Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Песня, як лёс...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
16 Снежня 2019
«Музычны дзённік. Песня, як лёс...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Мне не раз даводзілася чуть меркаванне, што вядомыя людзі жывуць неяк асабліва, нібыта на іншай планеце. Але насамрэч гэта далёка не так. Нават у самых паспяховых з іх – свае праблемы і перажыванні, якія яны, здараецца, субліміруюць у творчасць. Чарговы раз мне пра гэта падумалася, калі я цікавілася творчымі асобамі, лёс якіх звязаны з Беларускім радыё. Асабліва мяне кранула гісторыя жыцця кампазітара Ісаака Любана. Многія асацыіруюць яго з песняй “Бывайце здаровы”, напісаную на словы Адама Русака. Але Ісаак Любан – аўтар мноства прыгожых лірычных мелодый, прасякнутых беларускім нацыянальным каларытам. Варта ўзгадаць “Не магу я знайсці тое слова”, “Не шукай”, “Дзе ты, чарнавокая”, “Толькі з табою” і многія іншыя. Іх пачуццёвасць хочацца патлумачыць каханнем кампазітара – адначасова і шчаслівым, і драматычным, і нават, трагічным. Ісаак Любан нарадзіўся ў 1906 годзе, вырас у дзіцячым доме. Яму пашчасціла на настаўнікаў. Яны імкнуліся даць сваім выхаванцам не толькі веды, але і раскрыць іх творчыя здольнасці. Дзеці спявалі ў хоры, вучыліся іграць на музычных інструментах... Юны Ісаак Любан з захапленнем падбіраў народныя мелодыі, спрабаваў пісаць музыку. Там ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Анастасіяй Калеснікавай. Пасля заканчэння школы яны разам паступілі ў Мінскі музычны тэхнікум. Насця хацела стаць прафесійнай спявачкай, а Ісаак вывучаў кампазіцыю. Пасля завяршэння вучобы ў 1928 годзе яго накіравалі на Беларускае радыё, дзе ён стаў мастацкім кіраўніком музычнага вяшчання. Анастасія Калеснікава скончыла музычны тэхнікум, потым курсы журналістыкі і таксама прыйшла ў радыёкамітэт музычным рэдактарам. Яны пажаніліся. Жыццё пары складвалася ўдала, нарадзілася двое дзяцей. Ісаак Любан быў паважаным чалавекам, вядомым і аўтарытэтным кампазітарам. Да вайны ў розныя гады кіраваў не толькі музычным вяшчаннем Беларускага радыё, але і музычнай часткай Беларускага тэатра працоўнай моладзі, ансамблем беларускай народнай песні і танца, узначальваў праўленне Саюза кампазітараў БССР. Песні Ісаака Любана выконвалі вядомыя артысты. У тым ліку і, бадай, самая яркая тагачасная беларуская зорка Ларыса Александроўская, з якой сям’я Ісаака Любана жыла па суседству на цяперашняй вуліцы Захарава. Словам жыццё кампазітара поўнілася і творчым, і сямейным дабрабытам. Усё абарвала вайна. Любан пайшоў на фронт. Анастасія разам з дзецьмі паспрабавала пакінуць Мінск, але адысці далёка не ўдалося, бо шлях быў адрэзаны немцамі. З вялікімі цяжкасцямі яны вярнуліся ў акупіраваны Мінск. Паводле ўспамінаў Анастасіі Якаўлеўны, яна ўвесь час жыла ў чаканні горшага. Апрача ўсяго і таму, што муж быў камуністам і яўрэем. За гэта па тагачасных законах фашысты яе разам з дзецьмі павінны былі знішчыць. Але лёс распарадзіўся інакш. Неўзабаве ў пачатку вайны Анастасія пазнаёмілася з падпольшчыкам Балеславам Берутам, які дапамог ім пераадолець цяжкасці і нават выжыць. Ён стаў для Анастасіі не толькі сябрам, але і самым блізкім чалавекам. Пасля таго, як яны расталіся, падчас першай сваёй сустрэчы з мужам, яна ўсё яму расказала. Гэтая гісторыя, якая вартая цэлага рамана, да глыбіні душы ўразіла Ісаака Любана. Ён не змог дараваць жонку, магчыма таму, што, насамрэч, апантана кахаў. Іх не прымірыла нават смерць сына, які загінуў падчас пажару на першай пасляваеннай навагодняй вечарыне, што адбылася ў Доме культуры на Плошчы свабоды ў Мінску. Пазней кампазітар напісаў пранікнёна-шчымлівую песню на словы Адама Русака “Не шукай”. На думку многіх, у тым ліку і даследчыкаў творчасці кампазітара, яна пераконвае ў тым, што каханне засталося ў яго душы. Лёсы Ісаака Любана і Анастасіі Калеснікавай разышліся. А песня жыве і зараз. Яна гучыць у выкананні сучасных артыстаў, нібыта лірычны помнік прыгожаму глыбокаму пачуццю, якое хвалюе памяць, уяўленне і назаўсёды пасялілася не толькі ў сэрцы герояў гэтай гісторыі, але так і хочацца думаць – у Сусвеце.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: