менавіта таленавітыя сардэчныя вершы Міхаіла Ясеня давалі штуршок творчай думцы і запальвалі сэрца. Я пра гэта думаю кожны раз, калі слухаю яшчэ адзін іх сумесны твор – «Письмо из 45-го». Прызнаюся – гэтая песня мяне асабліва кранае. Сам паэт лічыў яе лепшай і галоўнай у сваёй творчасці. Паводле ўспамінаў, ключавыя радкі верша «...ты посмотри, какой я молодой...» прыйшлі да Міхаіла Ясеня, калі ён разглядваў свае франтавыя фотаздымкі, дзе яму ўсяго толькі каля 20 гадоў. Юнацкія перажыванні і сталі галоўнай эмацыянальнай танальнасцю верша, бо зусім маладому хлопцу не раз даводзілася «глядзець у вочы забітых ворагаў і бачыць мёртвых сяброў». Таму ў радках песні перапляліся і жорсткі рэалізм, і рамантызмам, і трагізм, і прага жыцця: «...Земля стонала вся в крови, в пожарищах, И мы за жизнь вели жестокий бой, И рядом наземь падали товарищи, И каждый был такой же молодой...» Яшчэ адзін твор на верш Міхаіла Ясеня, які я не магу слухаць спакойна – «Милосердие» Леаніда Захлеўнага. У ёй – лёс рэальнай гераіні Соф’і Адамаўны Кунцэвіч. Да нядаўняга часу адзінай у Беларусі жанчыны, якая ўзнагароджана залатым медалём Флорэнс Найцінгейл. Выйшэшая ўзнагарода Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа ўручаецца, як знак прызнання выключных маральных і прафесійных якасцей. У 1941-ым 16-гадовай дзяўчынкай Соф’я Адамаўна пайшла на фронт, вынесла з поля бою каля 200 параненых, а ў 45-ым на рэйхстагу паставіла подпіс: «Я, Соф’я Кунцэвіч, прыйшла сюды, каб забіць вайну». Гэтыя радкі ўзрушаюць і сёння, гэтак жа, як сіла духу, смеласць, дзёрзкасць... Да глыбіні душы кранае яе франтавая мара нават не вярнуцца дамоў, а дажыць да 18-годдзя. Паводле слоў самой Соф’і Адамаўны, чамусьці менавіта гэтая думка яе найбольш хвалявала. Яна пражыла доўга, пасля вайны скончыла педагагічны інстытут, працавала ў біблятэчнай сістэме, займала кіруючыя пасады, пайшла з жыцця гэтак жа як і Міхаіл Ясень у святочныя дні, толькі на шэсць гадоў пазней, у 2012-ым, у Дзень Перамогі. Лёс легендарнай Соф’і Кунцэвіч я адкрыла для сябе дзякуючы песні. У тым ліку і гэта гаворыць пра вялікую сілу сумленнага шчырага слова і пранікнёнай таленавітай музыкі. Неабходна дадаць, што ўсе згаданыя сёння творы аб’ядноўвае імя першага выканаўцы, выдатнага артыста Яраслава Еўдакімава. Дзякуючы яго голасу, нібыта створанаму для гэтых шэдэўраў, песні, як кажуць, пайшлі ў народ, сталі папулярнымі і любімымі. Так, важна наколькі глыбока выканаўца здольны нават не разумець, а адчуваць тое, пра што спявае. Неяк Яраслаў Еўдакімаў расказаў – падчас аднаго выступлення ў шпіталі перад інвалідамі вайны ад песні «Письмо из 45-го» у многіх на вачах стаялі слёзы. Артыст настолькі расчуліўся, што не змог даспяваць да канца, бо расплакаўся сам. Так, хтосьці скажа, што прафесіянал не павінен даваць волю пачуццям на сцэне. І гэта правільна. Але калі песня выклікае такія эмоцыі не толькі ў слухачоў, але і ў выканаўцы, значыць гэта сапраўдная шчырая песня. Іх не можа быць многа! Як і тых, хто здольны востра адчуваць чужы боль і чужое жыццё, хто мае дар суперэжывання. А без гэтага нельга стварыць штосьці глыбокае і па-сапраўднаму таленавітае.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: